Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 4 чэрвеня: 30 сутак журналісту і футбалісту «Крумкачоў» Івуліну, 8 — Барысу Хамайду


Барыс Хамайда, актывіст зь Віцебску. Архіўнае фота.
Барыс Хамайда, актывіст зь Віцебску. Архіўнае фота.

У Беларусі сілавыя структуры працягваюць перасьлед людзей за грамадзянскую пазыцыю. Свабода адсочвае і апісвае падзеі. Артыкул абнаўляецца.

На экс-форварда «Гарадзеі» завялі крымінальную справу

У былога футбаліста Расьціслава Шавеля тры адміністрацыйныя арышты: 8 сутак летась у жніўня, 15 — у лістападзе, 15 — сёлета ў траўні. Апошні тэрмін неспадзявана зацягнуўся.

Як піша партал Tribuna.com, 17 траўня 20-гадовы Расьціслаў вяртаўся з працы і ля пад’езду яго затрымалі людзі ў цывільным. Суд прызначыў 15 сутак за «непадпарадкаваньне».

Насуперак чаканьням, 1 чэрвеня на волю ён так і ня выйшаў. Замест гэтага яго даставілі ў Сьледчы камітэт, дзе затрымалі яшчэ на 3 дні.

4 чэрвеня маладога чалавека перавезьлі ў менскае СІЗА № 1. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Санкцыя — да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Згодна са статыстыкай праваабаронцаў, па гэтым артыкуле цяпер праходзяць 153 палітвязьні.

4 чэрвеня на 30 дзён адміністрацыйнага арышту быў асуджаны форвард каманды «Крумкачы» Аляксандар Івулін.

Журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна асудзілі на 30 сутак «за сьцяг на акне»

3 чэрвеня невядомыя ў цывільным прыйшлі да спартовых журналістаў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі. Спачатку ўчынілі ператрус, а затым вывезьлі ў невядомым кірунку.

Увечары Яраслаў Пісарэнка здолеў паведаміць сваякам, што яны з калегам на Акрэсьціна. 4 чэрвеня іх справы разглядаў суд Фрунзэнскага раёну Менску.

Справу Аляксандра Івуліна накіравалі судзьдз Юліі Блізьнюк. На журналіста ў Фрунзэнскім РУУС склалі пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП нібыта за сьцяг на акне кватэры.

Аляксандар адмаўляў віну, бо пры ператрусе сьцяга не было. Ён заявіў хадайніцтва аб апытаньні сьведак, якія могуць гэта пацьвердзіць. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва і арыштавала вядоўцу папулярнага YouTube-каналу і форварда футбольнага клюбу «Крумкачы» Аляксандра Івуліна на 30 дзён.

Вырак былому спартоваму камэнтатару БТ Яраславу Пісарэнку пакуль не агучылі.

Пасьля кожнага звароту Случака і Нагорнай у дзяржорганы — візыт невядомых

Да заснавальнікаў ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігара Случака і Аліны Нагорнай позна ўвечары 3 чэрвеня ламіліся невядомыя. Гаспадары няпрошаным гасьцям не адчынілі, а тыя потым пайшлі апытваць суседзяў, хто ў вёсцы лепіць «апазыцыйныя налепкі».

Маладая сям’я з маленькім сынам Стэфанам жыве у вёсцы Перасека Рагачоўскага раёну на Гомельшчыне. Напярэдадні пасьля 22-й гадзіны да іх дома прыехала міліцыйская машына.

Аліна Нагорная, Ігар Случак і іх сын Стэфан
Аліна Нагорная, Ігар Случак і іх сын Стэфан

«Гучна грукалі ў дзьверы, разбудзілі дзіця, — расказала Аліна Нагорная. — Мы іх ня ведаем і не запрашалі, таму не адчынілі. Яны пастаялі паўгадзіны пад вокнамі і пайшлі да суседзяў. Цікавіліся, хто зь вяскоўцаў ляпіў „апазыцыйныя налепкі“ на дарожны знак (нармальная нагода прыехаць а палове на адзінаццатую). Прычым знак стаіць на шашы Р43, якой штодня карыстаюцца тысячы людзей, але прыехалі да нас».

Аліна Нагорная зьвязвае такую увагу з актыўнай грамадзкай дзейнасьцю «моўных інспэктараў», як яшчэ называюць сужэнцаў. Маўляў, ледзь не пасьля кожнага звароту ў дзяржаўныя інстанцыі на парозе зьяўляюцца нязваныя візытэры.

«За дзень да прыезду невядомых да нас грукаўся старшыня сельсавету. Супадзеньне? — перапытвае яна. — Акурат за тыдзень да таго да іх дайшла нашая хваля зваротаў, і старшыня нарэшце вымушаны быў выконваць свае непасрэдныя абавязкі. Так, за апошнія пару дзён у вёсцы перафарбавалі калодзежы, разраўнавалі дарогу, узялі ваду на экспэртызу, пакасілі траву на агульнай тэрыторыі, а таксама вакол дарожных слупкоў і знакаў, ды абнавілі трансфарматарную будку — усё гэта вынік нашых зваротаў».

Аліна Нагорная перакананая: звароты ў рознаўзроўневыя органы ўлады маюць рэальны эфэкт, бо такім чынам людзі самі вырашаюць, на што пойдуць іхныя падаткі. На добраўпарадкаваньне месца пражываньня, на разьвіцьцё беларускай мовы або яшчэ на штосьці важнае. Ці на лядовыя палацы, амуніцыю для сілавікоў або яшчэ штосьці горшае.

Затрыманаму ў Віцебску Барысу Хамайду прысудзілі 8 дзён арышту

У Віцебску 3 чэрвеня чарговы раз затрымалі найстарэйшага ў горадзе апазыцыянэра Барыса Хамайду. Мужчыну даставілі ў Чыгуначны РАУС. Паводле «Белсату», Барыса Хамайду, імаверна, зьмясцілі ў ІЧУ да суду.

Сёньня яго пакаралі арыштам на 8 дзён, паведамляе «Белсат». Барысу Хамайду 73 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG