Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік ФСБ у адстаўцы пра «пераварот» у Беларусі: Калі вы зьнішчаеце ўсе легальныя спосабы зьмены ўлады — чакайце іншага


Генадзь Гудкоў
Генадзь Гудкоў

Палкоўнік ФСБ у адстаўцы і экс-дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Генадзь Гудкоў у інтэрвію Свабодзе прааналізаваў заявы расейскіх і беларускіх спэцслужбаў наконт нібыта плянаванага замаху на Лукашэнку і спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.

Хто такі Гудкоў:

  • з 1982 па 1993 год служыў у органах дзяржбясьпекі СССР і РФ
  • дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ў 2001–2012 гадах
  • у 1997-2001 гадах Гудкоў быў чальцом кансультатыўнай рады пры дырэктару ФСБ
  • расейскі апазыцыйны палітык
  • у 2019 годзе пакінуў Расею з прычыны небясьпекі арышту. Жыве ў Баўгарыі

Пра тое, што на відэа з маскоўскага рэстарану:

«Перад намі абмеркаваньне магчымасьці зьмены ўлады ў Беларусі»

«Давайце спачатку аддзелім зерне ад пустазельля. Я пра дзяцей нічога ня чуў нават на гэтых апэратыўных здымках. Я чуў пра Аляксандра Лукашэнку і далей.

Перад намі абмеркаваньне магчымасьці зьмены ўлады ў Беларусі. Як мы ведаем, улада там узурпаваная. У прэамбуле Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ёсьць права народу, які прыгнятаюць, на паўстаньне і зьвяржэньне дыктатара („неабходна, каб правы чалавека ахоўваліся ўладай закону з мэтай забесьпячэньня таго, каб чалавек ня быў вымушаны ўжываць, у якасьці апошняга сродку, паўстаньне супраць тыраніі і прыгнёту“ . — РС). Гэтую дэклярацыю падпісаў у 1948 годзе СССР і тыя краіны, якія ўваходзілі ў яго склад.

Калі ўлада ўзурпаваная, а народ прыгнятаецца, — а мы ведаем, што рабілі „фашыствуюшчыя элемэнты“ на Акрэсьціна і ў іншых турмах, катаваньне і зьдзекі, — ня трэба пасьля гэтага меркаваць, што народ будзе любіць Лукашэнку. Беларускі народ пазбаўлены права фармаваць уладу, ён мае права на паўстаньне, так запісана ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека».

Пра тое, ці быў гэта плян перавароту:

«Гэта не антыканстытуцыйны пераварот, бо такі пераварот у Беларусі адбыўся ў жніўні»

«Гаворка на відэа ідзе пра блякаваньне дыктатара і найвышэйшых асобаў у дзяржаве. Гэта размова. Мы з вамі ня бачым аніводнага фактара або факта, якія б пацьвярджалі рэалізацыю гэтага пляну. Мы ня бачым ані зброі, ані сховішчаў, ані грошай, ні пароляў, ні явак, ні партызанаў. Людзі сабраліся абмеркаваць плян зьмены ўлады ў Беларусі. Яны маюць такое права. Яны цудоўна разумеюць, што шляхі легальнай палітычнай зьмены ўлады зьнішчаныя.

Калі ў краіне зьнішчаюцца легальныя, цывілізаваныя і бесканфліктныя спосабы зьмены ўлады, то чакайце іншага. Казаць пра тое, што цяпер у Беларусі дзейнічаюць нейкія законы, было б вельмі легкадумна.

Гэта не антыканстытуцыйны пераварот, бо такі пераварот у Беларусі адбыўся ў жніўні».

Пра ролю спэцслужбаў:

«Падставілі, унушылі, легендавалі, што сярод іх генэралы»

«Мой жыцьцёвы, апэратыўны і палітычны досьвед кажа аб тым, што гэта добра разыграная правакацыя, апэратыўная гульня, якую вядуць спэцслужбы праз сваю агентуру або штатных супрацоўнікаў пад прыкрыцьцём з гэтымі няўдалымі змоўшчыкамі. Па вялікім рахунку, з чайнікамі. Яны сталі ахвярамі апэратыўных камбінацый спэцслужбаў. Іх падставілі, унушылі, легендавалі, што сярод іх генэралы.

Была ў савецкі час бліскучая апэрацыя па выманьваньні Барыса Савінкава, ворага савецкай улады. ЧК пайшло на стварэньне, па сутнасьці, фікцыйнай падпольнай арміі, якая павінна была пераканаць эмісараў Савінкава, што ўсё насамрэч гатова да барацьбы з савецкай уладай. А ён проста мусіў прыехаць, паглядзець і натхніць. У лясах для гэтага стваралі базы, пераапраналі чэкістаў. Гэтую кансьпіратыўную сетку эмісарам Савінкава паказалі ў розных гарадах СССР. Савінкаў купіўся на гэта, перайшоў мяжу і быў узяты. Цяпер адбылося прыблізна тое самае. Гэта някепская і граматная гульня беларускіх спэцслужбаў, якія стаяць сёньня не на абароне радзімы, закону або Канстытуцыі. Яны проста зьяўляюцца слугамі рэжыму, які ўзурпаваў уладу.

ФСБ падыграла і дапамагло. У Пуціна такія ж праблемы, як і ў Лукашэнкі. Магчыма, не цяпер, але ў будучыні. Пуцін і Лукашэнка ненавідзяць адзін аднаго, але няшчасьце трымаць уладу на штыках — збліжае іх. А рэпутацыя, што ў КДБ, што ў ФСБ ці ў ГРУ, вельмі моцна заплямленая непрафэсіяналізмам, і ўдзелам у актах дзяржаўнага тэрору, і абаронай рэжымаў, якія ўзурпавалі ўладу.

Пра заяву Пуціна аб «падрыхтоўцы забойства Лукашэнкі»:

«Гэта ня мог быць плян замаху на прэзыдэнта, бо прэзыдэнтам яго ніхто ня лічыць»

«Які ён прэзыдэнт, калі за яго ніхто не галасаваў. Гэта ня мог быць плян замаху на прэзыдэнта, бо прэзыдэнтам яго ніхто ня лічыць, акрамя яго самога або тых, каму па пасадзе трэба так лічыць. І ніякіх заходніх спэцслужбаў там і блізка няма. Уся сувязь Зянковіча са спэцслужбамі заключаецца ў тым, што ён жыве ў ЗША. У ЗША жыве 12 млн выхадцаў з СССР. Было б сьмешна лічыць іх супрацоўнікамі амэрыканскіх спэцслужбаў. Як бы сьмяяліся ў ЦРУ, калі б пра гэта даведаліся.

Хлопцы папаліся. Відаць, яны і сапраўды былі б гатовыя змагацца з уладай. Але ня толькі яны. Большая частка насельніцтва Беларусі была б гатовая ўдзельнічаць у зьмене ўлады. Бо яны ўжо стаміліся ад гэтай. Але гэта ня той крымінал, які ім шыюць».

Пра мэты Расеі:

«Лішні аргумэнт Пуціна для ціску на Лукашэнку»

«Па-першае, стварыць прэцэдэнт. Маўляў, бачыце, якія мы крутыя. Калі вы на нас вякнеце, мы вас тут усіх у барані рог. Па-другое, Лукашэнка пастаянна падманвае Пуціна, то гатовы, то нешта замінае. А цяпер яму няма куды падзецца. Мы ж, маўляў, табе памаглі, Аляксандар Рыгоравіч, больш не брыкайся, хадзі сюды. Нам трэба будаваць саюзную дзяржаву, давай сюды. Гэта лішні аргумэнт Пуціна для ціску на Лукашэнку, для фармаваньня адпаведнага маральна-псыхалягічнага клімату. Расеі гэта выгадна».

Пра спадзяваньне часткі беларусаў на Пуціна:

«Беларусі спадзявацца на Маскву абсалютна бессэнсоўна, небясьпечна і шкодна»

«Гэта, можа, і не дыягназ, але рэшткі ілюзіі, ад якіх трэба пазбаўляцца як мага хутчэй. Расея — гэта тое ж самае, што і Беларусь, але дзе працэсы затрымаліся недзе на паўгода. Нічога добрага для Беларусі пры пуцінскім рэжыме на чакайце. Пакуль ня зьменіцца ўлада ў Расеі, Беларусі спадзявацца на Маскву абсалютна бессэнсоўна, небясьпечна і шкодна. Пуцін ужо практычна збудаваў паліцэйскую хунту, ён узурпаваў уладу, вырашыў трымаць яе грубай сілай. Чаго вы чакаеце ад расейскага рэжыму ў гэтай сытуацыі? Чаго чакаюць беларусы ад паліцэйскай хунты Пуціна? Ніякі чалавек, пастаўлены Крамлём у Беларусі, нічога добрага для Беларусі ня зробіць. А можа, нават зробіць горш.

Я лічу, што Беларусь павінна сваім шляхам ісьці ў Эўропу. Гэта будзе самае карыснае, што можа зрабіць беларускі народ для вызваленьня расейскага народу. У жніўні маглі. Я вельмі шкадую, што не знайшліся рашучыя людзі, якія бяз зброі і крыві маглі б зьмяніць уладу ў Беларусі. Чым хутчэй Беларусь і Ўкраіна стануць эўрапейскімі краінамі, тым хутчэй скончыцца гэты жах у Расеі.

Пуцін цяпер нікуды не ўвядзе войскі. У рэжыму няма сілаў, і адносіны насельніцтва мяняюцца. Пуцін ужо згубіў падтрымку. Нават «ватнікі», з мазгамі, прамытымі нашымі «дэбілТВ», нават гэтыя людзі адварочваюцца ад рэжыму і пачынаюць бачыць і ўсьведамляць. Чаму ў Расеі пачаўся жорсткі рэжым паўтара года таму? Бо яны страцілі большасьць. І яны хочуць гэта кампэнсаваць жорсткасьцю і падаўленьнем».

Пра шлях Беларусі:

«Калі ж вы хочаце, каб вашай ідэалёгіяй і дактрынай была карупцыя — Welcome to Russia»

«Няхай Беларусь лепш глядзіць на суседзяў: Польшчу, Латвію, Літву, Эстонію. У гэтых краінах вышэйшы ўзровень жыцьця, пры тым, што ў іх няма ніякіх рэсурсаў — ні нафты, ні газу, ні золата. І жывуць лепш, чым людзі ў Расеі. Бо ў іх свабода, ініцыятыва, творчасьць. А Расея мае першае месца ў сьвеце па рэсурсах, і на 90-х пазыцыях па ВУП на душу насельніцтва.

Я не хачу сказаць, што гэты шлях Беларусі будзе бясхмарны. Зразумела, што калі мы прадукуем нікому не патрэбныя трактары, Белазы, тэлевізары ці чайнікі, то ясна, што нейкая ломка будзе. СССР таксама процьму рэчаў прадукаваў. А толку? Гэта нікому не было патрэбна. Мы рабілі машыны, ад якіх быў суцэльны плач. Мы рабілі трактары, якія псаваліся на кожным кілямэтры. Мы шылі вопратку і абутак „бывай, маладосьць“, а ўсе стаялі ў чэргах па любы імпарт. А фарца заходнім рызьзём квітнела, хоць і лічылася злачынствам.

Мы прадукавалі мора валавога прадукту. Мы былі чэмпіёнамі па прадукцыі г...на. Была, праўда, някепская сацыяльная палітыка, адукацыя, навука, і то зьвязаная пераважна з абаронным комплексам. Тое самае і зь Беларусьсю. Калі вы прадаяце малако, якое могуць купіць толькі ў Расеі, то значыць, што вы робіце ня тое малако. Калі трактар ваш можа араць землі толькі ў Курганскай вобласьці, а ў нармальныя рэгіёны яго ня пусьцяць, то навошта рабіць такі трактар? Людзі павінны навучыцца працаваць, як гэтага сёньня вымагае тэхналягічнае становішча.

Калі ж вы хочаце, каб вашай ідэалёгіяй і дактрынай была карупцыя — Welcome to Russia».

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG