Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя выслала двух расейскіх дыпляматаў праз падазрэньні ў шпіянажы


Будынак расейскай амбасады ў сталіцы Баўгарыі, Сафіі

Міністэрства замежных спраў Баўгарыі абвясьціла двух дыпляматаў з Расеі пэрсонамі нон грата і дало ім 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну, паведамляе bTV са спасылкай на заяву баўгарскага МЗС.

22 сакавіка пракуратура Баўгарыі паведаміла, што двое расейскіх дыпляматаў вялі выведную дзейнасьць, несумяшчальную з дыпляматычным статусам.

У амбасадзе Расеі ў Сафіі заявілі, што «гэты чарговы беспадстаўны дэмарш баўгарскіх уладаў ня будзе спрыяць далейшаму выбудоўваньню канструктыўнага расейска-баўгарскага дыялёгу».

19 сакавіка ў Сафіі былі затрыманыя некалькі чалавек, якіх падазраюць у шпіянажы на карысьць Расеі. Двое затрыманых — афіцэры баўгарскай арміі, адзін — былы супрацоўнік контравыведкі, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік пракуратуры. Паводле вэрсіі сьледзтва, яны былі завэрбаваныя расейскай вайсковай выведкай — ГРУ. Усяго абвінавачаньні вылучылі супраць шасьці падазраваных, у тым ліку супраць жонкі меркаванага рэзыдэнта расейскай выведкі.

З кастрычніка 2019 году Баўгарыя выслала восем расейскіх дыпляматаў (з улікам двух чалавек, абвешчаных пэрсонамі нон грата 22 сакавіка). Усіх іх падазравалі ў шпіянажы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG