Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымусілі падпісаць пяць пустых аркушаў», — маці 19-гадовай палітзьняволенай Віталіі Бандарэнкі


Віталія Бандарэка
Віталія Бандарэка

19-гадовая Віталія Бандарэнка ў лютым вярнулася ў Беларусь з-за мяжы, каб пабачыць каханага хлопца. Але яе затрымалі. 21 траўня дзяўчыне прысудзілі 4 гады калёніі агульнага рэжыму за нібыта ўдзел у масавых беспарадках у Берасьці. Яе хлопца яшчэ ў сакавіку пакаралі 3 гадамі выхаваўчай калёніі.

Гісторыя маладой пары выклікала ў Беларусі вялікі рэзананс. 19-гадовую Віталію і яе 17-гадовага хлопца Дзяніса Хазея сталі называць беларускімі Рамэа і Джульетай.

4 чэрвеня маці Віталіі Натальля пабывала на спатканьні з дачкой і расказала Свабодзе пра апошнія навіны ад яе.

У камэры з актывісткай Палінай Шарэндай-Панасюк

«Пра тое, што вярнулася, не шкадуе. Проста, у адрозьненьне ад першага разу (Натальля была на спатканьні з дачкой двойчы. — РС), на пачатку сустрэчы была трохі сумная. Дзесьці пачула, што ў Гомлі, у калёніі, ёй сьвеціць прафіляктычны ўлік за схільнасьць да дэструктыўных дзеяньняў, — кажа жанчына. — Але потым яна вельмі хуценька сабралася, пачала распытваць пра ўсё, што адбываецца. Узбадзёрылася і павесялела».

Падчас размовы Віталія расказала маці, што ў сярэдзіне сакавіка правяла 10 сутак у карцары. Аднак за што — удакладніць не пасьпела.

«Калі закранулі гэтую тэму — пачулі ў трубцы, што да нас падключыліся. Пасьля гэтага мы пачалі гаварыць глупствы ўсякія. У выніку так і не вярнуліся да моманту карцару».

Віталія паведаміла, што большая палова камэр берасьцейскага СІЗА абвешана жоўтымі таблічкамі, на якіх напісана, што зьняволеныя схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці.

На самой камэры, дзе знаходзіцца Віталія, такой таблічкі няма. Але яна вісіць над ложкам адной зь сямі яе сукамэрніц — актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк.

Дзяўчына прызнавалася маці, што ёй было вельмі шкада Паліну, якую пастаянна каралі карцарам за адмову «падпарадкоўвацца» адміністрацыі СІЗА.

«Хочуць нас выпусьціць адсюль пачварамі»

Віталія Бандарэнка. Архіўнае фота
Віталія Бандарэнка. Архіўнае фота

Па словах Віталіі Бандарэнкі, у камэры іх кормяць добра, але рацыён амаль цалкам вугляводны.

«У асноўным рыс, бульба, таму прасіла перадаваць гародніну. Сказала, што раніцай напалову з Барынавай (35-гадовая Натальля Барынава асуджаная на 1 год калёніі па справе аб блякаваньні чыгункі і разьвешваньні пудзілаў. — РС) зьядае адну порцыю кашы. Потым у абед трошкі супчыку. І вечарам яны ўжо самі стругаюць са сваёй гародніны салат. Віталія кажа: „На вугляводах 7 кг за месяц зь лёгкасьцю набіраюцца. Нельга ж так харчавацца. Яны хочуць нас выпусьціць адсюль пачварамі, спэцыяльна“», — са сьмехам успамінае выказваньне дачкі Натальля.

Па словах 19-гадовай дзяўчыны, спрыяе набору вагі і адсутнасьць руху.

«Сказала, што невыносна столькі сядзець. Яна ўсё роўна прымудраецца па камэры пахадзіць. На прагулцы ня проста гуляе, а стараецца пабегаць», — расказвае Натальля Бандарэнка.

«Калі не аддадуць віншаваньні, скажу, што гэта палітычны перасьлед»

Натальля расказала, што дачка засмучаецца ад інфармацыйнага вакуўму. Нягледзячы на тое, што Віталіі піша шмат людзей, лісты яна атрымлівае толькі ад маці, бабулі, цёткі і брата.

«Дачка сказала: „Я ўжо хадзіла да начальніка, пыталася, чаму не аддаяце лісты падтрымкі. Я дакладна ведаю, што яны прыходзяць“. Ён ёй адказаў: „Будзеш адсюль выходзіць, я табе іх усе дам, тады і прачытаеш“».

Віталія Бандарэнка
Віталія Бандарэнка

Напярэдадні дня нараджэньня маці паведаміла Віталіі, што ёй павінна прыйсьці каля 20 віншавальных паштовак.

«Пачуўшы гэта, яна адказала: „Пайду заўтра патрабаваць. Калі не аддадуць віншаваньні, скажу, што гэта палітычны перасьлед“».

Па словах Натальлі, тэрмін для дачкі ня стаў шокам.

«Яна сказала: „Мне ўсё роўна. Ведаю, што могуць даць 5, 7, 10 гадоў, але столькі мы ня будзем сядзець“. Яна і ў канцы спатканьня сказала: „Люблю вас, хутка буду дома!“»

Па словах Натальлі, тэму прашэньня аб памілаваньні яна з дачкой не абмяркоўвала. Але жанчына мяркуе, што Віталія на такі крок не пайшла б: «Яна ўвесь час кажа: „Я не вінаватая“».

«Усё скончыцца хутка, зноў будзем разам»


Па словах Натальлі, Віталія цікавіцца і жыцьцём свайго хлопца Дзяніса Хазея, дзеля якога вырашыла вярнуцца ў Беларусь.

«Пыталася пра яго. Кажу, ён ужо ў Бабруйску ў калёніі. А яна: „Ну ўсё, зараз ужо сам мне зможа пісаць“. Можа, і зможа, але ці будуць перадаваць лісты?», — кажа суразмоўца.

Нават ва ўмовах зьняволеньня Дзяніс і Віталія падтрымліваюць сувязь з дапамогай родных — пішуць адзін аднаму «дробныя міласьці», што ўсё скончыцца і яны хутка зноў будуць разам.

«І мы, і яна вельмі спадзяёмся, што ўсё гэта хутка скончыцца. Віталія ж пасьля заканчэньня адпрацоўкі каледжа (па спэцыяльнасьці яна кухар і прадавец. — РС) плянавала ехаць у Польшчу. Там, маўляў, круцей — заробкі большыя, ежа і адзеньне таньнейшыя, — кажа суразмоўца. — Хацела жыць у больш разьвітай краіне. А калі гэтыя выбары наступілі, яна паверыла ў перамены, што і ў нас будзе добра. Можа, нікуды зьяжджаць не давялося б. А тут такое здарылася...»

Сёньня Віталія ў чаканьні апэляцыйнага суду. Аднак, па словах яе маці Натальлі, ні яна, ні яе дачка на зьмены ў прысудзе не разьлічваюць.

«Проста хочам, каб яна як мага даўжэй пасядзела з нармальнымі людзьмі. У СІЗА крымінальнікаў практычна не засталося», — кажа Натальля Бандарэнка.

Па яе словах, Віталія гатовая ехаць у калёнію.

«Кажа: „Дасылайце маё пасьведчаньне аб заканчэньні каледжу, буду там сярод крутых. Таму што ў калёніі добра зарабляюць кухары і швачкі. Уладкуюся кухарам“. Я, калі гэта пачула, так сьмяялася. Кажу: „Госпадзе, ведала б ты іх заробак там“».


«Стала больш сур’ёзнаю, запал наіўны сышоў»

Віталія Бандарэнка
Віталія Бандарэнка

Натальля прызналася, што сёньня да ўсёй сытуацыі з дачкой ставіцца больш спакойна.

«Першапачаткова, калі ўсё толькі пачыналася, я была на заспакаяльных леках, два курсы адразу прыняла. Але чалавек да ўсяго прывыкае. Бывае, іду з працы, хачу прыгатаваць тое, што Віталія любіць. А потым думаю: не, ня буду, бо стане сумна».

На пытаньне, ці выглядае Віталія пасьля жыцьцёвых выпрабаваньняў больш дарослай, Натальля адказвае: «Хутчэй, стала больш сур’ёзнаю, запал наіўны сышоў. Яна па-ранейшаму бадзёрыцца, весяліцца. Але гэтая дзіцячая непасрэднасьць, якая раней у яе была... цяпер яе няма, напэўна».

P.S.

12 чэрвеня Віталія Бандарэнка паведаміла маці празь іншых зьняволеных, што ў СІЗА яе прымусілі падпісаць пяць пустых аркушаў фармату А5. Што на іх напішуць, дзяўчына ня ведае.

«Потым скажуць яшчэ, што аб памілаваньні прасіла, чаго яна, на самай справе, не рабіла. Альбо напішуць, што яна прызнаецца ў нечым. Таму Віталіна прасіла перадаць, што калі потым штосьці дзесьці вылезе, то каб усе ведалі, што яе прымусілі, — сказала Свабодзе Натальля Бандарэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG