Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма перадумоваў для датэрміновага продажу беларускіх эўрабондаў», — Мінфін


Міністэрства фінансаў ня бачыць эканамічных перадумоваў для датэрміновага продажу інвэстарамі беларускіх эўрабондаў. Пра гэта заявіла намесьніца міністра Вольга Тарасевіч на круглым стале «Пазыковы рынак Беларусі».

Яна падкрэсьліла, што графік плацяжоў па дзяржаўным доўгу носіць кіраваны характар, сытуацыя з плацёжным балянсам застаецца стабільнай.

Пры гэтым чыноўніца зьвярнула ўвагу на досыць высокую прыбытковасьць беларускіх аблігацый для інвэстараў.

«Беларускія эўрабонды забясьпечваюць інвэстарам высокую даходнасьць ад 5,3% да 7% паводле стану на сярэдзіну сакавіка», — цытуе Вольгу Тарасевіч агенцтва БелаПАН.

З улікам гэтага, дадала яна, ведамства ня бачыць эканамічных перадумоў для распродажу беларускіх эўрабондаў.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі дамагаюцца, каб заходнія інвэстары адмовіліся ад беларускіх эўрабондаў з палітычных прычын.

У лютым Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, якім кіруе Павал Латушка, даслала лісты інвэстфондам, якія летась набылі беларускія эўрааблігацыі на 1,25 млрд даляраў, з просьбай прад’явіць іх да датэрміновага пагашэньня афіцыйным Менскам.

«Грошы ад рэалізацыі аблігацый пайшлі на рэпрэсіі супраць беларускага народу», — адначаецца ў пасланьнях.

Дацкія інвэстфонды ўжо абвясьцілі, што адмовіліся ад беларускіх эўрабондаў. Цяпер Народнае антыкрызіснае кіраваньне мае намер правесьці перамовы з прадстаўнікамі банку Raiffeisen. Папярэдняя згода аўстрыйскага боку ўжо ёсьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG