Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Санкцыі ЭЗ будуць нашмат шырэйшыя за тыя, што рыхтаваліся раней за выпадак з самалётам», — эўрапейскія палітыкі пра крызіс у Беларусі


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Малазе, Гішпанія, 29 траўня 2021
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Малазе, Гішпанія, 29 траўня 2021

Падчас буйной міжнароднай канфэрэнцыі Zero Corruption, якая праходзіць цяпер у Кіеве, узьнікла пытаньне дапамогі Беларусі.

У межах дыскусіі аб дэмакратычных працэсах у Грузіі, Малдове і Ўкраіне мадэратарка Ніно Эўгенідзэ, выканаўчая дырэктарка Цэнтру дасьледаваньняў эканомікі (Тбілісі, Грузія), запытала: ці дастаткова было зроблена ў сьвеце для вырашэньня сытуацыі ў Беларусі?

Сябар Эўрапарлямэнту Андрус Кубілюс сказаў, што варта быць самакрытычным, бо «мы, Захад, дагэтуль не зрабілі таго, што мусілі зрабіць» [адносна сытуацыі ў Беларусі. — РС] «...На жаль, міжнародныя трыбуналы ў адпаведнасьці зь сёньняшнімі правіламі ня могуць быць распачатыя так хутка, як хацелася б, калі мы бачым такія злачынствы, якія робяцца рэжымамі кшталту рэжыму Лукашэнкі. Таксама мы мусім прыняць пад увагу, што рэжым Лукашэнкі выжывае выключна таму, што ў яго ёсьць падтрымка Пуціна. Гэтая падтрымка дазваляе Лукашэнку як ужываць гвалт у дачыненьні да свайго народу, так і наважвацца на такія тэрарыстычныя дзеяньні, як тады, калі ён змусіў прызямліцца цывільны самалёт. Я лічу, што нам трэба ўзьняць вельмі простае пытаньне: якую цану спадар Пуцін мусіць заплаціць, калі ён працягвае падтрымліваць такі рэжым у цэнтры Эўропы», — сказаў Андрус Кубілюс, выказаўшы думку, што такое пытаньне можа быць зададзенае Ўладзіміру Пуціну падчас ягонай сустрэчы з Джо Байдэнам.

Ён таксама згадаў папярэднія гуманітарныя крызісы, зьвязаныя са злоўжываньнем уладай у іншых краінах раней, і заўважыў, што ў вырашэньні іх Эўропе бракавала лідэрства.

«Недахоп лідэрства з боку Захаду, — тут я ня толькі ЭЗ дакараю, а ўсю заходнюю супольнасьць, — гэта адна з праблемаў, якія мы мусім вырашыць. Бо менавіта з гэтай прычыны робіцца недастаткова, каб вырашыць гэты крызіс у Беларусі», — сказаў Андрус Кубілюс.

Вольга Стэфанішына, намесьніца міністра замежных спраў Украіны, выказала погляд, што адна краіна ня можа даць рады крызісу ў Беларусі, і запэўніла, што Беларусь мае падтрымку Ўкраіны.

Катарына Матэрнава, намесьніца генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па пытаньнях суседзтва і перамоваў аб пашырэньні (DG NEAR) у Эўрапейскай камісіі, адказала:

«Я думаю таксама пра Беларусь. Самалёт пасадзілі за некалькі дзён да паседжаньня Эўрапейскай рады. Рэакцыя зь яе боку была вельмі хуткай. Санкцыі рыхтуюцца, і яны будуць нашмат шырэйшыя за тыя, якія рыхтаваліся дагэтуль [да выпадку з самалётам. — РС] Мы скасавалі абсалютна ўсю фінансавую падтрымку ўрадавым структурам, мы падвоілі нашую фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, а таксама сродкі для псыхалягічнай падтрымкі ахвярам, — сказала Матэрнава. — Што найважней, мы падрыхтавалі вельмі моцны плян дэмакратызацыі Беларусі. Але, шчыра кажучы, я ня ўпэўненая, ці будзе гэтага дастаткова ва ўмовах, калі спадар Лукашэнка мае падтрымку ў Крамлі. Ці дастаткова будзе санкцый і падтрымкі тых, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі».

Канфэрэнцыя Zero Corruption праходзіць у Кіеве 7–8 чэрвеня. У ёй бяруць удзел вядучыя палітыкі, палітычныя аналітыкі з усяго сьвету, а таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, намесьнік дзяржсакратара NATO Мірча Джаанэ.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG