Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі разумеюць, што ў Беларусі ня будзе больш антызаходняга лідэра, чым Лукашэнка, — расейскі палітоляг


Карыкатура на Лукашэнку на мітынгу ў падтрымку Беларусі ў Кіеве, 28 траўня 2021 г.
Карыкатура на Лукашэнку на мітынгу ў падтрымку Беларусі ў Кіеве, 28 траўня 2021 г.

Расейскі палітоляг Аляксандар Баўнаў, галоўны рэдактар Carnegie.ru, кажа, што не чакае радыкальных рашэньняў ад сустрэчы Пуціна і Байдэна, ацэньвае пэрспэктывы саюзу Расеі і Кітаю і тлумачыць, чаму Лукашэнка цалкам прымальны для Крамля

Сьцісла:

  • Амэрыканскія пахвалы і папрокі ўжо не працуюць у выпадку з Пуціным.
  • Занепакоенасьць Амэрыкі тым, што адбываецца з расейскім народам, моцна перабольшаная
  • Саюз Расеі і Кітаю — зьвяз без аніякіх абавязаньняў.
  • «Чым больш Захад нападае на Лукашэнку, тым больш Лукашэнка становіцца прымальным для Крамля».
  • Цяпер, калі Лукашэнка пасварыўся з Захадам, яго прасьцей кантраляваць.

— Напярэдадні саміту Байдэн — Пуцін часам гучаць даволі завышаныя чаканьні, што адбудзецца ледзь ня новы перадзел сьвету, нешта грандыёзнае ў стылі «шахматнай дошкі» Бжэзінскага. Чаго вы чакаеце ад гэтай сустрэчы?

Аляксандар Баўнаў
Аляксандар Баўнаў

— Я ніякіх завышаных чаканьняў не сустракаў, ні пра якую «ўгоду» не чытаў і ні пра якую новую шахматную дошку ня чуў. Людзі ў маім полі зроку так не разважаюць. Часьцей я сустракаю нейкую незадаволенасьць Байдэнам — маўляў, навошта ён сустракаецца з Пуціным. Але пэўна, што ніхто не чакае нейкіх лёсавызначальных рашэньняў і зьменаў у выніку гэтай сустрэчы.

— Ці вызначылася палітыка адміністрацыі Байдэна стасоўна Расеі за першыя паўгода ягонага прэзыдэнцтва? Чым яна адрозьніваецца ад палітыкі адміністрацыі Трампа?

— У Трампа быў пэўны погляд на Расею як на краіну, якая, з аднаго боку, перашкаджае рэалізацыі амэрыканскіх інтарэсаў у розных пунктах сьвету, зь іншага боку — у Трампа быў вельмі «камэрцыйны» падыход да замежнай палітыкі. Расея — не галоўны канкурэнт ЗША ў эканоміцы, у гандлі, і таму Расея ня вартая вялікіх выдаткаў. Варта траціць грошы роўна ў тых пунктах, дзе адбываецца процістаяньне расейскіх і амэрыканскіх інтарэсаў. Але трэба прызнаць, што такі трампаўскі падыход быў усё ж выключэньнем, якое ўвогуле не сустракалася ў амэрыканскай палітыцы з другой паловы XX стагодзьдзя.

— А зараз вярнуўся падыход ідэйны, каштоўнасны?

— Увогуле ЗША — ідэйная краіна, яна прапаноўвае каштоўнасьці, якія павінны так ці іначай падзяляць і іншыя . Хоць часам і робіць выняткі для пэўных сваіх хаўрусьнікаў. Але амэрыканскія пахвалы і папрокі ўжо не працуюць у выпадку з Пуціным. На пачатку ягонага прэзыдэнцтва працавалі, але пасьля перасталі — у тым ліку таму, што гэтыя папрокі ці пахвалы выдаваліся ня столькі ў залежнасьці ад нейкіх рэальных дзеяньняў Расеі, колькі з унутрыамэрыканскіх меркаваньняў. Дакладнасьць крытэрыяў была размытая.

Па меры адмовы Расеі ад клясычнай заходняй мадэлі Масква перастала рэагаваць і на папрокі, і на пахвалы Захаду. Гэта не працуе.

— А чаго б хацеў сёньняшні Крэмль ад ЗША? Гэта проста жаданьне сказаць ім — «адчапіцеся ад нас, дазвольце нам рабіць з уласным народам, з апазыцыяй усё, што мы захочам»? Ці нешта большае?

— Я думаю, што занепакоенасьць Амэрыкі тым, што адбываецца з расейскім народам, моцна перабольшаная. Ці квітнее расейскі народ, ці мае ён дабрабыт, ці ёсьць у яго пачуцьцё ўласнай годнасьці — большасьць амэрыканцаў гэта мала хвалюе. Амэрыканскі стратэгічны падыход палягае ў тым, што «мы ў прынцыпе папракаем усіх тых, хто не захоўвае дэмакратычныя свабоды і правы грамадзянаў, асабліва калі гэта ня нашы саюзьнікі».

Амэрыканцы лічаць, што яны змагаюцца за сваю краіну, за яе ўплыў у сьвеце, бо яна — увасабленьне найлепшага на Зямлі спосабу дзяржаўнага ўладкаваньня. Вы хочаце, каб самай моцнай дзяржавай на Зямлі была аўтарытарная кепская дзяржава — ці дэмакратычная? Таму барацьба за сусьветны ўплыў і свае інтарэсы супадае з барацьбой за правы і свабоды ў іншых дзяржавах і зьяўляецца часткай амэрыканскай замежнай палітыкі.

— Калі паглядзець, умоўна кажучы, перадачы Салаўёва ці Кісялёва, то госьці гэтых праграм праводзяць думку, што ЗША хочуць адарваць Расею ад саюзу з Кітаем, бо ЗША ня вытрымаюць процістаяньня адразу зь дзьвюма гэтымі дзяржавамі. Наколькі такі наратыў уласьцівы і для Крамля? Ці гэта толькі прапаганда на публіку? Ці можа сёньняшняя Расея быць разам з Кітаем у сур’ёзнай антызаходняй зьвязцы?

— Шчыра кажучы, зусім не ўяўляю, што адбываецца на гэтых перадачах. Я перакананы, што Крэмль зусім не зьбіраецца зьліцца ў адзінай зьвязцы з Кітаем. Але ў пэўных сытуацыях ён можа аказацца ў ролі «малодшага брата» Кітая.

Кітай ніколі не ўжывае слова «саюзьнік», «саюзьніцтва» ў дачыненьні да Расеі. А Крэмль зусім нядаўна, літаральна апошні год стаў ужываць гэтае слова — «саюзьніцтва». Але ў любым выпадку гэта саюз без абавязаньняў, гэта ня NATO. Бакі проста сталі лічыць ворагаў адзін аднаго сваімі ворагамі.

Так што калі гэта і «саюз», то вельмі своеасаблівы. Пабудаваны прагматычна паміж дзяржавамі, якія хочуць адваяваць ад Захаду для сябе большую долю сусьветнай прасторы. Але гэта саюзьніцтва бязь нейкага самаахвяраваньня. У адрозьненьне ад Захаду, NATO, дзе ЗША фактычна самастойна забясьпечваюць ваенную бясьпеку сваіх саюзьнікаў па блёку. У гэтым сэнсе ані Расея, ані Кітай адзін аднаго не абараняюць. У гэтым «саюзе» ёсьць відавочная няроўнасьць эканомік, але гэта не азначае нейкага падпарадкаваньня. Бо гэта, паўтаруся, саюз без аніякіх абавязаньняў.

— У Беларусі шмат абмяркоўваюць, што прэзыдэнты ЗША і Расеі могуць прыйсьці да нейкага кансэнсусу наконт Лукашэнкі. Прытым гэты кансэнсус можа быць ня вельмі прыемным для кіраўніка Беларусі. Як вы ставіцеся да рэалістычнасьці такога разьвіцьця падзеяў?

— Чым больш Захад нападае на Лукашэнку, тым больш Лукашэнка становіцца прымальным для Крамля. Вядома, што Пуцін ня любіць Лукашэнку. І пры іншых абставінах, магчыма, Крэмль аддаў бы перавагу іншаму чалавеку альбо такой сыстэме, пры якой усе рашэньні не залежалі б ад аднаго чалавека. Але такую сыстэму не ўдалося стварыць проста таму, што Лукашэнка не дазволіў гэтага зрабіць.

У Расеі разумеюць, што ня будзе больш антызаходняга лідэра Беларусі, чым Лукашэнка, і гэта гарантыя таго, што Беларусь ня выйдзе з АДКБ і «саюзнай дзяржавы». Лукашэнка быў майстрам балянсаваньня паміж Масквой і Захадам, але цяпер, калі Лукашэнка пасварыўся з Захадам, яго прасьцей кантраляваць. Зь цягам часу Крэмль можа ўсур’ёз задумацца пра нейкую іншую канфігурацыю ўлады ў Беларусі, пра канстытуцыйную рэформу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG