Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны ад палітвязьняў 10 чэрвеня: Цурпанава зьмясьцілі ў карцар, пачалі збор грошай для асуджаных у «пінскай справе»


Зьняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў падчас суду.
Зьняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў падчас суду.

Свабода зьбірае апошнія навіны пра асуджаных з палітычных матываў. Артыкул абнаўляецца.

Палітвязьня Цурпанава зьмясьцілі ў карцар

Праваабаронцу і аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава зьмясьцілі ў карцэр турмы №4.

Пра гэта стала вядома жонцы актывіста Ірыне ад супрацоўнікаў вязьніцы, якія прымалі ў яе перадачу. Паводле іх, Цурпанава маюць вызваліць з ШЫЗА 11 чэрвеня. За што і калі ён трапіў туды, жанчыне не паведамілі.

Палітвязьню Валадару Цурпанаву 4 чэрвеня суд Круглянскага раёну пастанавіў зьмяніць меру пакараньня з трох гадоў «хіміі» на два гады калёніі агульнага рэжыму за парушэньне правілаў унутранага распарадку ў папраўчай установе адкрытага тыпу. На «хімію» актывіста адправіў суд Магілёўскага раёну за зьнявагу двух мясцовых судзьдзяў.

8 чэрвеня ў Ірыны Цурпанавай было спатканьне са зьняволеным мужам. Пра пагрозу пакараньня карцарам ён жонцы не казаў. Сказаў, што пасьля суду ў Круглым стаўленьне да яго ахоўнікаў зьмянілася на больш прыязнае. Некаторыя зь іх спрабуюць зь ім гаварыць па-беларуску. Паведаміў таксама, што ў турме №4 яго зьбіраюцца трымаць 3-4 месяцы.

Паводле Ірыны, Валадар ня згадваў, ці прапаноўвалі яму напісаць зварот на памілаваньне. Цурпанаў ужо быў у карцары за непадпарадкаваньне. Сукамэрнік расказаў, што прычынаю былі настойлівыя просьбы зьняволенага, каб ахоўнікі зьвярталіся да яго на беларускай мове. У судовым працэсе ён пацьвердзіў гэта, заявіўшы, што адмову гаварыць зь ім па-беларуску лічыць дыскрымінацыяй і парушэньнем канстытуцыйных правоў.

Пачаўся збор грошай на пагашэньне шкоды сілавікам і судовыя выдаткі фігурантаў «пінскай справы»

«Улада ўзнагародзіла празьмернымі пазовамі, самім нам ня справіцца», — кажуць сваякі пінскіх асуджаных.

Фонд BYSOL адкрыў пэрсанальны збор для сем'яў асуджаных пінскіх палітвязьняў.
Сума кампэнсацыі, якую 14 фігурантаў абавязаны выплаціць сілавікам і чыноўнікам цягам 30 дзён ад набыцьця моцы прысудам, складае каля 201 тысячы рублёў.

«У нашых родных у мінулым годзе скралі не толькі галасы, але і здароўе, семʼі і гады жыцьця! Затое дзейная ўлада ўзнагародзіла іх празьмернымі пазовамі, зь якімі іх семʼям проста самім не справіцца. Таму мы просім дапамогі ў зборы на пазовы для нашых хлопцаў», — заявілі сваякі асуджаных фігурантаў у апісаньні на старонцы да адкрытага збору грошай.

Дакладная сума кампэнсацыі складае цяпер 201 028,94 рубля, у тым ліку:

  • матэрыяльная шкода — 24 237,94 рубля,
  • маральная шкода пацярпелым сілавікам — 148 500 рублёў,
  • судовыя выдаткі — 10 000 рублёў,
  • і яшчэ 10% ад цэлай сумы, калі ня выплаціць кампэнсацыю за месяц ад уступленьня ў сілу прысуду.

Сваякі палітвязьняў у канцы траўня ў размове са Свабодай прызнаваліся, што ня ведаюць, дзе ўзяць такія грошы.

30 красавіка 14 фігурантам «пінскай справы» прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі.

Судзьдзя Яўген Брэган пакараў Сяргея Маўшука і Алянсандра Цярэшку – 6 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Рамана Багнаўца, Данііла Богната, Рыгора Гунько, Сяргея Ляжэнка, Станіслава Міхайлава, шматдзетнага бацьку Вячаслава Рагашчука, сябра Руха «За Свабоду» Ігара Салаўя, Артура Халімончыка – 6 гадымі калёніі ўзмоцненага рэжыму, шматдзетную маці Алену Маўшук – 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму, Дэвіда Масьціцкага, Алега Рубца, Вячаслава Шэлямета – 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Цяпер большасьць з тых фігурантаў знаходзіцца ў СІЗА Баранавічаў.

Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі гаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам дзьвюх з паловай гадзінаў пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.
Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Паводле словаў сваякоў абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне.

На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».
Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG