Як расказаў сам Півавараў, ён ляцеў на адпачынак і ўжо прайшоў мытны кантроль, падчас якога да яго ня ўзьнікла ніякіх пытаньняў. Потым палітык сеў у самалёт, які пачаў рух да ўзьлётнай паласы. Толькі пасьля гэтага лайнэр спынілі і Піваварава вывелі з салёну супрацоўнікі ФСБ.
Паведамляецца, што гаворка ідзе пра рэйс Санкт-Пецярбург — Варшава польскай авіякампаніі LOT; ягоны вылет быў адкладзены больш чым на гадзіну.
Пасьля затрыманьня экс-дырэктара «Адкрытай Расеі» павезлі на допыт у Сьледчы камітэт. Адтуль Півавараў перадаў праз свайго адваката ліст, зь якога ясна, што на яго завялі крымінальную справу аб дзейнасьці «непажаданай арганізацыі». Пры гэтым справа была заведзеная ў Краснадары, куды апазыцыянэра зьбіраюцца даставіць неўзабаве.
Раней грамадзкая арганізацыя «Адкрытая Расея» абвясьціла аб самаліквідацыі. Уся яе дзейнасьць спыненая, тэрытарыяльныя аддзяленьні закрытыя, сяброўства ўдзельнікаў анулявана.
Адкрытая Расея — расейская грамадзкая арганізацыя, заснаваная ў 2001 на ініцыятыву Міхаіла Хадаркоўскага, які таксама стаў старшынём праўленьня.
- Закон аб непажаданых арганізацыях быў падпісаны Ўладзімірам Пуціным у траўні 2015 году. Згодна з дакумэнтам, ім забараняецца працаваць на тэрыторыі Расеі.
- Непажаданай можа быць прызнана любая няўрадавая арганізацыя, якая, на думку генэральнага пракурора або яго намесьніка, нясе «пагрозу бясьпецы дзяржавы і асновам канстытуцыйнага ладу». Пасля ўнясеньня ў сьпіс непажаданых усе рахункі арганізацыі замарожваюцца. Таксама мусяць быць закрытыя ўсе яе аддзяленьні. Супрацоўнічаць з такімі арганізацыямі забаронена.
- 26 красавіка 2017 году Генэральная пракуратура прызнала непажаданымі зарэгістраваныя ў Вялікай Брытаніі і зьвязаныя зь Міхаілам Хадаркоўскім структуры Open Russia Civic Movement і OR (Адкрытая Расея). У расейскім руху «Адкрытая Расея», а таксама ў аднайменнай грамадзкай арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што яны не зьвязаныя з гэтымі структурамі.