Мацкевіча затрымалі 19 чэрвеня ў лесе паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёну каля ракі Моўчадзі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён вывесіў «палатно бел-чырвона-белага колеру на намёце».
Справу разглядала судзьдзя Натальля Лобан.
Таксама ў судзе Дзятлаўскага раёну затрымалі сяброўку Мацкевіча Ірыну Трафімік, якая прыехала яго падтрымаць на суд. У перапынках на судовым паседжаньні Ірына абуралася тым, што судзяць яе сябра, але абразаў ці лёзунгаў не выказвала.
Паводзіны Трафімік не спадабаліся намесьніку начальніка Дзятлаўскага РАУС Уладзімеру Сьвятоху. Міліцыянт паведаміў, што яе затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэньне, артыкул невядомы. У Ірыны двое непаўналетніх дзяцей.