Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пабраліся шлюбам, каб насіць перадачы ў турму». Гісторыя каханьня з затрыманьнямі, вэрбаваньнем і ўцёкамі


Ягор і Натальля
Ягор і Натальля

Жыхарцы Менску Натальлі — 27 гадоў. Ягору — 30. Яны пазнаёміліся на «хуткіх спатканьнях». Афіцыйны шлюб лічылі «архаічным рытуалам». Але восеньскія пратэсты, затрыманьні і пагрозы крымінальнай справы прывялі іх у ЗАГС.

«Каб было каму насіць перадачы ў турму», — сьмяецца Ягор.

Натальля — інвалід другой групы. Яе пэнсія — 299 рублёў. Натуральна, пражыць на такія грошы ў сталіцы немагчыма. Дзяўчына мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Яшчэ добра валодае ангельскай. Таму падпрацоўвала выкладаньнем мовы.


«Пазнаёміліся на „хуткіх спатканьнях“, пажаніліся тэрмінова перад уцёкамі»

Натальля
Натальля

«Я сутыкнулася з сваволяй улады ў 2018 годзе, калі ў мяне пачаліся судовыя працэсы з былым працадаўцам. Гэта раз. Другое — тады пачаліся мае „блуканьні па пакутах“, калі атрымлівала групу інваліднасьці. Гэта сацыяльная абарона, паліклінікі, і ўсюды — бюракратыя і абыякавасьць. Я ўбачыла, як працуе сыстэма, дакладней, як яна не працуе. Але калі летась пачаліся палітычныя падзеі, маё непрыманьне сыстэмы перарасло на іншы ўзровень. Стаяць убаку было проста немагчыма», — кажа Натальля.

Ягор
Ягор

Ягор адукацыяй імуноляг і эколяг. Працаваў мэнэджарам. «Пакуль ня зладзіў страйк — па сёньняшні дзень», — сьмяецца малады чалавек.

Ён расказвае, што быў адным зь першых падпісчыкаў на Youtube «НЕХТА». Яго зацікавілі расьсьледаваньні пра беларускіх чыноўнікаў. «Пасьля быў мой удзел у Маршы дармаедаў, і вось так усё пакацілася і дакацілася», — кажа Ягор.

Пазнаёміліся яны на «хуткіх спатканьнях», куды трапілі выпадкова — знаёмыя запрасілі.

«Адзін раз на такія спатканьні схадзілі, паглядзелі адно на аднаго — і ўсё. Афіцыйны шлюб асабіста для мяне нічога ня значыць, архаічны рытуал. Але давялося пабрацца шлюбам, забягаючы наперад. Пасьля ўсіх гэтых гісторый Наташу маглі пасадзіць, і мы вырашылі: першае — пабрацца шлюбам на выпадак затрыманьня, другое — уцякаць з краіны, і, калі возьмуць на мяжы, то хоць будзе магчымасьць перадачы насіць у турму. Дарэчы, мы так і сказалі начальніку ЗАГС аб прычынах „хуткай“ жаніцьбы. Бо падалі заяву на шлюб у сераду, а „ўзаконілі“ адносіны ў пятніцу», — кажа Ягор.

Натальля і Ягор бяруць шлюб
Натальля і Ягор бяруць шлюб

У ЗАГСе былі сваякі і блізкія сябры, сталоў не накрывалі, тостаў не казалі. «Шлюб быў а палове на дзявятую раніцы, мы сьпяшаліся яшчэ здаць тэсты на COVID-19. Таму было не да сьвяткаваньня», — кажа Ягор. Назаўтра маладыя людзі накіраваліся ў бок Украіны.


«Калі мы хадзілі на маршы, я адказваў за бясьпеку»


Раней Ягор служыў ва ўнутраных войсках, канваірам. Добра ведаў мэтады працы ўнутраных войскаў і міліцыі. Таму на маршах адказваў за бясьпеку — і Натальліну, і сваю. Маладыя людзі часта хадзілі на маршы — спачатку «агульныя», потым дваровыя, раённыя.

«Быў такі выпадак, што нас затрымаў супрацоўнік АМАП. Я быў на адрэналіне і здолеў неяк яго ўгаварыць, каб ён нас адпусьціў. Спрацавалі навыкі красамоўства, неяк знайшоў да яго падыход. Для мяне гэта быў адзіны раз, калі я сутыкнуўся зь міліцыяй. Потым я не дапускаў такога. Як? Выкарыстоўваў усе магчымыя мэтады бясьпекі. Таму што я ніндзя», — жартуе Ягор.

Цяпер, кажа, ягоныя мэтады не спрацуюць, бо «рэпрэсіўная машына моцна раскручаная, і цяпер яны гатовыя на любую сваволю».

Паходы на агульныя маршы скончыліся для Ягора і Натальлі 1 лістапада, пасьля маршу на Курапаты. «Рупар пратэсту — тэлеграм-канал, які нельга называць, накіраваў людзей у чыстае поле, дзе па іх стралялі гумовымі кулямі, як па курапатках. Гэта было проста сафары... Было жахліва. Мы вырашылі больш не хадзіць на агульныя маршы, дзейнічаць больш схавана, але дзейсна», — патлумачыў Ягор.

Маладыя людзі пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата, за зьмены ў артыкул 23.34 КаАП, пісалі калектыўныя звароты. «За зьмены ў артыкул 23.34 за два дні мы сабралі ўдваіх каля тысячы подпісаў», — кажа Натальля.

Натальля
Натальля

Яна часта хадзіла на прыёмы да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Любецкай.

«Я думала: ну як так? Чалавек у Палаце прадстаўнікоў нібыта прадстаўляе нас, выбарнікаў акругі, стварае законы — і ня хоча несьці ніякай адказнасьці перад людзьмі! Я прапаноўвала ёй правесьці дыскусійную пляцоўку. Але яна правяла яе ў сваім Instagram — з падлеткамі 13–14 гадоў. Яшчэ яна праводзіла там апытаньне, якую ёй кнігу прачытаць. Я параіла „Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека“ — і яна мяне заблякавала. Потым яна проста ўцякала ад нас, калі мы хадзілі на прыёмы. Я ёй казала, што парушаюцца законныя правы жыхароў яе акругі, а яна мяне накіроўвала да адваката. Як так? Чалавек, які працуе над стварэньнем законаў, адмаўляўся нам іх камэнтаваць», — абураецца Натальля.

Аўтазакі, міліцыя, крымінальны вышук і ГУБАЗіК

Упершыню Натальля трапіла пад затрыманьне на маршы на Нямізе. Яна магла б уцячы. «Я бачыла высокі плот, празь які многія караскаліся, але вырашыла ня лезьці на яго, каб ня ганьбіцца і каб яны не рагаталі зь мяне. Бо яны пападалі б са сьмеху. Таму я стала ў счэпку — і мяне затрымалі», — кажа дзяўчына.

У аўтазаку ёй зрабілася блага, была паніка, яна задыхалася (у Натальлі эпілепсія), але на дапамогу ніхто не прыйшоў. У міліцыі на яе склалі пратакол, але суду тады не было — скончыўся тэрмін прыцягненьня да адказнасьці.

На адным з маршаў Наташа заступілася за дзяўчыну, якую затрымлівалі. У выніку зноў апынулася ў міліцыі. Прабыла там зь дзявятай вечара да чацьвёртай раніцы. Тады ў яе забралі «ў заклад» тэлефон і залаты пярсьцёнак. Суд пакараў яе штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Наступны раз Натальлю разам зь іншай дзяўчынай затрымалі, калі яны зьбіралі подпісы, каб дэпутатка Сьвятлана Любецкая не прадстаўляла інтарэсы выбарнікаў Старавіленскай акругі на «ўсебеларускім народным сходзе». Гэта міліцыя трактавала як «несанкцыянаваны пікет».

Чарговы штраф быў — 45 базавых велічынь.

«Я актыўнічала ў дваровых і раённых чатах. Перад Днём Волі мяне выклікалі ў крымінальны вышук Фрунзэнскага РАУС і прапанавалі „супрацоўніцтва“: я буду здаваць ім актывістаў, а яны мяне за гэта не пасадзяць. Міліцыянты паказалі мне відэа з аднаго з маршаў і пагражалі крымінальнай справай за ўдзел. Я ўключыла „рэжым дурніцы“, маўляў, я ж дзяўчынка, не магу так адразу пагадзіцца, мне трэба падумаць, я нават тры дні думаю, ісьці мне на спатканьне ці не. У выніку я выйшла, і мы зь Ягорам затаіліся на час, ні ў чым ня ўдзельнічалі адкрыта», — кажа дзяўчына.

19 траўня да маладых людзей прыйшоў ГУБАЗіК зь ператрусам. У пастанове было напісана пра крымінальную справу за «масавыя беспарадкі». У Натальлі і Ягора забралі тэхніку, а ў Ягора, нават бяз запісу ў акце аб ператрусе, — працоўную кніжку і дыплём.

«Мы зразумелі, што пахне смажаным, і вырашылі ўцякаць», — кажа Натальля.

Яны пабраліся шлюбам і паехалі ва Ўкраіну.

«Напэўна, я не вярнуся ў Беларусь»


У Кіеве Ягора і Натальлю сустрэлі прыязна.

«У Беларусі мы сутыкаліся з большымі цяжкасьцямі, чым тут, ва Ўкраіне. Я скажу такую рэч, што, мусіць, я не вярнуся ў Беларусь...

Я ведаю сваіх сваякоў, сяброў, знаёмых... Яны нічога ня хочуць зьмяняць і гатовыя працаваць за жабрацкія заробкі. Наогул мы ўсе вінаватыя ў тым, што адбываецца. Бо гэта ўсё адбываецца з нашай агульнай маўклівай згоды. Наўрад ці хутка ў Беларусі будуць нейкія зьмены. Я думаю, што калі што і адбудзецца, то, можа, гадоў праз восем. Мне шкада, што страчана мая „сацыяльная інфраструктура ўзаемадзеяньня з грамадзтвам“ — сваякі, сябры... Шкада, што можа так быць, што я ўжо ня ўбачу сваіх дзядулю і бабулю. Гэта квіток у адзін канец», — разважае Ягор.

Натальля мяркуе больш аптымістычна. Яна хоча вярнуцца ў Беларусь і верыць у перамены.

«Я веру ў новую Беларусь, якую мы адбудуем, калі вернемся. Дзе дэпутаты будуць дбаць пра дабрабыт сваіх выбарнікаў, дзе суды будуць справядлівыя, дзе будзе здаровая канкурэнцыя паміж кандыдатамі на розныя пасады», — кажа яна.

Натальля і Ягор шкадуюць, што праз тэрміновыя ўцёкі не пасьпелі аформіць дакумэнты на сваіх пяць катоў. Але вераць, што пазьней, калі ўладкуюцца на новым месцы, перавязуць і катоў да сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG