Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая перамога «моўных інспэктараў» Случака і Нагорнай: дамагліся страхавых пасьведчаньняў па-беларуску


Ігар Случак і Аліна Нагорная, архіўнае фота.

Ад наступнага году страхавыя пасьведчаньні будуць вырабляцца на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай. Дагэтуль было толькі па-расейску.

Такая навацыя прадугледжаная зьменамі справаздачнасьці ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

«Ад 1 студзеня 2022 году выраб страхавога пасьведчаньня дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня будзе ажыцьцяўляцца на дзьвюх дзяржаўных мовах: расейскай і беларускай», — гаворыцца ў апублікаваным дакумэнце Фонду сацыяльнага страхаваньня.

Гэта чарговая перамога «моўных інспэктараў», заснавальнікаў ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігара Случака і Аліны Нагорнай.

Перапіска ініцыятывы «Ўмовы для мовы» зь дзяржаўнымі ведамствамі
Перапіска ініцыятывы «Ўмовы для мовы» зь дзяржаўнымі ведамствамі

«Для гэтага нам спатрэбілася ўсяго пяць зваротаў — тры ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і два ў Міністэрства працы, — сказала Свабодзе Аліна Нагорная. — Звароты дасылалі ня толькі я і Ігар, а яшчэ некалькі прадстаўнікоў ініцыятывы „Ўмовы для мовы“. Мы заўжды так робім: замест адной пэтыцыі — некалькі індывідуальных зваротаў, гэта нашмат больш эфэктыўна».

Аліна Нагорная ня думае, што дзяржаўныя ведамствы ў апэратыўным парадку будуць мяняць старыя пасьведчаньні на новыя — хутчэй за ўсё, дзьвюхмоўныя ўзоры пачнуць выдаваць тым, у каго іх яшчэ няма.

«Але калі вы, напрыклад, згубілі пасьведчаньне, дык можна зьвярнуцца на сваёй працы, у райвыканкам ці ў раённую адміністрацыю, каб яго замянілі на тое, дзе ёсьць беларуская мова», — кажа Аліна Нагорная.

Ігар Случак і Аліна Нагорная — сужэнцы са Слуцку, заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы». Заклікаюць у ліставаньнях з афіцыйнымі ведамствамі, дзяржаўнымі і камэрцыйнымі вытворцамі, спартовымі калектывамі больш актыўна карыстацца беларускай мовай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG