Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі дэпутаты прапанавалі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг замест чырвона-зялёнага


Ілюстрацыйнае фота

Швэдзкія дэпутаты Фрэдрык Мальм, Марыя Нільсан і Карын Карлсбро зьвярнуліся да міністра замежных спраў краіны Анн Ліндэ з прапановай выкарыстоўваць на дзяржаўным узроўні замест чырвона-зялёнага сьцяга Беларусі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Яны лічаць, што такім чынам Швэцыя прадэманструе сваю падтрымку дэмакратычнай апазыцыі Беларусі і ўсяму беларускаму народу.

«Для тых з нас, хто верыць у дэмакратыю і правы чалавека, выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга павінна стаць само сабой зразумелым», — гаворыцца ў звароце, апублікаваным выданьнем Altinget.

Паводле дэпутатаў, чырвона-зялёны сьцяг, які «шырока выкарыстоўваецца ў якасьці фону ў фільмах, у якіх апазыцыянэры вымушаныя прызнавацца ў меркаваных злачынствах, якіх яны ніколі не рабілі», у цяперашніх умовах «закліканы надаць легітымнасьць дыктатару, які не шкадуе сродкаў для перасьледу журналістаў, актывістаў і іх сваякоў».

Таксама, як адзначаецца ў звароце, ён «зьяўляецца копіяй сьцяга, які выкарыстоўваўся, калі Беларусь была часткай Савецкага Саюзу», і «сьведчыць аб шчыльных сувязях Лукашэнкі з Пуціным».

Швэдзкія дэпутаты таксама нагадваюць у звароце, што пасьля таго, як падчас чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Рызе мэр гораду ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг замест чырвона-зялёнага, зь Менску выслалі супрацоўнікаў амбасады Латвіі. «Гэта паказвае, наколькі важны падняты сьцяг для барацьбы ў Беларусі», — адзначаецца ў звароце.

«Давайце пакажам сьвету, што Швэцыя дыстанцуецца ад Лукашэнкі і цалкам падтрымлівае дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі. Уздыміце бел-чырвона-белы беларускі сьцяг!» — зьвяртаюцца швэдзкія дэпутаты да кіраўніка МЗС Анн Ліндэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG