Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне не патрэбная літасьць ворагаў». Пра што пісаў Вітольд Ашурак у апошніх лістах


Вітольд Ашурак

Палітвязень Вітольд Ашурак, які нечакана памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі, за месяц да сваёй сьмерці пісаў пра сустрэчу ў турме з жонкай, цяжкі этап наперадзе і «некіношныя» ўмовы ў карцары, куды ён трапіў за беларускую мову. Публікуем два лісты, якімі падзяліліся нашыя чытачы.

Без адказу заставалася 27 лістоў

Лісты ад Вітольда перасталі прыходзіць сваякам і сябрам у апошні месяц, акурат зь ягоным пераводам у шклоўскую калёнію 21 красавіка. З новага месца зьняволеньня ён яшчэ пасьпеў напісаць жонцы і сяброўцы. Тады беларусы даведаліся зь ягонага ліста пра жоўтыя нашыўкі для «палітычных» у калёніі № 17.

Ці нехта атрымліваў ад Ашурка паведамленьні са Шклова пасьля гэтага, невядома. Чаму ён не пісаў нічога цэлы месяц да сваёй сьмерці, таксама пакуль няясна. Тыя, хто ліставаўся зь Вітольдам, адзначалі, што ягоныя лісты прыходзілі досыць хутка, пісаў ён шмат, пакуль сядзеў і ў Лідзе, і ў Горадні.

Вядома, што перад этапам з Горадні ў Шклоў у Ашурка заставалася 27 неадказаных лістоў. Ён перадаваў сяброўцы, каб людзі не турбаваліся — ён усім адкажа. Ва ўсіх лістах ён дадаваў «Жыве Беларусь!», і цэнзура гэта прапускала.

«Пераезд можна параўнаць са стыхійным бедзтвам»

Ліст Вітольда Ашурка Кацярыне Талочцы, датаваны 15 красавіка 2021 году.

«Вітаю вас, паважаная Кацярына!

Зь вялікім задавальненьнем атрымаў ваш ліст. Са зьдзіўленьнем адзначыў для сябе, што мой адказ на ваш ліст не дайшоў! Я добра памятаю, што пісаў вам адказ і перадаваў прывітаньні вашым хатнім гадаванцам Шэльме і Джэкману!

Так што прашу вас не злавацца на мяне.

Што тычыцца мяне, то жыцьцё маё ў турме ня вельмі багатае на падзеі! Бывае, што праходзіць некалькі дзён, а нічога наогул не адбываецца.

Як вы заўважылі, на дадзены момант я чакаю „пераезду“ ў калёнію. Пераезды і ў звычайным жыцьці рэч ня вельмі прыемная, а ў турме, дзе ты нічога не кантралюеш, дык і ўвогуле пераезд можна параўнаць са стыхійным бедзтвам! І безумоўна, што самае непрыемнае — бясконцыя шмоны. Напрыканцы акуратна складзеная ў дарогу сумка нагадвае бамжацкую торбу, дзе кожная рэч ляжыць дагары нагамі.

Пазаўчора да мяне на „сьвіданку“ прыяжджала мая жоначка Вольга. Прыемна было яе пабачыць і пагаварыць. Дзьве гадзіны праляцелі як пяць хвілін! Не паверыце, шаноўная Кацярына!))) Толькі рука забалела трымаць тэлефонную трубку.) Напрыканцы папрасіў жонку наступным разам захапіць з сабою скотч, каб прывязаць тэлефон да галавы!))) Карацей, жартавалі і рагаталі на ўсю турму!

Зь іншых адметных падзей — сьвяткаваньне Вялікадня ў карцары. Зразумела, што гэта выйшла не наўмысна. Я наконадні пасварыўся з адным ня надта разумным чалавекам. Ён зьдзекаваўся зь беларускай мовы, і я ня мог прамаўчаць. Узьнікла сварка, і ўрэшце я атрымаў 5 сутак арышту.

Халера яго бяры, з гэтым арыштам! Але і ўмовы не кіношныя. Проста пустая камэра зь мінімумам асабістага адзеньня і рэчаў. Ды матрац толькі на час сну. А так — звычайны стан арыштанта.

Самота мяне не палохае. Я нават і ўдзячны адміністрацыі, што падчас Велікодных сьвятаў я атрымаў рэдкую магчымасьць пабыць сам-насам са сваімі думкамі, упарадкаваць іх, пераасэнсаваць апошнія падзеі...

Адзінае, што правілы не дазваляюць пакідаць у карцары малітоўніка, то я маліўся па памяці.

А як вы пажываеце, шаноўная Кацярына? Ці ўсё добра ў вас? Ведаю, што ня мне адному вы дасылаеце лісты салідарнасьці. Дзякуй вам, шаноўная! Вы маеце вялікае сэрца патрыёта.

Вельмі шкадую, што наш шалёны час вымагае ад нас быць пільнымі, бо вораг імкнецца дыскрэдытаваць ідэю салідарнасьці і пасварыць нас адно з адным. Гэта вельмі сумна. Але я перакананы ў тым, што наш розум, нашая ідэя нарэшце пераможа! Бо я бачу ў вашай асобе чыстага чалавека, які ні ў якім разе ня здрадзіць сваім перакананьням.

Калі я прыеду ў калёнію, то абавязкова адпішу вам! Моцна-моцна абдымаю вас, шаноўная пані Кацярына! Перадаю прывітанкі вашым гадаванцам Джэкману і Шэльме!

З павагай да вас, Вітольд.

15.04.2021

Жыве Беларусь!

P.S. Будзь пільнай!»

«Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. Бо з намі Бог»

Ліст ад Вітольда Ашурка Ганьне, датаваны 13 красавіка 2021 году.

«Вітаю вас, паважаная Ганна!

Прабачце за тое, што замарудзіў з адказам, бо з 03.04 па 08.04 адбываў дробнае пакараньне ў карцары і ня меў магчымасьці адпісаць вам. Але зараз усё ўсталявалася.

Адзначу, што мне было прыемна атрымаць ваш ліст і малюнак. Адразу відно, што маеш справу з творчай асобай! Увогуле, зазначу, што ў наш час эпісталярны жанр (і ўвогуле, шырэй — эпісталярная культура) напаткалі прыемныя зьмены. Ён узбагаціўся прыемнымі дробязямі — адмысловай паперай, малюнкамі, налепкамі, маркамі, цікавымі тэматычнымі канвэртамі і інш.

30 гадоў таму, калі я служыў у войску і актыўна карыстаўся ліставаньнем, нічога гэтага не было. Нават смайлікаў :))) Лісты выкарыстоўваліся як сродак перадачы інфармацыі. Цяпер ня тое!)) Зараз разам з інфармацыяй мы шырока выкарыстоўваем новыя сродкі (і „фішачкі“!), каб перадаць ня толькі інфармацыю, але і наш настрой, і нашыя пачуцьці. Гэта выдатна!

Сёньня мне прынесьлі паперу, што маю апэляцыю не задаволілі. Гэта азначае, што хуткім часам мяне перавядуць у калёнію. Я зусім ня меў ілюзіі наконт людзкасьці судоў і тым больш не прасіў і не спадзяваўся на літасьць. Мне і не патрэбная літасьць ворагаў, якіх я маюся перамагчы!

Мая задача палягала ў тым, каб як мага даўжэй заставацца ў горадзенскай турме і дапамагаць „палітычным“, якія трапляліся мне. Збольшага я сваю задачу выканаў. Цяпер пасьля 18 красавіка мяне накіруюць на месца „адседкі“. Будзем бачыць, як там будзе далей. Але я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. Бо з намі Бог!

Сёньня 13 красавіка, і зноў за вакном непагадзь. ))) Гэтыя вясновыя „арэлі“ з пацяпленьнем і пахаладаньнем вельмі сымбалічныя для нас сёньня. Усе мы прагнем сонца і цяпла, але зіма яшчэ чапляецца сваімі сінімі пазногцямі і ня хоча сыходзіць. Але час на нашым баку. )))

Я перакананы, што мы вытрымаем усе выпрабаваньні і вы вернецеся да сваіх любімых заняткаў у галіне мастацтва! Дарэчы, ваш малюнак мне вельмі спадабаўся. Дай Бог здароўя вам і вашай сям’і! Беражыце сябе, калі ласачка!

З павагай да вас, Вітольд.

13.04.2021

Жыве Беларусь!»

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

Пазьней улады апублікавалі кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка. Запіс выклікаў шматлікія пытаньні ў родных, сяброў, лекараў і былых палітвязьняў, якія знаёмыя з умовамі ўтрыманьня ў шклоўскай і падобных калёніях.

25 траўня сваякі Ашурка атрымалі ў Шклове цела памерлага. У Вітольда была забінтаваная галава ад макаўкі да носа.

У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці пазначана, што прычына неўдакладненая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG