Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкалёгія без мэдычнай дапамогі і няясныя пэрспэктывы. Як бацька і сын Кузьнечыкі жывуць у амбасадзе Швэцыі ў Менску


Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, 11 верасьня 2020
Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, 11 верасьня 2020

Адзінаццатага верасьня 2020 году, у разгар масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, двое беларусаў прыйшлі да пасольства Швэцыі ў Менску. Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, бацька і сын, пазванілі ў званок і папрасілі абароны, патлумачыўшы, што іх шукае міліцыя і яны асьцерагаюцца за сваё жыцьцё. Атрымаўшы адмову, яны пералезьлі праз плот і засталіся на тэрыторыі амбасады.

За некалькі дзён да гэтага 47-гадовы Віталь Кузьнечык і яго 29-гадовы сын Уладзіслаў удзельнічалі ў маршы салідарнасьці ў Віцебску: сілавікі павалілі Кузнечыка-старэйшага на зямлю, пачалі зьбіваць і распылілі газ у твар. Уладзіслаў рынуўся ратаваць бацьку, расштурхаў сілавікоў, у выніку абодвум удалося ўцячы.

«Ні разу не шкадаваў аб тым, што я адбіў бацьку ад карнікаў — супрацоўнікаў сілавых структур», — кажа Уладзіслаў Кузьнечык.

«Учынкам сына я ганаруся, я бы сапраўды гэтак жа паступіў. Я думаю, многія б так зрабілі», — кажа Віталь Кузьнечык, чыё зьбіцьцё міліцыянтамі ў верасьні 2020 года трапіла на відэа.

На абодвух мужчын адразу завялі крымінальную справу, па якой ім пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля акцыі пратэсту мужчыны хаваліся некалькі дзён, даведаўшыся, што за іхнымі сваякамі сочаць, бацька і сын накіраваліся да амбасады Швэцыі.

«Нас жа заб’юць»

«Адразу нас не пусьцілі, — успамінае Уладзіслаў. — Можа, не паверылі. Калі мы прыйшлі ў амбасаду, праз дамафон нам сказалі: «Мы вас ня пусьцім». Мы казалі: «Што рабіць? Нас жа забʼюць».

Кузьнечыкі пералезьлі праз плот і схаваліся пад лесьвіцай на тэрыторыі амбасады. Адтуль яны запісалі відэазварот. На той момант да будынку прыехаў АМАП і журналісты.

«Людзей знаходзяць з прабітымі галовамі, павешанымі. АМАП ачапіў амбасаду і чакае, пакуль швэдзкая амбасада выдасьць нас ім. Спадзяюся, што гэтага ня здарыцца», — казаў на відэа Уладзіслаў Кузьнечык.

На той момант у Беларусі было вядома пра гібель у выніку падаўленьня пратэстаў сама меней трох чалавек. Аднаго з дэманстрантаў, Мікіту Крыўцова, знайшлі павешаным у лесе на ўскраіне Менску. Сьмерці яшчэ некалькіх людзей таксама зьвязвалі з рэпрэсіямі супраць нязгодных з фальсыфікацыяй вынікаў выбараў.

Пад лесьвіцай Кузьнечыкі праседзелі да 10 гадзін вечара, затым ім дазволілі зайсьці ў будынак амбасады, адразу папярэдзіўшы, што доўга яны там заставацца ня могуць — у швэдзкім заканадаўстве не прадугледжана працэдура атрыманьня палітычнага прытулку ў амбасадзе.

Літаральна на наступны дзень юрыдычную дапамогу Кузьнечыкам прапанаваў юрыст Вадзім Драздоў, які сам родам зь Беларусі, але жыве ў Эўропе. Для абароны Ўладзіслава і Віталя ён накіраваў ліст спачатку ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, а затым у Камітэт ААН супраць катаваньняў.

«Мы разумеем на сёньняшні дзень, што ў Беларусі па ўсіх палітычна матываваных справах людзей катуюць падчас знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі альбо ім ствараюцца катавальныя ўмовы — умовы, якія мы можам на сёньняшні дзень прыраўноўваць да катаваньняў», — кажа Вадзім Драздоў.

Першага кастрычніка 2020 году Сакратарыят Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека даслаў ліст ад Камітэта супраць катаваньняў па сытуацыі з Кузьнечыкамі. Вадзім Драздоў лічыць, што фактычна гэта абавязвае не выстаўляць Кузьнечыкаў за тэрыторыю амбасады.

«Мы вельмі мала ведаем пра тое, што адбываецца»

Вадзім Драздоў кажа, што ня бачыць, каб швэдзкія ўлады штосьці рабілі для вырашэньня дадзенай сытуацыі.

«Я не выключаю, што пасольства проста чакае — можа, у іх (Кузьнечыкаў) калісьці ня хопіць цярпеньня, і яны добраахвотна выйдуць. Тады ўрад Швэцыі скажа: „Ну мы ж іх не выганялі, яны самі сышлі“. А што потым зь імі адбылося — гэта ўжо зусім іншае пытаньне», — тлумачыць юрыст.

Кіраўнік швэдзкай Арганізацыі падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Марцін Угла спадзяецца, што швэдзкія дыпляматы вядуць сакрэтныя перамовы зь беларускімі ўладамі, каб, да прыкладу, атрымаць гарантыі і вывезьці Кузьнечыкаў у Літву ці Польшчу.

«Але мы вельмі мала ведаем пра тое, што адбываецца, таму што швэдзкія ўлады ўвогуле нічога не гавораць пра гэта. Кажуць, што яны працуюць над вырашэньнем гэтай праблемы, але пра якае вырашэньне ідзе гаворка, мы, вядома, ня ведаем», — кажа швэдзкі праваабаронца.

«Гэта цяпер вельмі важна, каб мы не забыліся пра Беларусь, каб Эўразьвяз і Швэцыя працягвалі дапамагаць людзям, якія цяпер змагаюцца за дэмакратыю, за свабоду, каб гэта было зроблена ня толькі на словах, але і канкрэтнымі дзеяньнямі», — кажа Угла.

Тэлеканал «Настоящее время» адправіў запыт у МЗС Швэцыі і атрымаў такі адказ: «Мужчыны без запрашэньня і дазволу праніклі на тэрыторыю пасольства Швэцыі ў Менску. Гэтыя два чалавекі заявілі, што хочуць падаць заяву аб прадстаўленьні прытулку ў Швэцыі. Аднак заявы аб прадстаўленьні прытулку, пададзеныя ў пасольстве Швэцыі, ня могуць быць задаволеныя. Мы пастаянна працуем над гэтым пытаньнем і вядзём дыялёг з гэтымі двума людзьмі. Мы ня можам удавацца ў дэталі нашай працы».

У 2014 годзе падобная гісторыя адбылася ў Азербайджане. Крытыка прэзыдэнта Ільхама Аліева, журналіста і праваабаронцу Эміна Гусэйнава абвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Гусейнаў схаваўся ў пасольстве Швэйцарыі ў Баку, лічачы, што яго перасьледуюць па палітычных матывах.

Перамовы паміж Швэйцарыяй і Азэрбайджанам доўжыліся амаль год, у выніку праваабаронца пакінуў Баку на самалёце швэйцарскага міністра.

«У мяне анкалёгія»

У пасольстве Кузьнечыкі адчуваюць сябе ў бясьпецы. Для іх адвялі пакой, дзе ёсьць ложкі, душ, туалет, пральная машына, мікрахвалеўка, электрачайнік. Для заняткаў спортам — турнік, штанга, гіры. «Ежу гатуем самі, нават пірагі пячэм, вырабляем», — кажам Уладзіслаў Кузьнечык. Тэлевізар і кампутар забароненыя, за навінамі бацька і сын сочаць пры дапамозе мабільных тэлефонаў.

«Самая галоўная праблема ў нас у тым, што і мне, і бацьку трэба мэдычнае абсьледаваньне. У мяне анкалёгія», — адзначае Ўладзіслаў. У 2019 годзе мэдыкі выявілі ў яго злаякаснае новаўтварэньне апэндыкса.

«Мне кожныя паўгоду трэба абсьледавацца, — працягвае Кузьнечык-малодшы. — Яшчэ ў мяне частковая атрафія зрокавага нэрва. Гэта было пасьля траўмы яшчэ ў падлеткавым узросьце. Кожныя паўгоду мне трэба класьціся ў шпіталь, каб зрок не пагаршаўся. Я магу асьлепнуць, у прынцыпе, на адно вока».

«У бацькі тут таксама была праблема — у яго моцна балеў жывот, на працягу тыдня ён нічога ня еў, тэмпэратура. Таксама пра гэта ўсё мы казалі работнікам амбасады, яны перадавалі ўладам Швэцыі. Але ўлады Швэцыі сказалі: „Нічым дапамагчы ня можам“. Мы таксама кажам, што мы нікуды выходзіць адсюль ня будзем, будзем тут да апошняга», — дадае Ўладзіслаў.

Адвакат Вадзім Драздоў прасіў у пасольства Швэцыі прадставіць лекараў Кузьнечыкам. «Юрыдычна Швэцыя ня мае юрысдыкцыі ў дачыненьні да вашых кліентаў, і запыт на мэдычнае абслугоўваньне выходзіць за рамкі часовай меры, указанай Камітэтам супраць катаваньняў, — адказалі там. — Практычна пасольства Швэцыі ў Менску ня можа даць вашым кліентам неабходную мэдычную дапамогу».

Уладзіслаў прызнаецца: «У нас няма мэты атрымаць палітычны прытулак. Мы ня думалі, што рэжым столькі пратрымаецца. Думалі, што да Новага году, можа, пратрымаецца, ну максымум да вясны [2021 года], і мы ўсё ж такі выйдзем адсюль, застанёмся ў сваёй краіне са сваёй сямʼёй. Але, як тут відаць, усё зацягнулася, і невядома, колькі гэта яшчэ будзе доўжыцца».

У Беларусі ў Кузнечыка-малодшага засталіся жонка і двое дзяцей. Да пратэстаў 2020 году яны з бацькам займаліся дробным бізнэсам.

«Мара — каб рэжым паў»

«Я лічу гэтую ўладу нелегітымнай, так як яны сфальсыфікавалі выбары 2020 году, нахабна абвясьцілі нерэальныя працэнты — больш за 80% [за Лукашэнку]», — кажа Віталь Кузьнечык.

«Я пайшоў пратэставаць, бо думаў пра будучыню сваіх дзяцей. Не хачу, каб яны жылі і ў іх не было права выбару. Калі ў цябе забіраюць гэта права, хочуць зрабіць з цябе раба — гэта не жыцьцё, — тлумачыць Уладзіслаў. — Відавочны факт, што перамагла Святлана Ціханоўская. Ёсьць дадзеныя плятформы „Голас“ (туды выбаршчыкі дасылалі фатаграфіі бюлетэняў і копіі пратаколаў з участкаў — НВ), ёсьць знаёмыя. З сотні сяброў-знаёмых за Лукашэнку галасавалі можа пару чалавек. А калі здарыліся гэтыя зьверствы, думаю, наогул мала хто за яго застаўся ».

«Цяпер сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная, ідуць рэпрэсіі, зьнішчаецца грамадзянская супольнасьць, зьнішчаюцца незалежныя СМІ. На дадзены момант мы марым аб тым, каб Лукашэнка сышоў у адстаўку, каб прыйшлі сумленныя незалежныя выбары, на якіх мы, народ, вызначым самі сабе годнага лідэра. Мы хочам жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне і не залежаць ад аднаго чалавека, які забраў уладу ў свае рукі», — дзеліцца сваімі марамі Віталь Кузьнечык.

«Мая мара на дадзены момант — каб нарэшце рэжым паў, — кажа Уладзіслаў. — Каб адпусьцілі ўсіх палітвязьняў, каб усе, хто мае дачыненьне да катаваньняў, забойстваў, рэпрэсіям, адказалі за сваё».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG