Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Рыгі: Наш доўг — падтрымаць Беларусь, нават калі гэта будзе нам нешта каштаваць


Мартыньш Стакіс
Мартыньш Стакіс

У інтэрвію Свабодзе мэр Рыгі Мартыньш Стакіс расказаў пра тое, ці шкадуе аб вывешваньні бел-чырвонага-белага сьцяга ў цэнтры сталіцы, пра рэакцыю на свой учынак, ці баіцца санкцый з боку афіцыйнага Менску і што раіць беларусам з латыскага досьведу дэмакратыі.

24 траўня ў Рызе, дзе цяпер праходзіць чэмпіянат сьвету па хакеі, мэр сталіцы Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі перад гатэлем, дзе жывуць усе зборныя, на бел-чырвона-белы з Пагоняй.

«Сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі», — сказаў мэр.

У адказ МЗС Беларусі назвала гэтыя дзеяньні «актам дзяржаўнага вандалізму» і прапанавала пакінуць Беларусь усяму дыпляматычнаму і адміністрацыйна-тэхнічнаму складу амбасады.

«Тут пытаньне не ў грашах, а ў каштоўнасьцях»

— Беларусы, якія выступаюць за свабоду і дэмакратыю, захапляюцца вашымі паводзінамі. Але ўлады краіны абураныя. Ці шкадуеце вы пра ваш учынак?

— Не, я не шкадую. У гарадзкім асяродзьдзі Рыгі лунаюць сьцягі і бел-чырвона-белы сьцяг, сьцяг вольнай Беларусі. Чэмпіянат сьвету па хакеі — гэта найперш сьвята для спартоўцаў, аматараў хакею, рыжанаў, жыхароў Латвіі, усяго сьвету. Але нельга забываць, што за некалькіх сотняў кілямэтраў ад галоўнага хакейнага хола зганяюць самалёт Эўрапейскага Зьвязу, катуюць і забіваюць людзей. Гэта робіць рэжым, які паводзіць сябе па-бандыцку, як на мясцовым, так і на міжнародным узроўні. Я не магу гэта ігнараваць, і Рыга ня можа гэта ігнараваць.

— Улады Беларусі могуць увесьці за гэта контрасанкцыі, з прычыны якіх можа пацярпець эканоміка Рыгі. Вы гэтага не баіцеся?

— Тут пытаньне не ў грашах, а ў каштоўнасьцях. Рыга — свабодны горад, тут жывуць свабодныя людзі. Наша краіна сама прайшла праз працэс незалежнасьці, і мы ведаем, як гэта важна. Мы ведаем, колькі гэта каштуе. Цяпер самае галоўнае — падтрымаць народ Беларусі, нават калі Латвіі гэта будзе нешта каштаваць.

«Беларускія спартоўцы і зборная — не належаць рэжыму, а прадстаўляюць беларускі народ»

— Рэнэ Фазэль папрасіў вас зьняць сьцяг хакейнай асацыяцыі. Вы яму адказалі. Ці быў працяг гэтай гісторыі?

— Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею прытрымліваецца іншай думкі, чым я. Ён патрабуе зьняць бел-чырвона-белы сьцяг свабоднай Беларусі, інакш патрабаваў зьняць сьцягі IIHF. Кожны павінен выбраць свой бок. Я зрабіў свой выбар, і па просьбе спадара Фазэля мы зьнялі сьцягі IIHF. І гэтая сытуацыя вырашылася.

— І больш Фазэль да вас не зьвяртаўся?

— Не. Учора мы яшчэ чулі нешта пра бясьпеку каманды. Я магу вас запэўніць, што Рыга — сталіца свабоднай краіны, тут усім рады і ўсе могуць адчуваць сябе ў бясьпецы. Беларускія спартоўцы і зборная не належаць рэжыму, а прадстаўляюць беларускі народ. Я жадаю зборнай Беларусі посьпехаў на гэтым чэмпіянаце. Ведаю, што гульцы ўклалі ў гэта шмат сілаў, і я вітаю ўсе каманды, якія прыехалі ў Рыгу. Няхай пераможа мацнейшы з 16 элітных камандаў сьвету.

— А сам трэнэр ці гульцы зборнай не зьвярталіся да вас з просьбай вярнуць сьцяг?

— Не, такога звароту да нас не было.

— Цяпер у беларусаў вялікія спадзяваньні на Захад, асабліва на суседзяў. Што, на вашую думку, яшчэ можа зрабіць Латвія для беларусаў?

— Думаю, што мы тут, у Латвіі, павінны зрабіць хатняе заданьне. Я, бадай, зьвярнуся ў парлямэнт Латвіі, каб палепшыць тут сытуацыю ўцекачоў зь Беларусі, каб спрасьціць іх жыцьцё. Думаю, што на гэтым мы ня спынімся. І мы будзем дапамагаць нашым суседзям.

— Латвію многія лічылі краінай, якая да жніўня мінулага году выступала адвакатам уладаў Беларусі. Нават рыхтаваўся візыт Лукашэнкі ў Рыгу, але ў выніку ён не адбыўся. Афіцыйна — праз COVID-19. Чаму ў Латвіі была такая рэпутацыя?

— Я з вамі не магу пагадзіцца. Прынамсі, мне пра гэта невядома. Я мэр гораду, у маю адказнасьць не ўваходзіць дзяржаўная палітыка, і я ня буду камэнтаваць тое, што павінен камэнтаваць наш міністар.

«Столькі ж падзякаў ад беларусаў, якія любяць свабоду, атрымала б і IIHF»

— Прыхільнікі чырвона-зялёнага сьцяга і Лукашэнкі пішуць цяпер у сацыяльных сетках, называючы латышоў фашыстамі, і кажуць, што вы абразілі сьцяг. Што можа чакаць чалавека з чырвона-зялёным сьцягам у Рызе? Яму пагражае небясьпека?

— Не, не пагражае ніякая небясьпека. Мы вельмі талерантныя. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, як нас часам называюць. Ніхто на гэта больш не зьвяртае ўвагі.

— Вам шмат пісалі ў сацыяльныя сеткі. Там было больш падзякі ці абурэньня?

— Дакладную статыстыку вам не скажу. Але я вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымаў. Я атрымаў лісты падзякі з усяго сьвету, з Эўропы, з ЗША. Столькі ж падзякаў ад беларусаў, якія любяць свабоду, атрымала б і IIHF, калі б зрабіла так, як я, і выказала сваю падтрымку беларускаму народу ў гэтай складанай сытуацыі. Кожны павінен зрабіць свой выбар. Я разумею, што нехта можа быць і незадаволены маім учынкам. Я прызвычаены да крытыкі. Тут дэмакратыя, тут за крытыку нікога ня судзяць. Тут не Беларусь.

— Адкуль вы ўзялі бел-чырвона-белы сьцяг?

— У нас ёсьць цэнтар для ўцекачоў, і там жыве прыблізна 40 уцекачоў зь Беларусі. Яны пазычылі мне гэты сьцяг, калі даведаліся пра нашую ідэю. Я пастараюся вярнуць ім гэты сьцяг з маёй падзякай і найлепшымі пажаданьнямі.

— А што адбылося з чырвона-зялёным сьцягам? Гэта вельмі непакоіць дзяржаўныя ўлады.

— Мы з пашанай ставімся да сьцягоў. Няма чаго за гэта хвалявацца.

«З радасьцю падзелімся сваім досьведам зь сябрамі зь Беларусі»

— Пытаньне як да палітыка: як і калі можа зьмяніцца сытуацыя ў Беларусі? Сёньня былі вельмі трывожныя заявы Лукашэнкі, які лічыць, што можа пачацца нават сусьветная вайна, і кажа, што супраць яго дзейнічаюць заходнія выведкі.

— Мы гэта ўжо чулі ня першы раз. Заўсёды, калі нейкі дыктатар хвалюецца за сваю пазыцыю, ён пачынае казаць, што гэта нейкі сусьветны плян супраць дзяржавы. Але супраць яго ягоны ж народ, супраць яго ўвесь свабодны сьвет, Эўразьвяз. Вядома, я б вельмі хацеў, каб у Беларусі была дэмакратыя, свабода, з дэмакратычна абраным прэзыдэнтам. Я лічу, што гэтыя выбары не былі справядлівыя і дэмакратычныя.

— Чым 30-гадовая гісторыя свабоднай Латвіі можа быць цікавая беларусам як урок? Магчыма, гэта нейкія памылкі, якія вы параіце не паўтараць беларусам?

— Мы з радасьцю падзелімся сваім досьведам зь сябрамі зь Беларусі і іншымі краінамі. Думаю, што самае важнае, каб кожны дзень узгадваць, што для нас значыць свабода, дэмакратыя і незалежнасьць. Мне як палітыку важна, каб я сам сабе гэта нагадваў кожны дзень, усім рыжанам і жыхарам Латвіі. Людзі ў Латвіі бачаць, як жывем мы і як жывуць людзі ў іншых краінах. Думаю, што многія разумеюць, што мы зрабілі слушны выбар. Гэта не заўсёды лёгкі выбар, бо мы самі павінны адказваць за свае памылкі. Але мы разумеем, што гэта быў слушны крок, нягледзячы на ўсе складанасьці, якія ў нас былі. Я жадаю, каб ва ўсіх была магчымасьць адчуць тое самае, што адчуваю я, што адчуваюць мае суграмадзяне, што ў нас ёсьць магчымасьць жыць у свабоднай краіне, у свабодным горадзе.

Беларусь і Латвія. Кароткая гісторыя стасункаў

  • Латвія прызнала незалежнасьць Беларусі 8 студзеня 1992 году, Беларусь прызнала незалежнасьць Латвіі 22 студзеня 1992 году.
  • Дыпляматычныя адносіны ўсталяваныя 7 красавіка 1992 году. Амбасада Латвіі ў Менску адкрылася ў 1993 годзе, амбасада Беларусі ў Рызе — у 1994 годзе.
  • З 1994 году дзейнічаюць консульствы: Беларусі — у Даўгаўпілсе, Латвіі — у Віцебску.
  • Беларуская этнічная меншасьць у Латвіі налічвае каля 70 тысячаў чалавек (3,3% насельніцтва). Беларусы складаюць другую (пасьля расейцаў) паводле колькасьці этнічную меншасьць Латвіі.
  • Дасьледаваньне «Ўдзел нацыянальных меншасьцяў у дэмакратычных працэсах у Латвіі» паказала, што паводле ўзроўню грамадзкай актыўнасьці беларуская грамада ўваходзіць у тройку найбольш значных у Латвіі, поруч з расейскай і габрэйскай.
  • Палітычныя кантакты паміж Менскам і Рыгай вызначаліся высокай інтэнсіўнасьцю. Кіраўнікі ўраду Беларусі за гады незалежнасьці 5 разоў наведвалі Латвію, латвійскія прэм’ер-міністры наведвалі Беларусь з 1994 году 6 разоў, апошні раз — летась.
  • У 2015–2019 гадах разьвівалася супраца паміж заканадаўчымі органамі дзьвюх краінаў. Дэлегацыі Нацыянальнага Сходу Беларусі неаднаразова наведвалі Латвію, дэлегацыі Саэймы Латвіі — Беларусь.
  • Таксама ўзаемадзейнічалі вайсковыя ведамствы дзьвюх краінаў. Міністар абароны Беларусі наведаў Рыгу ў 2016 годзе, яго латвійскі калега быў у Менску ў 2017 годзе. У 2018 годзе адбыўся візыт у Латвію начальніка Генштабу Беларусі, у 2019 годзе Беларусь наведаў камандуючы ўзброенымі сіламі Латвіі.
  • Неаднаразова сустракаліся і кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі, Уладзімер Макей і Эдгарс Рынкевічс заяўлялі, што яны сябры.
  • Латвія напрыканцы дзясятых гадоў неаднаразова на высокім узроўні запрашала Аляксандра Лукашэнку ў Латвію. Упершыню запрашэньне было перададзенае падчас візыту ў Менск у 2018 годзе тагачаснага прэм’ера Латвіі Марыса Кучынскіса. Потым запрашэньне неаднаразова пацьвярджалася.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і жорсткага здушэньня пратэстаў запрашэньне анулявалі.
  • У 2020–2021 гадах Латвія ўвяла забарону на ўезд у краіну для 118 службовых асобаў Беларусі. Рашэньне было прынятае ў каардынацыі з уладамі Эстоніі і Літвы.
  • У 2006 годзе супраць латвійскага дыплямата ў Менску была распачатая крымінальная справа аб распаўсюдзе парнаграфічнай прадукцыі. Беларускае тэлебачаньне тады паказала апэратыўную здымку аднаполых кантактаў латвійскага дыплямата зь беларускім юнаком. Тады амбасадар Латвіі быў адкліканы для кансультацыяў амаль на тры месяцы.
  • Беларускі МЗС у 2012 годзе выказаў абурэньне зьяўленьнем у цэнтры латвійскага гораду Баўскі помніка салдатам латыскай дывізіі СС, а ў 2013 годзе ўключыў разьдзел пра Латвію ў даклад «Парушэньні правоў чалавека ў асобных краінах сьвету»
  • Па выніках 2020 году Латвія заняла 16-е месца паводле таваразвароту і 13-е месца паводле экспарту сярод краінаў, зь якімі гандлюе Беларусь.
  • У 2020 годзе таваразварот з Латвіяй склаў 393,6 мільёна даляраў, экспарт Беларусі ў Латвію — 309,9 мільёна даляраў.
  • У Беларусі працуюць 322 прадпрыемствы з удзелам латвійскага капіталу.
  • 24 траўня 2021 году беларускія ўлады запатрабавалі, каб увесь пэрсанал латвійскай амбасады ў Менску пакінуў краіну. Нагодай для гэтага рашэньня стаў учынак мэра Рыгі, які падчас чэмпіянату сьвету па хакеі памяняў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь на бел-чырвона-белы. Пры гэтым прысутнічаў міністар замежных справаў Латвіі.
  • У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG