Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацела паглядзець, наколькі сыстэма зможа сабе стрэліць у нагу». Лекарка мяркуе, што яе звальняюць «за палітыку»


Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Ніка Сяховіч
Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Ніка Сяховіч

Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Ніка Сяховіч атрымала паведамленьне, што яе звольняць з працы ў 5-й менскай клінічнай бальніцы ў сувязі з заканчэньнем кантракту. Апошні дзень яе працы ў бальніцы будзе 11 жніўня. Само паведамленьне датавана 14-м чэрвеня. Пра гэта дакторка расказала Свабодзе.

«Летась я падпісвала кантракт яшчэ на адзін год, які заканчваецца 11 жніўня. Мяне проста выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі гэтую паперу. Цікава, што дакумэнт падпісаны 14-м чэрвеня, то бок гэта паведамленьне з будучыні. Супрацоўнік аддзелу кадраў сказаў, што працадаўца працягваць кантракт са мной ня хоча. У мяне 11 жніўня тут будзе апошні працоўны дзень».


Ніка зьняла відэа, як галоўны лекар шукаў бчб-сымболіку


Паводле Нікі, за ўвесь час працы на яе не было ніякіх скаргаў і заўвагаў. Наймальнік — галоўны ўрач бальніцы Міхаіл Назарчук, які вырашае, каму кантракт працягваць, а каму не. Увосень Назарчук прыйшоў правяраць шафы, ці няма бчб-сымболікі. Ніка Сяховіч выступіла супраць такіх дзеяньняў і зьняла гэты момант на відэа.

«Галоўны ўрач разам са сваімі намесьнікамі даволі рэзка зайшоў да нас у ардынатарскую і пачаў адчыняць шуфляды, усё даставаць і правяраць. Зь яго словаў мы зразумелі, што ён прыйшоў шукаць сымболіку. На той момант у ардынатарскай знаходзіліся яшчэ двое маіх калегаў. Я яму зрабіла заўвагу, бо ён у некага ў асабістых рэчах знайшоў невялічкі вымпел з „Пагоняй“. Ён спрабаваў яго парваць, выкінуць, крычаў, што мы тут нарабілі. Я пачала гэта здымаць на відэа, бо сытуацыя мне здалася абсалютна нездаровай. Гэта ж непрымальна для працадаўцы так сябе паводзіць адносна сваіх калегаў. Як мінімум, гэта непаважліва».

Пасьля гэтага выпадку Ніка толькі адзін раз кантактавала з галоўным лекарам бальніцы, калі той не адпускаў яе ў адпачынак.

«Мне давялося ісьці да яго на асабісты прыём, але ён не падпісваў заяву на адпачынак, казаў, яго не хвалюе, што ў мяне 95-гадовая хворая бабуля ў іншай дзяржаве. Таму я брала адпачынак за свой кошт. Мая бабуля жыве на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, у Данецкай вобласьці».

Ці сапраўды існуюць сьпісы «нядобранадзейных» лекараў, згодна зь якімі ідуць звальненьні ў мэдычных установах?

«Гэтыя чуткі ходзяць і ў нас, пра гэта кажуць многія і ва ўсіх установах. Але самой паперы ніхто ня бачыў, каб можна было яе сфатаграфаваць ці сказаць, што там ёсьць такія і такія прозьвішчы».


«Мае калегі з пэўнай пазыцыяй не маглі ўладкавацца на працу»

Ніка Сяховіч
Ніка Сяховіч

Паводле Нікі, у бальніцы, дзе яна яшчэ працуе, таксама былі выпадкі звальненьняў, калі з работнікамі, якія праяўлялі актыўную жыцьцёвую пазыцыю, не працягвалі кантракт альбо прасілі напісаць заяву па ўласным жаданьні.

Ніка мяркуе, што зь ёй не працягнулі кантракт з палітычных матываў. Пакуль яна ня ведае, ці ўдасца знайсьці працу пасьля звальненьня ў дзяржаўнай ці прыватнай установе ў Менску.

«Але я ведаю, што мае калегі з пэўнай пазыцыяй не маглі ўладкавацца на працу, іх нідзе ня бралі, — кажа Ніка Сяховіч. — Я стаўлюся да ўсёй гэтай сытуацыі з гумарам, бо я меркавала, што будзе такі вынік падзей, і нават не пісала заяву па ўласным жаданьні. Я проста хацела паглядзець, наколькі сыстэма зможа сабе стрэліць у нагу: звольніць лекара падчас кадравага голаду. Аказалася, што я мела рацыю, яны могуць сабе гэта дазволіць».

«На стаўку ніхто ніколі не працуе»


На сайце сярод вакансій у 5-й бальніцы ёсьць і вакансія ўрача анэстэзіёляга-рэаніматоляга. Паводле Нікі, з прычыны недахопу лекараў гэтай спэцыяльнасьці яе калегі мусяць працаваць больш як на стаўку.

«У рэаніматолягаў, у прынцыпе, заробкі нядрэнныя параўнальна з астатнімі лекарамі. Я лекар з другой катэгорыяй, і калі працаваць на стаўку, я атрымлівала б на рукі заробак бяз „ковідных“ у 800 рублёў. „Ковідная“ даплата па ўказу складае 3000 рублёў. На стаўку ніхто ніколі не працуе, я ўвесь час на паўтары стаўкі. Выходзіць бяз „ковідных“ 1200 рублёў. Тыя, хто працуе з ковідам і спраўна атрымлівае ковідныя надбаўкі, атрымлівае добра, я ня скарджуся цяпер на свой заробак. Калі б гэта было заўсёды, то ўсё было б добра і можна было б жыць. Але мы ж ня ўсе працуем з ковідам», — кажа дакторка.

«Мы ўсе жывём на чамаданах, уся краіна»

Ніка з калегамі
Ніка з калегамі

Паводле Нікі, за калегу, якога звольнілі ў бальніцы раней, сабралі 191 подпіс, пісалі лісты і ў прафсаюз, і ў Міністэрства аховы здароўя. Але звальненьне засталося ў сіле.

Ніка Сяховіч
Ніка Сяховіч

Да сытуацыі ў Беларусі Ніка ставіцца «надзвычай нэгатыўна».

«Я пра гэта ўсюды адкрыта выказваюся, у сваіх сацыяльных сетках. Я супраць існуючага рэжыму. У мяне шмат сяброў-лекараў, якія ўжо адседзелі і якія сядзяць паўторна. Напрыклад, калега Сяргей Броўка, якога зь незразумелых прычын затрымалі другі раз і далі 30 сутак. Гэта абсурд і жывое ўвасабленьне казкі „Чыпаліна“. Лекары — гэта людзі гуманнай прафэсіі, і калі мы бачым гвалт, нам у жніўні дастаўлялі людзей у бальніцу, то мы ня можам маўчаць. І такое стаўленьне да лекараў за тое, што яны кажуць праўду, проста немагчымае».

Ці ёсьць думка зьехаць зь Беларусі і знайсьці працу за яе межамі?

«Такая думка са жніўня мінулага году ёсьць у кожнага беларуса. У мяне таксама. Мы ўсе жывём на чамаданах, уся краіна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG