Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вушачы пачалі мантаж помнікаў Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. ФОТА


Вушача. Пачатак усталяваньня помнікаў Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну
Вушача. Пачатак усталяваньня помнікаў Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну

У цэнтры Вушачы на Віцебшчыне ўсталёўваюць бюсты выбітных нараджэнцаў гэтых мясьцінаў — літаратараў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Абодва — ганаровыя грамадзяне Вушацкага раёну.

Арганізацыйныя высілкі ўзяў на сябе грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка. У ягоным актыве цэлы шэраг рэалізаваных праектаў дзеля ўшанаваньня памяці выбітных гістарычных постацяў, у тым ліку манумэнт Тадэвушу Касьцюшку ў Мерачоўшчыне, валун на магіле Рыгора Барадуліна, іншыя помнікі і барэльефы.

Пастамэнты помнікаў аўтарства Ігара Засімовіча
Пастамэнты помнікаў аўтарства Ігара Засімовіча

Аўтар помнікаў вушацкім творцам — вядомы беларускі скульптар Ігар Засімовіч, зь якім у Глеба Лабадзенкі даўняя і плённая супраца.

Рэалізацыя праекту прымеркаваная да дня нараджэньня народнага пісьменьніка Васіля Быкава, які будзе адзначацца празь некалькі дзён, 19 чэрвеня.

Летась Глеб Лабадзенка абвясьціў збор сродкаў на выраб помнікаў, іх дастаўку і мантаж. Тады ж ён атрымаў дазвол ад Вушацкага райвыканкаму паставіць бюсты ў цэнтры гораду.

Падрыхтоўка пляцоўкі для помнікаў
Падрыхтоўка пляцоўкі для помнікаў

Васіль Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне 19 чэрвеня 1924 году. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Двойчы паранены. Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у горадзенскіх майстэрнях. Аднак у 1949-м яго зноў прызвалі ў войска, дзе ён праслужыў яшчэ 6 гадоў і толькі ў 1955-м звольніўся ў запас.

Працаваў літсупрацоўнікам газэты «Гродзенская праўда», сакратаром абласнога аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня». У 1978 годзе пераехаў у Менск, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, з 1989-га — народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны кіраўніком Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Народны пісьменьнік БССР.

Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пачаліся нападкі на Быкава, цягам некалькіх гадоў літаратар жыў у Фінляндыі, Нямеччыне і Чэхіі. Вярнуўся на радзіму за месяц да сьмерці 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на сталічных Усходніх могілках.

Элемэнты помніка перад замацаваньнем
Элемэнты помніка перад замацаваньнем

Рыгор Барадулін, сябра і аднадумца Васіля Быкава, нарадзіўся на хутары Верасоўка пад Вушачай 24 лютага 1935 году. Пасьля школы вучыўся на філялягічным факультэце БДУ, працаваў рэдактарам у розных газэтах і выдавецтвах. У сярэдзіне 1980-х у складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР браў удзел у сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага ПЭН-цэнтру, сябра Сойму БНФ, быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса. Апошні, хто атрымаў званьне народнага паэта Беларусі.
Памёр 2 сакавіка 2014 году. Пасьля адпяваньня ў Чырвоным касьцёле ў Менску Рыгора Барадуліна пахавалі на радзіме побач з магілай маці, як таго і жадаў паэт.

Скульптар Ігар Засімовіч падчас асьвячэньня помніка Рыгору Барадуліну на Бутаўскіх могілках, архіўнае фота
Скульптар Ігар Засімовіч падчас асьвячэньня помніка Рыгору Барадуліну на Бутаўскіх могілках, архіўнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG