Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі дэпутата і экс-кіраўніка МУС западозрылі ў шпіянажы на карысьць Расеі. Парлямэнт дазволіў яго арыштаваць


Рыга
Рыга

Праваахоўныя органы атрымалі згоду на ператрус дома і працоўнага месца парлямэнтара.

Сойм Латвіі дазволіў пракуратуры арыштаваць дэпутата ад партыі «Згода» Яніса Адамсанса, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць Расеі, паведамляе Delfi.

Служба дзяржаўнай бясьпекі прадставіла дакумэнты аб 43 эпізодах шпіянажу. Паводле вэрсіі сьледзтва, палітык апошнія чатыры гады перадаваў Расеі інфармацыю аб бюджэце арміі, закупках і ўсходняй мяжы.

Старшыня парлямэнцкай Камісіі нацыянальнай бясьпекі Марыс Кучынскіс паведаміў, што ў справе Адамсанса ёсьць сур’ёзныя доказы, якія сьведчаць, што падазрэньні ў шпіянажы абгрунтаваныя.

Палітык сваю віну адмаўляе. Кажа, яго не запрасілі на пасяджэньне камісіі, на якім прымалася рашэньне, і ён паняцьця ня мае, у чым яго вінавацяць. Адамсанc заявіў, што «за ім няма ніякіх грахоў», а адзінымі эпізодамі перадачы інфармацыі былі ягоныя інтэрвію.

Адамсанс нарадзіўся 3 лістапада 1956 году. Ён скончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча, пасьля чаго да 1979 г. служыў на Далёкім Усходзе на пагранічных вартавых караблях на розных пасадах, ад намесьніка ў палітычнай працы камандзіра ПСКР да камандзіра карабля. У жніўні 1991 году зьехаў у Латвію. У Латвіі да абраньня ў парлямэнт быў камандуючым Дзяржаўнай памежнай службы, потым кіраўніком МУС.

Генэральная пракуратура Польшчы паведаміла аб затрыманьні 31 траўня мужчыны, які таксама падазраецца ў шпіянажы на карысьць Расеі. Яго завуць Януш Н. Прозьвішча мужчыны не раскрываецца. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён на заказ супрацоўнікаў расейскай выведкі спрабаваў устанавіць кантакт з польскімі і заходнімі палітыкамі, у тым ліку прадстаўнікамі Эўрапарлямэту.

Падчас ператрусаў сілавікі знайшлі вялікую колькасьць носьбітаў інфармацыі і грашовыя сродкі на суму больш за 300 тысяч злотых ($81000).

Артыкул аб шпіянажы пагражае мужчыну 10 гадамі пазбаўленьня волі. Суд арыштаваў яго на тры месяцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG