Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удаве Барадуліна адключалі электрычнасьць. У сацсетках арганізавалі дапамогу — сьвятло вярнулі

абноўлена

Партрэт Рыгора Барадуліна

У менскай кватэры ўдавы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў ліпені адключылі электрычнасьць за нясплату. Запазычанасьць за сьвятло складае 917 рублёў, напісаў у сваім фэйсбуку Глеб Лабадзенка.

Абноўлена, 17:15: Лабадзенка паведаміў на Facebook, што сьвятло ўключылі. За вырашэньне пытаньня ён падзякаваў кіраўніцтву менскага Энэргазбыту і ўсім, хто дапамог пагасіць запазычанасьць.

Валянціна Барадуліна (у цэнтры) на адкрыцьці мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін
Валянціна Барадуліна (у цэнтры) на адкрыцьці мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін

Інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе ў даведцы РУП «Мінскэнэрга». Электрычнасьць адключылі з паказаньнямі 78785 кілават-гадзіны.

Карыстальнікі сацсетак заклікалі дапамагчы сплаціць запазычанасьць онлайн праз сыстэму АРІП ці на пошце. Рэквізыты тут.

Архіўнае фота. Валянціна Барадуліна на арт-плэнэры на радзіме народнага паэта ў Вушачах, здымак 2015 году
Архіўнае фота. Валянціна Барадуліна на арт-плэнэры на радзіме народнага паэта ў Вушачах, здымак 2015 году

Якую запазычанасьць ужо пакрылі, невядома — плацяжы адлюстроўваюцца не адразу.

«Калі нешта пераплацяць, гэта ня страшна. Таму што мы ня ведаем, як далей будзе разьвівацца сытуацыя, каб яна не паўтарылася зноў», — сказала Свабодзе Эла Дзьвінская, якая апякуецца Валянцінай Барадулінай.

Дзьвінская разам з другой жанчынай прыносіць Валянціне Міхайлаўне гарачую ежу. Кажа, сытуацыя не адбілася на самаадчуваньні ўдавы народнага паэта.

«Яна так [пачуваецца] звычайна. Слабей і слабей трошкі, ну нармальна па хаце рухаецца. Як бы так ня страчвае прысутнасьці духу, яна такая аптымістка па натуры. І гэта не адбілася на яе самаадчуваньні, таму што ўвесь час мы да яе прыходзім, вось і яшчэ адна жанчына, і прыносім ёй ежу. Мы яе запэўнілі, што дапаможам. Яна трошкі супакоілася і не губляе прысутнасьць духу».

Дзьвінская кажа, што ў далейшым Валянціне Міхайлаўне спатрэбіцца і іншая дапамога і просіць ахвотных пакінуць свае кантакты праз фэйсбук.

Уладзімер Караткевіч (першы зьлева), Рыгор Барадулін (другі зьлева), Валянціна Барадуліна (першая справа) на ганку роднай хаты Янкі Купалы ў Вязынцы. Здымак 1957 году
Уладзімер Караткевіч (першы зьлева), Рыгор Барадулін (другі зьлева), Валянціна Барадуліна (першая справа) на ганку роднай хаты Янкі Купалы ў Вязынцы. Здымак 1957 году

Валянціна і Рыгор Барадуліны пражылі разам 53 гады. Народны паэт памёр 2 сакавіка 2014 году ў сваёй кватэры ў Менску ад шматгадовай хваробы Паркінсона.

Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (у 1992 годзе). У 2006 годзе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG