Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Вугорскага паўстаньня да Асанжа: як людзі спрабавалі атрымаць прытулак у замежных амбасадах


11 верасьня двое жыхароў Віцебску — бацька і сын, Віталь (47 гадоў) і Ўладзіслаў (29 гадоў) Кузьнечыкі, — прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі. Паколькі ім не адчынілі дзьверы, яны пераскочылі цераз плот і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі амбасады.

Мы прыгадалі некаторыя гучныя ў міжнародным маштабе імёны людзей, якія спрабавалі атрымаць палітычны прытулак, трапіўшы на тэрыторыю замежнай амбасады ў краіне свайго жыхарства.

Імрэ Надзь

Імрэ Надзь, 1956
Імрэ Надзь, 1956

Імрэ Надзь (Nagy Imre, 1898–1958) быў прэм’ерам Вугорскай сацыялістычнай рэспублікі падчас Вугорскага паўстаньня 1956 году і прыхільнікам дэмакратычных рэформаў у краіне. Пасьля задушэньня паўстаньня савецкімі войскамі Надзь папрасіў прытулку ў амбасадзе Югаславіі. Новы прасавецкі ўрад Вугоршчыны гарантаваў яму бясьпеку, выманіў яго з амбасады і арыштаваў. Надзь быў асуджаны на сьмерць і павешаны ў ліпені 1958 году.

Ёжэф Міндсэнці

Ёжэф Міндсэнці (Mindszenty József, 1892–1975) — вугорскі кардынал, прымас Вугоршчыны. Пасьля задушэньня Вугорскага паўстаньня савецкімі войскамі Міндсэнці папрасіў прытулку ў амэрыканскай амбасадзе ў Будапэшце, дзе пражыў амаль 15 гадоў. У 1971 годзе камуністычныя ўлады Вугоршчыны ўрэшце дазволілі яму выехаць у Аўстрыю.

«Сыбірская сямёрка»

Сыбірская сямёрка — гэта савецкія пяцідзясятнікі Пётар, Аўгусьціна, Лідзія, Любоў і Лілія Вашчанкі, а таксама Марыя і Цімафей Чмыхалавы, якія з чэрвеня 1978 па красавік 1983 году знаходзіліся ў амбасадзе ЗША ў Маскве, жадаючы эміграваць з СССР паводле рэлігійных перакананьняў. Савецкія ўлады дазволілі пяцідзясятнікам эміграваць у Ізраіль, адкуль яны перабраліся ў ЗША.

Мануэль Нар’ега

Мануэль Нар’ега, 2011
Мануэль Нар’ега, 2011

Мануэль Нар’ега (Manuel Noriega, 1934–2017) — вайсковы дыктатар Панамы, пазбаўлены ўлады ў выніку амэрыканскай інтэрвэнцыі ў 1989 годзе. Папрасіў прытулку ў дыпляматычнай місіі Ватыкану, дзе прабыў 10 дзён і быў выдадзены амэрыканцам. У ЗША адседзеў 17 гадоў у турме.

Эрых Гонэкер

Эрых Гонэкер з жонкай у Сант’яга, 1993
Эрых Гонэкер з жонкай у Сант’яга, 1993

Эрых Гонэкер (Erich Honecker, 1912–1994) — кіраўнік Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1971—1989 гг. У сьнежні 1991 папрасіў палітычнага прытулку ў амабасадзе Чылі ў Маскве. Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын загадаў экстрадаваць хворага на рак Гонэкера ў Нямеччыну, дзе супроць яго адкрылі судовую справу. У 1993 годзе ўлады Нямеччыны дазволілі Гонэкеру выехаць у Чылі.

Джуліян Асанж

Джуліян Асанж, 2020
Джуліян Асанж, 2020

Джуліян Асанж (Julian Assange, нар. 1971) — аўстралійскі журналіст, заснавальнік сайту WikiLeaks, які публікаваў канфідэнцыйныя і сакрэтныя службовыя дакумэнты, галоўным чынам амэрыканскія.

Асанж у 2012 годзе схаваўся ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане, каб унікнуць выдачы ў Швэцыю, дзе яго падазравалі ў сэксуальных злачынствах. У красавіку 2019-га эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прытулку і выдалі яго брытанскім уладам. Цяпер ён у турме ў Лёндане.

ЗША патрабуюць экстрадаваць Асанжа адпаведна цэламу шэрагу абвінавачваньняў, зьвязаных зь незаконным атрыманьнем і публікацыяй сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону. У Злучаных Штатах Асанжу пагражае да 175 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG