Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску звольнілі кіраўніцу мэдцэнтру, якая адмовілася падпісваць ліст праўладных прафсаюзаў


Мэдыцына, ілюстрацыйнае фота
Мэдыцына, ілюстрацыйнае фота

У Рэспубліканскім цэнтры мэдычнай рэабілітацыі і бальнэалячэньня адбылася замена кіраўніка.

Натальля Карловіч
Натальля Карловіч

Страціла працу галоўная доктарка Натальля Карловіч, якая спэцыялізуецца на лячэньні цукровага дыябэту. На замену ёй прызначаны экс-начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандар Пацееў.

Інфармацыя пра кадравыя зьмены зьявілася на сайце мэдустановы.

Згодна з афіцыйным тлумачэньнем, Натальля Карловіч «не знайшла агульнай мовы з калектывам». Аднак па факце, як сьцьвярджае спэцыялізаваны тэлеграм-канал «Белые халаты», яна была сярод тых кіраўнікоў, хто падтрымаў сваіх супрацоўнікаў у рашэньні не падпісваць ліст праўладных прафсаюзаў за адмену заходніх санкцый. Тое, што на яе месца прыслалі прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, красамоўна сьведчыць пра сытуацыю, падсумоўваюць «Белыя халаты».

Таксама стала вядома, што ў прафэсійны дзень траўматоляга-артапэда, які адзначаецца 20 траўня, звольнены з прычыны грамадзянскай пазыцыі Сяргей Худніцкі — лекар вышэйшай катэгорыі, які загадваў траўматалягічным аддзяленьнем Навукова-практычнага цэнтру траўматалёгіі і артапэдыі.

Як адзначаюць ягоныя калегі, у актыве спэцыяліста мноства ўдалых апэрацый і выратаваных жыцьцяў. Дзякуючы яму зроблены інавацыйныя крокі ў разьвіцьці беларускай мэдычнай навукі, ён аўтар шэрагу патэнтаў.

Ад мінулага году з цэнтру добраахвотна і пад прымусам сышлі больш за два дзясяткі лекараў і навуковых супрацоўнікаў, і гэтых прафэсіяналаў нікім не замянілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG