Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Героі не паміраюць!». У Кіеве адбылася акцыя памяці Вітольда Ашурка. ФОТА, ВІДЭА


Акцыя памяці Вітольда Ашурка, Кіеў, 20 чэрвеня 2021
Акцыя памяці Вітольда Ашурка, Кіеў, 20 чэрвеня 2021

У Кіеве некалькі дзясяткаў вымушаных уцекачоў-беларусаў выйшлі на марш, каб ушанаваць памяць палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр 30 дзён таму ў шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах.

Да беларусаў далучыліся і прадстаўнікі некалькіх палітычных рухаў і партый Украіны — парлямэнцкай партыі «Голас», Народнага руху і УНА-УНСО.

Удзельнікі акцыі прайшлі па алеі Герояў Нябеснай сотні, дзе ўсклалі кветкі да помніку загінулых у часе акцыяў пратэсту ў Кіеве ў 2014 годзе. А адтуль праз урадава квартал прайшлі на вуліцы Грушэўскага да помніка Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў 22 студзеня 2014 году ад кулі снайпэра.

Цягам усяго маршруту калёна скандавала «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне», «Героям слава!», «Героі не паміраюць».

Над алеяй герояў Нябеснай Сотні ўдзельнікі акцыі замацавалі вялікі банэр з надпісам-цытатай Вітольда Ашурка: «Ці могуць быць незнаёмыя людзі быць сябрамі? Могуць! Калі яны беларусы!».

Каля помніку Міхасю Жызньнеўскаму арганізатары акцыі агучылі лісты, якія праз Рух салідарнасьці «Разам» даслалі ўдзельнікам маршу сябры і брат Вітольда Ашурка.

«Вітольд Міхайлавіч — сумленны беларус, які марыў жыць у свабоднай Беларусі. У свабоднай Беларусі, дзе паважаюць людзей, дзе людзі самі сябе паважаюць. Вітольд імкнуўся да гэтага і рабіў усё магчымае і немагчымае на гэтым шляху. На жаль, ён загінуў. Наша справа давесьці ўсё, што рабіў Вітольд Міхайлавіч і тыя, хто загінуў, да лягічнага завяршэньня, да перамогі дэмакратыі ў Беларусі», — напісаў Андрэй Ашурак, брат Вітольда.

Сябры і сваякі Вітольда Ашурка ў сваіх зваротах падзякавалі ўкраінскаму народу за падтрымку Беларусі.

Народная дэпутатка Ўкраіны Юлія Кліменка, якая ўваходзіць у склад міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўляе фракцыю «Голас», лічыць сымбалічным, што беларусы, ушаноўваючы памяць Вітольда Ашурка, прыйшлі на месца гібелі Міхася Жызньнеўскага.

«Мы павінны ведаць, памятаць і заўсёды паўтараць, што гэта — нашые героі і іхны прыклады і сьмерць недарэмныя — яны зьяўляюцца шляхам да волі і дэмакратыі», — сказала Юлія Кліменка.

Народная дэпутатка Ўкраіны Юлія Кліменка
Народная дэпутатка Ўкраіны Юлія Кліменка

Дэпутатка нагадала, што парлямэнт Украіны не прызнае Аляксандра Лукашэнку як законна выбранага прэзыдэнта.

Пра сьмерць Вітольда Ашурка родным паведамілі сёлета 21 траўня. Прычынай назвалі спыненьне сэрца. Па словах сваякоў, у Вітольда ніколі не было праблем з сэрцам. Сваякі ня вераць у натуральную сьмерць Вітольда. Крымінальную справу па факце сьмерці вязьня ў калёніі дагэтуль не завялі.

Вітольда Ашурка затрымалі летась 19 верасьня за ўдзел у пратэстах. Спачатку каля месяца ён сядзеў па адміністрацыйных справах, потым на яго завялі крымінальную справу за «арганізацыю пратэстаў» і «гвалт над міліцыянтам». Яго асудзілі на 5 гадоў калёніі. 21 красавіка яго перавялі ў шклоўскую калёнію. Апошні ліст, які блізкія атрымалі ад Вітольда, датаваны 23 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG