Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РСЭ/РС патрабуе адмены загаду «Роскомнадзора» наконт СМІ — «замежных агентаў»


Рэдакцыя Радыё Свабода ў Маскве
Рэдакцыя Радыё Свабода ў Маскве

«Загад “Роскомнадзора” аб парадку маркіроўкі журналісцкіх матэрыялаў так званымі СМІ — „замежнымі агентамі“ павінен быць адменены, — лічыць Андрэй Шары, генэральны дырэктар ТАА „РСЕ/РС“, які прадстаўляе ў Расеі інтарэсы мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. — Гэты загад, як і іншыя палажэньні расейскага заканадаўства аб „замежных агентах“, парушае нормы міжнароднага права, Канстытуцыю РФ, Закон аб СМІ, супярэчыць прынцыпам роўнай канкурэнцыі на мэдыярынку і роўнага свабоднага доступу да інфармацыі».

Гэтыя заявы зробленыя на праведзеным у рамках Санкт-Пецярбурскага эканамічнага форуму дзелавым сьняданку «Замежныя СМІ — замежныя агенты ў Расеі», арганізаваным МЗС РФ. Нягледзячы на назву, большая частка сустрэчы была прысьвечаная крытыцы заканадаўства ЗША аб «замежных агентах» і захадах дзеля абмежаваньня расейскага інфармацыйнага ўплыву ў іншых заходніх краінах, якія ў Маскве лічаць несправядлівымі. Прадстаўнікі РСЭ/РС і дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу ў Маскве атрымалі для сваіх рэплік агулам ня больш за пяць-сем хвілін у самым канцы мерапрыемства.

Дырэктар дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі Марыя Захарава, гаспадыня сьняданку, паведаміла, што расейскае заканадаўства аб «СМІ — замежных агентах» — люстраны адбітак дзеяньняў ураду ЗША «супраць расейскіх журналістаў у Амэрыцы». «Мы вымушаныя дзейнічаць паводле прынцыпу «Вока за вока», — адзначыла яна. На думку Захаравай, «журналісты, якія прадстаўляюць СМІ — замежныя агенты, не сутыкаюцца [у Расеі] з абмежаваньнямі і карыстаюцца тымі самымі правамі, што і ўсе астатнія працаўнікі гэтай сфэры ў Расеі». Кіраўнікі РСЭ/РС і прадстаўнікі міжнародных журналісцкіх арганізацый неаднаразова абвяргалі гэты пункт гледжаньня, называючы ўмовы, у якіх Радыё Свабода дзейнічае ў Расеі, несупастаўнымі з умовамі працы тэлеканалу RT і іншых праектаў агенцтва «Россия сегодня» ў ЗША.

Расейскія ўлады штрафуюць Радыё Свабода, тэлеканал «Настоящее время» і іншыя расейскамоўныя праекты РСЭ/РС за невыкананьне асобных палажэньняў заканадаўства аб так званых СМІ — «замежных агентах». У студзені-траўні 2021 году Роскомнадзор склаў і накіраваў у суд 520 пратаколаў аб парушэньні РСЭ/РС загаду Роскомнадзора аб жорсткіх правілах маркіроўкі публікацый, які ўступіў у сілу мінулай восеньню. Агульная сума штрафаў па ўжо вынесеных судовых рашэньнях складае больш за 100 мільёнаў расейскіх рублёў. ТАА «РСЭ/РС» абскарджвае прынятыя супраць яго судовыя рашэньні, аднак апэляцыі нязьменна пакідаюцца без задавальненьня Цьвярскім раённым судом. У сярэдзіне траўня прадстаўнікі РСЭ/РС зьвярнуліся з пазовам супраць расейскіх уладаў у Эўрапейскі суд правоў чалавека. Абмежавальныя захады супраць Радыё Свабода і іншых расейскамоўных праектаў РСЭ/РС, як і накладаныя на РСЭ/РС велізарныя штрафы, уяўляюць сабою цэнзуру і маюць сваёй мэтай выштурхоўваньне незалежных СМІ з расейскай публічнай прасторы, сказана ў пазоўнай заяве мэдыякарпарацыі.

  • 2 чэрвеня Роскомнадзор паведаміў пра намер распачаць у чэрвені-ліпені 2021 году 130 новых справаў аб адміністрацыйных парушэньнях супраць ТАА «РСЭ/РС» і яе генэральнага дырэктара. Агульная сума штрафаў па гэтых новых справах можа перавысіць 70 мільёнаў расейскіх рублёў. «Усё большы ціск на нас і іншыя незалежныя СМІ ў Расеі наносіць шкоду расейскаму грамадзтву, пазбаўляючы яго выбару крыніц інфармацыі, — заявіў у сувязі з гэтым прэзыдэнт мэдыякарпарацыі РСЭ/РС Джэймі Флай. — Аднак, нягледзячы на ўсе атакі на нашу дзейнасьць, мы працягнем перадаваць сваёй аўдыторыі правераныя навіны і аб’ектыўную інфармацыю».
  • У траўні Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс СМІ — «замежных агентаў» сайт Meduza.io і дзелавы СМІ VTimes. «Медуза» спрабуе аспрэчыць рашэньне ў судовым парадку, адзначаючы, што прымяненьне закону разбурае камэрцыйную бізнэс-мадэль СМІ і ставіць яго на мяжу закрыцьця. Рэдакцыя VTimes абвясьціла аб закрыцьці сайта з 12 чэрвеня. У заяве журналістаў сказана, што калектыў ня хоча працаваць у нішы «апазыцыйных палітычных СМІ» і ставіць супрацоўнікаў пад пагрозу.
  • Служба судовых прыставаў у траўні распачала 20 выканаўчых вытворчасьцяў аб прымусовым спагнаньні штрафаў з ТАА «РСЭ/РС». Банкаўскія рахункі ТАА заблякаваныя, у памяшканьні рэдакцыі прыставы правялі фатаздымку абсталяваньня і мэблі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG