Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі абвалілі цэны на сувэрэнныя эўрааблігацыі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Новыя санкцыйныя меры ў дачыненьні да шэрагу беларускіх кампаній і фізычных асобаў прывялі да істотнага падзеньня цэнаў на суверэнныя эўрааблігацыі Беларусі.

Як паведамляе фінансавы партал Cbonds, індыкатыўныя цэны пяці выпускаў эўрааблігацый за 21 чэрвеня зьнізіліся больш як на 300 базісных пунктаў: эўрааблігацыі 2023 году прадэманстравалі зьніжэньне індыкатыўных цэнаў пагашэньня на 311 базісных пунктаў, 2026 году — на 373, 2027 году — на 314, 2030 году — на 368, 2031 году — на 350.

Летась у чэрвені беларускія ўлады разьмясьцілі сярод заходніх інвэстараў два новыя выпускі эўрааблігацый на 1,25 млрд даляраў. Каля 97% набылі буйныя заходнія кампаніі і інвэстыцыйныя фонды.

Як нагадвае БелаПАН, разьмяшчэньнем эўрабондаў улады займаюцца для прыцягненьня сродкаў на рэфінансаваньне выплат па дзярждоўгу. Пачынаючы з 2012 году, на гэтыя мэты Беларусь мусіць выдаткоўваць штогод больш за 3 млрд даляраў. Пікавыя выплаты, паводле Міністэрства фінансаў, працягнуцца як мінімум да 2026 году.

21 чэрвеня Рада Эўразьвязу ўхваліла чацьвёрты пакет санкцый у дачыненьні да ўладаў Беларусі. Новыя санкцыі ўвялі таксама Вялікая Брытанія, ЗША і Канада.

На саміце Эўразьвязу 24 чэрвеня таксама чакаюцца сэктаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Іх сталі рыхтаваць пасьля інцыдэнту з вымушанай пасадкай 23 траўня ў Менску самалёту Ryanair і затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і студэнткі Соф’і Сапегі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG