Праз два дні пасьля таго, як грамадзкая арганізацыя «Адкрытая Расія» абвясьціла аб спыненьні сваёй дзейнасьці, супраць былога выканаўчага дырэктара арганізацыі Андрэя Піваварава адкрылі справу паводле артыкула 284.1 Крымінальнага кодэксу («ажыцьцяўленьне дзейнасьці непажаданай арганізацыі») з максымальным пакараньнем ад двух да шасьці гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе DW.
Праз два дні, 31 траўня, Піваварава зьнялі з рэйсу ў Варшаву ў аэрапорце Пулкава і правялі ператрус у ягонай кватэры.
На наступны дзень пасьля арышту Піваварава адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, былы дэпутат Дзярждумы Дзьмітры Гудкоў паведаміў пра ператрусы на ягонай дачы пад Масквой. Акрамя таго, ператрус прайшоў у маскоўскай кватэры апазыцыянэра, кватэрах яго цёткі і брата, а таксама кватэры і памяшканьні былога офіса Генадзя Гудкова, бацькі Дзьмітрыя (таксама былога дэпутата расейскага парлямэнта, палкоўніка ФСБ у адстаўцы).
Дзьмітрыя Гудкова затрымалі да суду. Палітыка падазраюць у крымінальнай справе аб прычыненьні маёмаснай шкоды. Гаворка ідзе аб нявыплаце доўгу па дамове арэнды нежылога памяшканьня ў 2015-2017 гадах, а пацярпелым выступае Дэпартамэнт гарадзкой маёмасьці.
Расейскія апазыцыйныя палітыкі і паплечнікі актывістаў зьвязваюць затрыманьне Піваварава і Гудкова з маючымі адбыцца восеньскімі выбарамі ў Дзярждуму Расеі і жаданьнем Крамля нгэўтралізаваць патэнцыйных супернікаў.