Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці кажа, што АМАП вельмі клясны». Як жывуць сем’і, дзе канфліктуюць праз палітыку


Плякат на шматтысячнай акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года
Плякат на шматтысячнай акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года

Што расказваюць людзі, у якіх узьнікаюць канфлікты з роднымі і сябрамі на тэму палітыкі і грамадзянскай пазыцыі? Як яны сябе адчуваюць, што іх турбуе, як яны змагаюцца з эмоцыямі?

Тры беларускі расказваюць свае гісторыі, а псыхоляг-кансультант Алена Лаўрыновіч тлумачыць, як захаваць спакой у стасунках з блізкімі.

«Бацька заўсёды кажа, што не вялікі прыхільнік гэтай улады, але на ютубе глядзіць Азаронка»

У Аліны канфлікты з маці і бацькам пачаліся падчас перадвыбарчай кампаніі, калі дзяўчына трапіла на вялікі мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

«Напачатку мне падавалася, што я размаўляю не з бацькамі, а зь незнаёмымі мне людзьмі. У нейкі момант мне падалося, што я магу рассыпацца ўнутры ад крыўды, злосьці і болю. Пасьля размоў шмат плакала. А цяпер я не дазваляю ў сваёй прысутнасьці падымаць гэтую тэму, каб не рабіць балюча сабе зноў», — кажа яна.

Галоўная праблема ў тым, лічыць Аліна, што абмеркаваньня за ўвесь час так і не атрымалася. Размова з бацькамі кожны раз ператваралася ў адну вялікую спрэчку.

«Бацька нават жартаваў, што выходзяць не за грошы, а за булачкі. Маці заўсёды расказвала ўсім, які ў нас цудоўны прэзыдэнт, гэта я памятаю яшчэ зь дзяцінства. Ужо тады былі людзі, зь якімі маці мусіла спрачацца, калі Лукашэнка ім не падабаўся, — тлумачыць дзяўчына. — Бацька заўсёды кажа, што не вялікі прыхільнік гэтай улады, але на ютубе глядзіць Азаронка».

Аліна дагэтуль узрушаная паводзінамі бацькоў і кажа, што не абавязкова разумець яе меркаваньне, дастаткова яго проста прыняць. Паводле яе, маці добра ўмее даводзіць сваю рацыю.

«Яна як шахматыст, ведае некалькі хадоў наперад. Напрыклад, глядзіць навіны, і там кажуць штосьці дрэннае пра пратэстоўцаў і добрае пра прэзыдэнта. Маці пачынае з таго, што хваліць уладу, а потым пытаецца, навошта людзі ў Менску вітрыны б’юць, разгромы робяць, чаму не на працы, а таксама — што АМАП вельмі клясны і правільна робіць, калі іх б’е».

Дзяўчына прызнаецца, што пасьля кожнай спрэчкі кепска сябе адчувае, шмат плача і нават пачынае шкадаваць, што прыехала дадому на выходныя.

«Ад вялікага непаразуменьня, якое існуе паміж намі, мне складана падзяліцца нейкімі асабістымі справамі і посьпехамі. Кожная спрэчка — адно і тое ж. Спачатку бацькі правакуюць, я маўчу, маўчу, а потым усё ж такі не вытрымліваю і пачынаю спрачацца. Аднойчы я бацьку сказала, што наступным разам прыеду праз паўгода, ён сапраўды спужаўся і нават увесь вечар не жартаваў», — кажа дзяўчына.

Аліна ўпэўненая, што бліжэйшым часам не атрымаецца наладзіць стасункі з роднымі, бо тыя яе ня чуюць.

«Родных не выбіраюць, але любіць іх пазыцыю мы не абавязаныя»

У сям’і Аляксандры ніколі не было згоды ў тэме палітыкі, але 2020 агаліў усе праблемы.

«Як толькі пачалася перадвыбарчая кампанія, мне захацелася расказаць бабулі пра тое, што, акрамя Лукашэнкі, ёсьць іншыя кандыдаты, і чаму наогул трэба нешта мяняць менавіта цяпер. Зь дзядулем гутаркі весьці бессэнсоўна, бо ён лічыць Пуціна — царом, а Расею — самай разьвітай краінай на плянэце Зямля. У дзень, калі выступ Сьвятланы Ціханоўскай паказвалі па тэлевізары, я папрасіла бабулю яго паглядзець. Пасьля мы паспрабавалі абмеркаваць гэта, але мне было сказана, што як кандыдат яна нічога не прапанавала для Беларусі і яе кампанія не зразумелая», — кажа Аляксандра і дадае, што ў той дзень моцна раззлавалася.

Больш унучка не размаўляла з бабуляй на гэтую тэму. Перад выбарамі пераканаць бабулю ўзяліся сястра і маці Аляксандры.

«Наведаўшы дом 8 жніўня, я выпадкова пачула размову бабулі праз тэлефон, у якой яна пераканаўча пазытыўным голасам сказала: „Я сёньня схадзіла на датэрміновае галасаваньне, за Лукашэнку“, — кажа дзяўчына. — Расхістаныя нэрвы далі збой, і я проста сышла з дому і прараўла дзесьці паўтары гадзіны на вуліцы. Маме я сказала, што дадому цяпер прыяжджаць ня буду».

Дзявятага жніўня, як толькі абвясьцілі вынікі выбараў, Аляксандра зразумела, што цяпер усе ў небясьпецы.

«Я праглядала сьпісы затрыманых, і паўсюль былі знаёмыя, сябры. Мне хацелася крычаць родным, што гэта іх віна ў тым ліку, што менавіта такі пласт насельніцтва адказны за факты гвалту над добрымі, прыстойнымі і адукаванымі людзьмі».

Зьбітыя і катаваныя людзі выходзяць з Акрэсьціна ў ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года
Зьбітыя і катаваныя людзі выходзяць з Акрэсьціна ў ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года

Дзядуля і бабуля Аляксандры глядзяць толькі тэлевізар, хоць ёсьць інтэрнэт і можна чытаць навіны з альтэрнатыўных крыніц.

«Мама ўключала ім відэа з пратэстаў, паказвала кадры гвалту і расказы пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна і ў Жодзіне. Дзядуля сказаў: „Усё гэта фаташоп!“. Пасьля 16 жніўня зьявілася магчымасьць купіць газэты, у якіх гаварылася праўда. Я знайшла толькі адзін асобнік і прынесла яго дадому. Паклала бабулі і не сказала нічога больш, у надзеі, што яна прачытае, паглядзіць на факты „не ў тваіх тэлефонах“ і паверыць. Да гэтага часу ня ведаю, чытала яна яе ці проста выкінула».

Аляксандра расказала бабулі, што яе знаёмых катавалі, зь іх зьдзекаваліся і чынілі абсалютна нялюдзкія рэчы, але тая не рэагавала. Дзядуля ж вельмі любіць паказваць сваю адрозную пазыцыю.

«Па расейскіх каналах кажуць пра Навальнага, а дзядуля ківае і дадае: „Як добра, што гэтага нягодніка злавілі!“. На мае пытаньні, што ж такога зрабіў Навальны, адказу няма, адны бурчаньні, што яго паводзіны непатрыятычныя, — кажа дзяўчына. — На гэтай тэме мяне падрывае кожны раз, бо паняцьце патрыятызму ў людзей старэйшых — гэта суботнікі, канцэрты з ушанаваньнем чыноўнікаў рознага рангу і бясконцы змрок „усе так жывуць“. Нікому не жадаю такой падмены паняцьцяў, як у майго дзядулі. Родных не выбіраюць, але любіць іх пазыцыю мы не абавязаныя».

Больш на палітычную тэму дзяўчына стараецца не гаварыць. Калі чуе дома каналы кшталту АНТ і БТ, то просіць выключыць ці пераключыць, пакуль яна побач.

«Падчас УНС мой дзядуля радаваўся, як дзіця, бо „вырашаецца лёс краіны“! Ён сеў адзін перад вялікім тэлевізарам і слухаў на высокай гучнасьці па ўсёй кватэры. Гэта цяжка трываць, але сэнсу спрачацца і даказваць няма, бо, паводле яго, пратэстоўцы расхістваюць стабільнасьць, створаную Лукашэнкам, а жаданьне працаваць пасьля ВНУ па спэцыяльнасьці не за 300 рублёў — гэта эгаізм, адсутнасьць патрыятызму і наогул агідныя паводзіны. Старэйшае пакаленьне глядзіць на мяне дома як на немаўля, якое спрабуе нешта зрабіць само: замілавана і спачувальна. Я ў адказ не гляджу», — сканчае свой аповед Аляксандра.

Падчас Усебеларускага народнага сходу. 11 лютга 2021
Падчас Усебеларускага народнага сходу. 11 лютга 2021

«Спадзяюся, надыдзе час, калі мы будзем усе разам за тое, каб паляпшаць сваё жыцьцё»

У Натальлі іншая сытуацыя — адразу пасьля выбараў зьявіліся праблемы ў стасунках з блізкімі сябрамі.

«Мне патэлефанавала сяброўка і сказала: „Ты там хоць ня ходзіш на вуліцу? А твае знаёмыя? Туды ідуць толькі наркаманы і сядзельцы, і нават носа не высоўвайце, таму што там нічога добрага няма, гэта поўная падстава“. Яна тады працавала ў органах. Але я не разумела, як так? Як чалавек, якога я даўно ведаю, кажа такое глупства? На той момант я была ў вёсцы зь дзецьмі і ня бачыла ўсяго на ўласныя вочы, але мне дасылалі інфармацыю пра гвалт мае родныя, якім я давяраю, і ў мяне ўжо склалася свая карцінка. Тады я толькі знайшла сілы адказаць сяброўцы, што мы жывём ня ў той час, калі можна вырашаць пытаньні сілай і запалохваньнем».

Натальля кажа, што гэтая размова яе ўзрушыла і абурыла.

«Праз пару дзён сяброўка зноў патэлефанавала і выбачылася за свае рэзкія выказваньні. Пазьней мы пабачыліся разам зь яе сям’ёй, абмеркавалі спакойна тое, што адбываецца, падзяліліся перажываньнямі. І гэта дапамагло, я бачу, як у людзей паступова зьмяняюцца думкі», — расказвае Натальля.

Жанчына кажа, што сярод яе блізкіх сяброў знайшліся і тыя, хто хутка памяняў сваю пазыцыю, каб атрымаць лепшую пасаду.

«Мне было балюча, крыўдна. Я разумела, што надышла тая сытуацыя, калі людзям трэба вызначыцца, а хлусьня прасьлізгвала паўсюль. Тыя, хто быў няшчыры, вельмі хутка выявіліся. Мне спатрэбіўся некаторы час, каб абстрагавацца і зразумець, што мы ня маем права мяняць нечую думку, саміх людзей, але мы можам проста прамаўляць тое, што мы адчуваем, што бачым і што адбываецца», — кажа яна.

Натальля лічыць, што агрэсіўнае стаўленьне да перамен, непрыманьне новага закладзена выхаваньнем.

«Гэта як малым дзеткам у садочку ці школе не даюць выбару. Ёсьць катлета — адкрывай рот і еж катлету. Вось людзі дарослыя потым прывыкаюць толькі адкрываць рот, ім закінуць абы-што, і яны гэта зьядуць. Гэта звычка ня думаць, чаго ж я хачу сёньня? Ці сапраўды я хачу таго, што мне прапануюць? Ці сапраўды мушу спажываць тое, што мне кажуць па тэлевізіі?».

Каб захаваць сваё псыхалягічнае здароўе, ня раніць сябе падчас спрэчак, Натальля мусіць абмяжоўваць свае стасункі.

«Я прыняла, што ў мяне ў сэрцы ёсьць свая думка, і толькі час пакажа, хто чаго варты. Са знаёмымі, якія выбралі іншы бок, я проста менш кантактую, каб не хвалявацца. Я паважаю мінулае, вельмі шмат было добрых момантаў, якія мы пражывалі разам. І я спадзяюся, што надыдзе той час, калі мы будзем усе разам за тое, каб паляпшаць сваё жыцьцё».

Як сябе паводзіць падчас канфліктаў

Псыхоляг-кансультант, коўч ICF (Міжнародная фэдэрацыя коўчынгу), трэнэр асабістага разьвіцьця Алена Лаўрыновіч патлумачыла, як не нашкодзіць сабе падчас канфліктаў з роднымі і дапамагчы перажыць «разбуральныя» сытуацыі.

Алена Лаўрыновіч
Алена Лаўрыновіч

Алена Лаўрыновіч кажа, што канфлікты з блізкімі людзьмі падрываюць нашу псыхалягічную ўстойлівасьць. Сутыкаючыся з моцным неразуменьнем з боку блізкага чалавека, мы адчуваем сапраўдны боль.

«У сваёй гісторыі Аліна вельмі добра гэта апісала: „Здавалася, што я магу рассыпацца“. Сытуацыю можа пагаршаць нежаданьне пачуць адно аднаго, негатовасьць прыняць рознасьць поглядаў, жаданьне выйсьці з сытуацыі пераможцам, сьцьвердзіць сваю праўду. Сутыкаючыся з такімі паводзінамі з боку блізкіх, мы часта можам адчуваць, быццам страчваем магчымасьць падзяліць перажываньні з тым, хто складае для нас важную частку жыцьця», — тлумачыць псыхоляг.

Каб вас зразумелі і пачулі, варта быць гатовым прымаць пазыцыю, якая можа кардынальна адрозьнівацца ад вашай, раіць экспэртка.

Але калі з вамі пачалі непажаданую і рэзкую размову, спытайце, зь якой мэтай чалавек гэта робіць. «Важна памятаць, што вы заўжды можаце сысьці ад размовы, якая вам не падабаецца», — нагадвае яна.

Псыхоляг апісвае нярэдкую сытуацыю, калі, трапляючы ў канфлікт, мы выяўляем сябе ўжо ў момантах, калі моцна злуемся, крычым адно на аднаго, плачам. Яна раіць не абвінавачваць адзін аднаго, а гаварыць толькі пра сябе.

«Адчуйце розьніцу: „Ты мяне не разумееш!“ ці „Мне шкада, што ў нас не атрымліваецца адзін аднаго зразумець“; „Ты ня маеш рацыі!“ ці „Я бачу, што ў цябе іншая думка, і мне цяжка гэта прыняць“, і г.д. Чым больш вы апэлюеце да таго, што ваш блізкі ня мае рацыі, тым больш узмацняецца эмацыйны напал», — папярэджвае Алена.

Адначасова ў такіх канфліктах важна «выбудаваць» свае межы, калі вамі спрабуюць маніпуляваць і навязваць пачуцьцё віны.

«Як бачым з гісторыі Аліны, калі яна сказала, што прыедзе дадому толькі праз паўгода, калі працягнуцца непрымальныя размовы, сытуацыя адразу ж пачала мяняцца. Важна ня толькі казаць пра гэта, але і выконваць, каб блізкія ведалі, што ў вашых слоў ёсьць сапраўдныя наступствы. Таму падумайце, што будзе для вас прымальнай цаной за спробу навязаць вам пачуцьцё віны?» — тлумачыць псыхоляг.

Таксама можна паспрабаваць выбудаваць унутры сямʼі дамоўленасьці аб тым, як абмяркоўваць тэму палітыкі ці, можа, не чапаць яе зусім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG