Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы пойдзем адсюль, нам канец». Віцябляне пераскочылі цераз плот амбасады Швэцыі ў Менску і просяць прытулку. ВІДЭА

абноўлена

Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі

11 верасьня двое жыхароў Віцебску прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі. Паколькі ім не адчынілі дзьверы, яны пераскочылі цераз плот — і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі амбасады.

Як паведамляе Tut.by, гэта бацька і сын, Віталь (47 гадоў) і Уладзіслаў (29 гадоў) Кузьнечыкі.

У 21.00 Уладзіслаў Кузьнечык паведаміў Tut.by, што начаваць яны з бацькам будуць на тэрыторыі амбасады — вырашаецца пытаньне, дзе менавіта.

У 17.08 Уладзіслаў расказаў, што супрацоўнікі амбасады дапамаглі ім з бацькам зьвязацца з ААН, прадстаўнікі якой мужчынам патлумачылі, што на тэрыторыі Беларусі ніводная амбасада ім ня дасьць палітычны прытулак — атрымаць яго можна толькі, калі чалавек ужо за мяжой. Уладзіслаў і Віталь пакідаць тэрыторыю амбасады не плянуюць.

А 16.30 Супрацоўнікі амбасады Швэцыі вынесьлі двум уцекачам торбу зь ежай і два крэслы.

Супрацоўнікі амбасады прынесьлі ім ежу
Супрацоўнікі амбасады прынесьлі ім ежу

Уцекачы схаваліся ва ўнутраным двары амбасады Швэцыі пад лесьвіцай, якая вядзе ў будынак. Цяпер АМАПу каля будынку швэдзкай амбасады не відаць. ны расказалі, што вырашылі прасіць палітычны прытулак, бо асьцерагаюцца за сваё жыцьцё.

Карэспандэнт Свабоды бачыў, як да ўцекачоў выходзілі двое прадстаўнікоў амбасады, пасьля размовы ў дыпляматаў былі ў руках нейкія паперы.

Прадстаўнікі амбасады Швэцыі
Прадстаўнікі амбасады Швэцыі
Размова прадстаўнікоў амбасады Швэцыі зь людзьмі пад лесьвіцай
Размова прадстаўнікоў амбасады Швэцыі зь людзьмі пад лесьвіцай

З журналістамі ні ўцекачы, ні дыпляматы размаўляць ня хочуць. Але адзін з уцекачоў запісаў відэа і перадаў яго тэлеканалу «Белсат».

Як расказаў у відэа Ўладзіслаў, яны з бацькам удзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Віцебску 6 верасьня.

«Былі жорсткія затрыманьні. Мы ішлі разам зь іншымі людзьмі калёнай, нам перакрывалі рух, мы адыходзілі, потым нас заціснулі на вуліцы Праўды, людзей сталі выдзіраць праз парэнчы, але людзі пачалі разьбягацца. Мяне людзі неяк адцягнулі, я паварочваю галаву і бачу, што нейкага мужчыну б’юць дубінкамі і пырскаюць балёнчыкам у вочы. Потым я разумею, што гэта мой бацька — і ён проста ляжыць, не супраціўляецца, у яго ў руках газэта і парасон», — расказаў Уладзіслаў.

Ён кажа, што выцягнуў бацьку і яны сышлі, але «разумелі, што можа быць перасьлед». Пасьля гэтага яны адразу выключылі тэлефоны і засталіся ў знаёмых. Сваю сям’ю ня бачылі.

Уладзіслаў Кузьнечык
Уладзіслаў Кузьнечык

«Нас прывезьлі ў Менск, і мы адразу пайшлі ў амбасаду Швэцыі, пазванілі ў дамафон, папрасілі дапамагчы, упусьціць, каб расказаць сваю гісторыю, сказалі, што баімся. Нас не ўпусьцілі, сказалі, што тут не даюць палітычнага прытулку. Мы пералезьлі цераз плот на тэрыторыю амбасады і сядзім тут дагэтуль. Тут ходзіць кіроўца амбасады, і празь яго тэлефон з намі зьвязалася дзяўчына, якая адказвала і ў дамафон, паўтарыла, што тут прытулку не даюць. Але я тлумачыў, што калі мы пойдзем, то нам канец», — кажа ён.

Ва Ўладзіслава жонка і двое дзяцей, ён займаецца бізнэсам — мае некалькі крамаў жаночага адзеньня.

Уладзіслаў кажа, што як толькі яны прыйшлі да амбасады, сюды прыехалі і сілавікі.

Сытуацыя ля амбасады цяпер спакойная. Насупраць амбасады сядзеў невядомы мужчына ў цывільным. Калі журналісты пачалі ціснуць на званок амбасады, ён стаў запісваць іх на відэа.

Ля задняга двара былі заўважаныя некалькі супрацоўнікаў у форме АМАПу, а таксама мужчына ў гарнітуры. Двое зь іх зьехалі на машыне. Супрацоўніца амбасады, якая адказала на званок у дамафон, сказала, што камэнтароў журналістам амбасада пакуль не дае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG