Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народнае антыкрызіснае кіраваньне» зьвярнулася да інвэстараў: «Грошы за эўрабонды пайшлі на рэпрэсіі»


Павал Латушка, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага кіраваньня».

Кіраўнік ініцыятывы Павал Латушка лічыць, што грошы эўрапейскіх фондаў Лукашэнка пусьціў на здушэньне пратэстаў.

Павал Латушка ў лісьце зьвярнуўся да інвэстыцыйных фондаў, якія перад выбарамі купілі беларускія эўрабонды на 1,2 млрд даляраў.

«Грошы з продажу эўрабондаў пайшлі не на рэфінансаваньне зьнешняга доўгу, як гэта было заяўлена ў праекце эмісіі, а на рэпрэсіі супраць беларускага народу. Да таго ж, на момант эмісіі бондаў у Беларусі ўжо парушалі законы і правы чалавека: саджалі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ў турмы, разганялі мірныя дэманстрацыі, не дапускалі незалежных людзей у склад участковых выбарчых камісій».

Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва хоча, каб інвэстыцыйныя фонды прад’явілі свае эўрабонды да датэрміновага пагашэньня і вярнулі сабе грошы.

Улетку 2020 году 27 інвэстыцыйных фондаў зь Вялікай Брытаніі, Францыі, Швайцарыі, ЗША і іншых краін купілі беларускія эўрабонды. Іх разьмяшчэньнем на рынку бондаў займаліся тры інвэстбанкі: Societe Generale, Citibank і Raiffeisen. Сярод фондаў, якія купілі эўрабонды, шмат вядомых кампаній: Raiffeisen Bank International AG, Deutsche Bank, Goldman Sachs, Morgan Stanley і іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG