Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што здолелі дамовіцца Байдэн і Пуцін? Камэнтуе прафэсар з ЗША


Пра што здолелі дамовіцца прэзыдэнты ЗША і Расеі? Ці стала прадметам перамоваў беларускае пытаньне? Наконт чаго Байдэн і Пуцін засталіся нязгоднымі паміж сабой?

На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штату Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.

Карабкоў

  • Сустрэча прайшла без сэнсацыяў. І гэта сама па сабе сэнсацыя.
  • У шэрагу пытаньняў яны дамовіліся, а шэраг пытаньняў яны дамовіліся абысьці.
  • Гэта даволі непрыемная навіна для Ўсходняй Эўропы і шэрагу постсавецкіх краінаў.
Андрэй Карабкоў
Андрэй Карабкоў
  • Блёк пытаньняў, у якіх зроблены крокі насустрач адзін аднаму — гэта ядзернае раззбраеньне, падыход да перамоваў, якія будуць ахрышчаныя перамовамі аб стратэгічнай стабільнасьці.
  • Другі пункт судакрананьня пазыцыяў — гэта нераспаўсюджаньне ядзернай зброі, іранская ядзерная ўгода, КНДР.
  • Яшчэ адно пытаньне, у якім прасунуліся — гэта кібэрбясьпека.
  • Падзеі нават апошніх тыдняў паказалі, наколькі разбуральныя наступствы могуць мець хакерскія атакі.
  • Байдэн неаднаразова казаў, што хакерскія атакі на ЗША былі зробленыя з Расеі, але не расейскімі ўладамі.
  • Але было заяўлена: калі высьветліцца, што за гэтым стаялі расейскія ўлады, то будуць прынятыя жорсткія захады.
  • Паездка Байдэна ў Эўропу, яго сустрэчы і заявы ў Эўропе сьведчаць пра тое, што ягоны курс стаў шмат у чым паўтараць палітыку Трампа.
  • Першае — гэта трактоўка Кітая, як галоўнай пагрозы.
  • Ён ціснуў на эўрапейцаў, каб яны гэтую палітыку, хаця яна ня блізкая Эўропе геапалітычна і балючая эканамічна.
  • Другое — тое, што гэтая адміністрацыя пачала дыфэрэнцыяваную палітыку адносна краінаў Эўропы.
  • Тое, што адбылося ў апошнія тыдні — саступка Нямеччыне ў пытаньні «Паўночнага патоку – 2», паказала, што Байдэн вельмі зацікаўлены ў аднаўленьні добрых стасункаў з эўрапейскімі структурамі і вядучымі эўрапейскімі краінамі.
  • Байдэн «здаў» Украіну, даўшы згоду на «Паўночны паток – 2».
  • Байдэн сказаў, што асноўная праблема Ўкраіны — гэта карупцыя ўкраінскіх чыноўнікаў.
  • Гэта вельмі непрыемны сыгнал.
  • Завяршэньне будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» — гэта праблема ня толькі Ўкраіны, гэта праблема і Беларусі, і Польшчы, і краінаў Балтыі.
  • ЗША паказваюць, што яны вяртаюцца ў Эўропу, што разглядаюць эўрапейцаў як раўнапраўных партнэраў, але некаторыя зь іх, як у Оруэла, раўнейшыя за іншых.
  • Робяцца жэсты ў бок немцаў, французаў, брытанцаў.
  • Пуцін даў зразумець, што пытаньні дысыдэнцкага руху ў Расеі, ды і ў Беларусі, — гэта ўнутранае пытаньне Расеі, прычым пытаньне бясьпекі.
  • Ён некалькі разоў падчас прэсавай канфэрэнцыі паўтарыў, што разглядае гэтыя рухі як замежных агентаў.
  • Ён шчыра верыць, што пратэсты ў Беларусі і Расеі былі падтрыманыя з-за мяжы.
  • Упэўнены, што гэтак жа сама ён размаўляў і з Байдэнам.
  • Байдэн — чалавек спрактыкаваны, ён ведае, дзе яго мэтаў можна дасягнуць, а дзе не.
  • Галоўная яго мэта — гэта спыніць Кітай.
  • Таксама вельмі важнае пытаньне — канкурэнцыя ў Арктыцы. Ён у гэтым пытаньні будзе ціснуць на эўрапейцаў і спрабаваць дасягнуць пагадненьня з Расеяй аб гэтым.
  • Ён усьведамляе, што выход амэрыканцаў з Аўганістану, які ён ініцыяваў, можа прывесьці да палітычнага вакуўму ў рэгіёне, і будзе спрабаваць супрацоўнічаць з РФ у Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі.
  • Эўрапейцы ў цэлым задаволеныя, адносіны неяк нармалізуюцца, ёсьць база для перамоваў у ядзернай сфэры.
  • І адначасна эўрапейцы, асабліва Ўсходняя Эўропа, глядзяць з напружанасьцю на хаду перамоваў.
  • Амэрыканскія прыярытэты, як гэта было і пры Трампе, пачынаюць аддаляцца ад эўрапейскіх.
  • Байдэн адышоў ад жорсткага стылю, які казаў эўрапейцам, што яны не партнэры, а кліенты.
  • Байдэн выступае ў ролі «добрага сьледчага».
  • Пуціна прызналі роўным, зь ім гатовыя ісьці на нейкія перамовы.
  • Байдэну важна было паказаць, што ён не праявіў мяккацеласьці.
  • Заява пра стратэгічную стабільнасьць — гэта пачатак перамоваў пра СНВ-4, спроба абмежаваць гонку ўзбраеньняў у Арктыцы і падключыць да перамоўнага працэсу Кітай.

Што было раней

  • 16 чэрвеня ў Жэнэве адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
  • На прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту Пуцін сказаў, што на ім загарэліся «бліскавіцы даверу».
  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб вяртаньні неўзабаве амбасадара ЗША ў Маскву і расейскага амбасадара ў Вашынгтон.
  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб пачатку кансультацый наконт кібэратак і кібэрбясьпекі.
  • На пытаньне CNN пра Аляксея Навальнага Пуцін адказаў, што Навальны сам, пэўна, хацеў, каб яго арыштавалі.
  • Байдэн на сваёй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што адной з тэмаў на саміце ў Жэневе была сытуацыя ў Беларусі. «Я падзяліўся нашай заклапочанасьцю наконт Беларусі. Ён ня стаў не згаджацца з тым, што здарылася, у яго проста іншы погляд на тое, што з гэтым рабіць», — сказаў Байдэн.
  • Паводле Байдэна, ЗША і Расеі неабходна дамовіцца аб правілах гульні ў стратэгічных пытаньнях, у тым ліку аб стратэгічнай стабільнасьці і кантролі над узбраеньнямі.
  • Паводле прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, жэнэўскі саміт паказаў, што «зблізіць пазыцыі па Беларусі немагчыма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG