Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнілі галоўнага лекара менскай дзіцячай лякарні. На знак салідарнасьці звольніўся і ягоны калега


Максім Ачарэтні

Мэдык са шматгадовым стажам Максім Ачарэтні больш не працуе на пасадзе галоўнага лекара 3-й менскай дзіцячай лякарні — звальненьне адбылося па згодзе бакоў, але ініцыятарам была ўстанова.

«Я чакаў гэтага. Тут, на гэтай пасадзе, сядзеў як на парахавой бочцы ўжо паўгода. Гэта было толькі пытаньне часу. Таму што мае дзеяньні былі „неадэкватныя“, скажам так, у дачыненьні да рэчаіснасьці», — пракамэнтаваў Максім Ачарэтні тэлеканалу «Белсат».

Падчас першай хвалі каранавірусу, калі ўлады адмахваліся ад праблемы, называючы гэта псыхозам, менавіта Максім Ачарэтні запусьціў флэшмоб «Я на працы. А вы будзьце дома». Акцыю падтрымалі многія лекары па ўсёй краіне.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Белые халаты», на знак салідарнасьці з Максімам Ачарэтнім сваю пасаду ў 3-й дзіцячай лякарні пакінуў іншы высокапрафэсійны лекар, траўматоляг Рустам Айзатулін. У гэтую ўстанову ён перайшоў пасьля звальненьня за выказваньне грамадзянскай пазыцыі з РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі.

«Адміністратары ад мэдыцыны. Вы закопваеце ахову здароўя сваімі ж рукамі — неўзабаве самі адчуеце наступствы такіх дзеяньняў. Гэты час абавязкова настане», — зьвярнуўся да чыноўнікаў галіны Рустам Айзатулін.

Рустам Айзатулін быў адным з герояў выставы пра адданую працу мэдыкаў у пандэмію «Машына дыхае, а я — не». Экспазыцыю прымусілі згарнуць, арганізатараў затрымалі і асудзілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG