Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра дзяржаўны пераварот і дзяцей у склепе. Нестыкоўкі ў афіцыйных вэрсіях


Кадр з рэпартажу тэлеканалу АНТ
Кадр з рэпартажу тэлеканалу АНТ

У сэнсацыйных паведамленьнях пра «ўзброены мяцеж» і пляны забойства Лукашэнкі шмат дзіўнага. Адзначу толькі некалькі супярэчнасьцяў і нестыковак.

1. Ва ўсе часы і ва ўсім сьвеце вайсковы пераварот робяць вайскоўцы ці прадстаўнікі спэцслужбаў. То бок нейкія вайсковыя фармаваньні, людзі са зброяй. У нашым выпадку пра ўзброены пераварот гавораць абсалютна мірныя людзі, ніяк не зьвязаныя з вайскоўцамі: літаратуразнаўца і публіцыст Аляксандар Фядута, амэрыканскі адвакат Юрась Зянковіч і лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Плюс амэрыканскія грамадзяне (былыя беларусы) філёзаф Аляксандар Перапечка, трэнэр Павел Кулажанка, псыхіятар Дзьмітрый Шчыгельскі. Праўда на далёкім пляне фігуруе Ігар Макар, але ён зволіўся з МУС Беларусі яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў у званьні старшага лейтэнанта.

У паведамленьні расейскага ФСБ адзначаецца, што гэтыя змоўнікі нібыта сустракаліся ў Маскве зь «беларускімі генэраламі» для абмеркаваньня дзяржперавароту. Чаму генэралы, няхай і падстаўныя, пагадзіліся абмяркоўваць плян перавароту з амэрыканскім адвакатам і беларускім літаратуразнаўцам? Нейкі танны вадэвіль, а не сур’ёзны плян.

2. Лукашэнка кажа, што «мы выявілі працу відавочна замежных спэцслужбаў – хутчэй за ўсё ЦРУ, ФБР». На якой падставе? Што некалькі фігурантаў справы – амэрыканскія грамадзяне? Гэта людзі абсалютна мірных прафэсій.

3. Мусіць, каб нагнаць жарсьцяў, зьявіўся сюжэт пра дзяцей Лукашэнкі. У відэафільме па АНТ гаворыцца пра пляны змоўнікаў наконт «фізычнай ліквідацыі прэзыдэнта, яго сям'і, дзяцей». А сам Лукашэнка казаў трохі іншае: «У плянах – захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца … «пасадзім у склеп» … дарэчы, у Гомельскай вобласьці і склеп падрыхтавалі». Дык забіць ці пасадзіць у склеп? Чаму ў склеп, ды яшчэ ў Гомельскай вобласьці? Вось гэты сюжэт пра дзяцей у склепе неяк падрывае ўвесь трагічны патас гэтай гісторыі.

4. Спачатку Лукашэнка кажа: «Мы затрымалі групу» (маецца на ўвазе змоўнікаў). Потым зь ягоных словаў выяўляецца, што «затрымалі некалькі груп», былі сувязі зь «іншымі тэрарыстычнымі фармаваньнямі». Дык вы неяк вызначцеся, колькі было групаў.

5. У паведамленьні ФСБ Расеі гаворыцца пра пляны «ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары «каляровых рэвалюцый» з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў». Тут кожны тэзіс выклікае пытаньні.

Па-першае, «ваенны пераварот» і сцэнары «каляровых рэвалюцый» – рэчы несумяшчальныя. Клясычная «каляровая рэвалюцыя» – гэта мірная рэвалюцыя. Тут ці адно, ці другое. А ў адным фляконе – гэта нейкі дзіўная нелягічная сумесь.

Па-другое, пераварот нібыта плянавалі зрабіць мясцовыя нацыяналісты. Ну хто ж яшчэ? Вядома ж, нейкія русафобы, ворагі інтэграцыі з Расеяй. Як мясцовыя нацыяналісты з Партыі БНФ, як правіла, інтэлігенты, могуць зрабіць вайсковы пераварот, мы задавалі пытаньне ў п.1.

І па-трэцяе, як жа без «украінскіх нацыяналістаў»? Іх ФСБ бачыць на кожным рагу.

6. Яшчэ адна нестыкоўка – у тэрмінах. АНТ даводзіць, што дзяржаўны пераварот плянаваўся на чэрвень або ліпень. А ў паведамленьні ФСБ гаворыцца, што пераварот зьбіраліся зладзіць у Менску 9 траўня падчас параду Перамогі.

Але, мусіць, моцна сьпяшаліся, каб паведаміць народу пра раскрытую змову. Калі ставіцца задача агаломшыць, то тут не да чысьціні жанру.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG