Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы Барадулін — пра каханьне і стрыптыз, гарадавога і габрэяў


Рыгор Барадулін, архіўнае фота 2005 году

20 запісаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна зь дзёньнікаў 1989–1991 гадоў, апублікаваных у выдавецтве «Кнігазбор».

Пра каханьне і стрыптыз, гарадавога і габрэяў, Парыж і Вушачу, невядомых графаманаў і прызнаных клясыкаў. А яшчэ — безьліч раней не друкаваных бліскучых эпіграмаў, узрушлівых паэтычных водгукаў на злабадзённасьць і (!) найшчымлівейшых вершаў, прысьвечаных N. Усё гэта — у пятым томе дзёньнікаў Рыгора Барадуліна, які толькі што пабачыў сьвет у выдавецтве «Кнігазбор».

Першы выпуск дзёньнікаў і запісаў Барадуліна
Першы выпуск дзёньнікаў і запісаў Барадуліна

Пра графаманаў

«Да вечара мучыла мяне адна графаманка. За ўсю размову хоць жывое слова сказала: „Сíвераю я, незамужам“. За гэта сíвераю варта было слухаць 3 гадзіны лухты».

Пра духаў і мову Расеі

«У Расеі і царскай, і цяперашняй дух гораду, гарадзкі дамавік — гарадавы (цяпер участковы). Яшчэ духі — дамушнікі, навушнікі-стукачы. Увесь расейскі набор, чым узбагачаецца вялікая расейская мова».

Пра стрыптыз

«Па дажджовай Варшаве. Вячэра са стрыптызам. Меў рацыю парторг — мярзотнае відовішча».

Пра дзяржаўнае выдавецтва

«Лятучка. Гаварыльня. Выдавецтва, дзякуючы і цыкоўскаму гадаванцу Валерыку [Грышановічу], і быкалобаму Серафіму паступова, але няўхільна заплывае га..ном, прытым сьмярдзючым. Сьвіньні любяць свой смурод».

Пра Васіля Быкава

Васіль настолькі ўшацкі, што нават яблыкі ўшацкія з мамінага саду мае як вялікі гасьцінец прыняў і з ахвотай кусаў за рулём. Грапштэйн, казаў, у народзе завуць грапштына. За сталом у Нідзе літоўка, якая 3 гады была вэгетарыянкай, цяпер, праверыўшы сябе на характар, перайшла зноў на звычайную ежу. Васіль: «Вэгетарыянства як сацыялізм: крыху паспрабаваўшы, галоўнае — у час пакінуць».

Архіўнае фота. Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў у Полацкім Сафійскім саборы, 1980-я гг
Архіўнае фота. Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў у Полацкім Сафійскім саборы, 1980-я гг

Пра Ўладзімера Караткевіча

«У ім была хлапчукоўская задзірыстасьць усё спасьцігнуць, усё даказаць, усё ўсім паказаць. Да канца дзён заставаўся ён хлапчуком, які хоча сьцьвердзіць сваё, паказаць умельства, нават выхваліцца, вылучыцца з усёй грамады. Невераемная памяць і дасьведчанасьць праз горы прачытанага. Усё спрыяла ягонаму генію. Ён адчуваў, што ён значыць для роднай культуры, што ён застаецца ў ёй поплеч са славутымі імёнамі. Гэта яму шалёная маланка біла ў галаву, каб сьвет зьдзіўляў».

Пра славу

«Ня змог весьці вечар Сыса. Захварэў. Сыс па-свойму зразумеў: не чакаць літасьці ад славы, узяць яе — задача. Але слава — карова рагатая, бадзецца і брыкаецца, бо ўраглівая».

Пра габрэяў

«Бог пусьціў на сьвет габрэяў, каб іншыя народы адчувалі іхнюю перавагу ў розуме, у жыцьцёвых турботах і самі стараліся зрабіцца разумнейшымі, спрытнейшымі, кемлівейшымі. А народы гэтыя часьцей за ўсё ненавідзяць габрэяў толькі за адно ўжо тое, што габрэі разумнейшыя. І рух нейкі атрымліваецца, і гэтых нікчэмных звадаў не заўважаюць народы, як яны тупеюць, зьвярэюць, зноў абрастаюць поўсьцю і мíжвалі задам-задам і ў пячору. Вось там яны самыя разумныя, грызучыся між сабой за костку, якую пад старасьць і ўгрызьці няма чым».

Пра роспач

«Калі я шмат працую, адчуваю нейкі прыліў лагоды ўва мне і адліў злосьці, тарапату, мітусьні. Аднаго баюся — адчаю, роспачы — за мной увесь час сочыць адчай, як чорны чалавек; ён некалі можа мяне давесьці да рысы. Баюся яго!»

Рыгор Барадулін, фота Сяргея Шапрана
Рыгор Барадулін, фота Сяргея Шапрана

Пра сны

«Уночы сьнілася, што седзімо з Быкавым і ў абодвух голыя, босыя ногі. У мяне кепскія кіпцюры, а ў Васіля круглыя, круглыя ногі і вялікі кіпцюр, прыгожы, круглы на вялікім пальцы на назе. Потым сьнілася, што выклікалі ў КДБ, калі сказаў, што яны свалата, як і былі, мяне затрымалі. Пакуль не прачнуўся, страшна было. Вясёлыя сны сьняцца вязьню канцлягеру сацыялізму!»

Пра самоту

«Вось мне і 56! Дзякуй Богу за дазвол затрымацца на зямлі гэтай грэшнай маёй душы! Пахадзіў узмор’ем. Атрымаў тэлеграмы зь Менску. Дзякуй усім, хто ўспомніў. Падумаў, можна дажыць і да таго, што ніхто і ня ўспомніць, і будзеш у свой дзень самотны сядзець. З кожным годам мацней і мацней да сэрца горнецца самота. Самая верная з усіх жанчын на сьвеце. Самая сталая, самая ўчэпістая».

Пра апошнюю дарогу

«Чалавек толькі тое і робіць, што абрастае рэчамі найбольш непатрэбнымі. А ў апошнюю дарогу ідзе лёгка апрануты, бязь лішніх цацак, без усіх рэгалій, за якія бальшыня кладзе жыцьцё».

Пра будучыню

«Наша суседка Расея і сама канае, але нас душыць халоднай кашчавай рукой ня толькі вялікадзяржаўнага шавінізму. Маючы такую суседку, пра будучыню можна і ня думаць — яе ня будзе».

Рыгор Барадулін і Міхась Скобла, архіўнае фота
Рыгор Барадулін і Міхась Скобла, архіўнае фота

Пра лецішча на Лысай Гары

«Прыехаў на лехі. Хата безь людзей зьнелюдзела. [...] Памыў сабе двое джынсаў і адны сынтэтычныя штаны. Трохі адшараваў посуд. Патроху ўзяўся за Убайда Раджаба — вершы для „Братэрства“. Абедаў у Тáрасаў, як бабыль».

Пра Парыж

«У Парыж уцягваесься, як у п’янку. І ведаеш, што пасьля будзе блага, бо ня будзе ўсяго гэтага, але п’еш і п’еш. У тваю сьвядомасьць Парыж уваходзіць дужа рана з кніг і пасьля жыве ў табе, вабіць, цьвеліць, уцякаючы, запрашае».

Пра Ўшачу

«Ушача! Раньняя зіма падобная да раньняй вясны. Надвор’е як па заказу. Дарога хутчэй, хутчэй бяжыць дадому. А калі б магла яна прыбегчы ў мінулы дзень, дзе мама мяне чакала. Веташок жыцьця свайго жывеш, чакаючы сустрэчы з мамай. Верыш, што там сустрэнеш».

Пра маці

«Сёньня дзень нараджэньня мамы. З раніцы пайшоў на Бутаўскі магільнік. Дажджыць. Мокрая трава. І гэтакі спакой ля магілы, якога не было ў яе жыцьці ніколі. Хай бы мне сёньняшні розум ды тады, калі жыла мама. Колькі не пачуў, колькі не зразумеў, колькі не запісаў! Відаць, толькі як застаесься адзін, тады разумець пачынаеш маці, разумець самоту сваю, разумець, што толькі адзін чалавек у сьвеце бывае шчыры да цябе, чалавек, які падарыў табе самае дарагое ў сьвеце — жыцьцё, які падарыў разам з жыцьцём сьвет».

Рыгор Барадулін з маці, архіўнае фота
Рыгор Барадулін з маці, архіўнае фота

Пра каханьне

[N.]
Прэч назолу-самоту ганю.
Расстаюся з тваімі лістамі,
Што прыносілі мне цеплыню,
Што ў душы яснатой прарасталі.
Толькі ты, толькі ты, толькі ты
Можаш высьветліць цемру расстаньня.
Адрасата на сьвеце ня стане,
А твае застануцца лісты
Зелянець і шумець пра вясну
На пакручаным дрэве ўспаміну.
Сьвет я са шкадаваньнем пакіну,
Што сустрэў гэтак позна
Адну...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG