Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы Zoom-сустрэчы ні для кога не сакрэт». Пагаварылі з удзельнікамі відэа, якіх вінавацяць у падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку


Кадр зь сюжэту АНТ
Кадр зь сюжэту АНТ

Увечары 17 красавіка ў рэпартажы тэлеканалу АНТ з удзелам кіраўніка КДБ Івана Тэртэля заявілі, што ўлетку ў Беларусі плянаваўся пераварот і ліквідацыя Аляксандра Лукашэнкі. У доказ прывялі запіс відэаразмовы ў Zoom з удзелам сямі чалавек, на якой нібыта абмяркоўваліся дэталі апэрацыі.

Адзін з удзельнікаў той відэагутаркі расказаў Свабодзе, што гэта было.

Двух удзельнікаў згаданай Zoom-канфэрэнцыі — Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ у Менску. Яшчэ аднаго ўдзельніка, лідэр партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі ў Беларусі. Ён таксама ў СІЗА КДБ.

Акрамя іх, у размове ўзялі ўдзел былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, Павал Кулажанка, які служыў ва Ўнутраных войсках і АМАПе, псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі і экспэрт у статыстычных мадэлях і Ўсходняй Эўропе Аляксандар Перапечка.

«На гэтай пляцоўцы мы абмяркоўваем усе магчымыя і немагчымыя варыянты»

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Перапечка зьдзівіўся, што гутаркі яго і ягоных калегаў у Zoom сталі падставай для гучных заяваў аб тэрарызьме. Навуковец кажа, што такія рэгулярныя відэаразмовы праводзяцца ўжо амаль паўгода. Дарэчы, гэты факт Свабодзе пацьвердзіў яшчэ адзін удзельнік дыскусій, які пажадаў не называць сваё імя публічна.

Аляксандар Перапечка
Аляксандар Перапечка

Хто такі Перапечка:

  • Скончыў асьпірантуру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і дактарантуру Вашынгтонскага ўнівэрсытэту (Сіэтл, ЗША).
  • Кандыдат геаграфічных навук ў спэцыяльнасьці «Эканамічная і сацыяльная геаграфія».
  • Доктар філязофіі ў спэцыяльнасьці «Эканамічная, сацыяльная і палітычная геаграфія».
  • Кансультант у геапалітыцы, геастратэгіі і элітах у праекце www.geostrategy.info.

Перапечка называе гэтыя відэагутаркі віртуальнай пляцоўкай агульнанацыянальнага дыялёгу. Тэзісы некаторых з гэтых дыскусій публікуюць на сайце geostrategy.info.

Наступная відэасустрэча мае адбыцца на наступным тыдні.

«У Беларусі загінулі людзі, прапалі бязь вестак. Арыштаваных, затрыманых, пабітых, катаваных — дзясяткі тысяч. Пачаўся сыход насельніцтва зь Беларусі: людзі бягуць у іншыя краіны. На гэтай пляцоўцы мы абмяркоўваем усе магчымыя і немагчымыя варыянты, магчымасьці, сцэнары выхаду з глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі. Праводзяцца гульні тыпу „сінія супраць чырвоных“. Зум-размовы ні для кога не сакрэт. Мы запісваем іх, паказваем патэнцыйным гледачам, шукаем новых цікавых суразмоўцаў. Гаварыць, абмяркоўваць можна і трэба ЎСЁ. А вось для таго, каб падрыхтаваць і правесьці нейкую акцыю, патрэбны вялікія сродкі і прафэсійнае плянаваньне. У нас няма ні мільёнаў даляраў, ні спэцыялістаў на ўзроўні генэралаў генштабу».

«Былі і лекцыі, і гульні Wargames па тэме coup d’etat»

Перапечка кажа, што ўдзельнікі такіх відэагутарак самыя розныя: інтэлектуалы, палітыкі, грамадзкія дзеячы, навукоўцы, айцішнікі. Ніякай арганізацыі яны, па яго словах, не стваралі.

«Мы хацелі б пашырыць кола ўдзельнікаў, запрасіць новых людзей. Хтосьці, каго мы запрашаем, згаджаецца ўдзельнічаць у дыскусіі. Іншыя адмаўляюцца — можа, баяцца. Яшчэ тут праводзяцца лекцыі, брыфінгі. Былі і лекцыі і гульні Wargames па тэме coup dʼetat. Фінансаваньня ніякага няма. — кажа Перапечка. — Гэта як кампутарная гульня. Раней гэта рабілі на кардонках, зь фішкамі, кідалі кубік і г. д. У ВНУ пасьля лекцый ідуць практычныя і лябараторныя заняткі. А як яшчэ засвоіць тэарэтычны матэрыял?»

Паводле Перапечкі, відэагутаркі — гэта была самаарганізацыя па прынцыпе «Што рабіць? Давайце абмяркоўваць!»

«Калі я пачну называць тыя імёны, якія запомніліся, то баюся, што непрызнаны „прэзыдэнт“ Лукашэнка пашле непрызнаны беларускі КДБ захопліваць гэтых людзей у ЗША, ЭЗ і іншыя краіны».

«Было б непрафэсійна не абмяркоўваць пераварот»

На пытаньне, ці абмяркоўвалася падчас такіх відэагутарак тэма перавароту ў Беларусі, Аляксандар Перапечка адказаў станоўча.

«Дзяржаўны пераварот — асноўны спосаб сыходу крывавых дыктатураў. Было б непрафэсійна не абмяркоўваць гэтую праблему і разнастайныя сцэнары зьмены рэжыму ў Беларусі. Але паўтараю: абмяркоўваць можна ўсё. А вось атрымаць сродкі і займацца плянаваньнем — зусім іншае».

Ці гучала на Zoom-сустрэчах інфармацыя пра генэралаў КДБ, якія нібыта гатовыя дапамагчы ў перавароце?

«Пра генэралаў на тэрыторыі Беларусі гаварылі шмат разоў, але на іншыя тэмы. „Крадуць“, „крышуюць“ „шэрую эканоміку“, „адмываюць скрадзенае ўзурпатарам і яго дзецьмі“, „адымаюць дзяцей у бацькоў за ўдзел у негвалтоўных масавых пратэстах“... З такімі непрафэсійнымі генэраламі я б — чыста тэарэтычна — на прэзыдэнцкі палац не пайшоў. Яны, напэўна, думаюць, што беларусам можна задурыць галаву сфабрыкаванымі відэаролікамі і запісамі размоў. Існуе маса кампутэрных праграм плюс штучны інтэлект, якімі даўно карыстаецца Галівуд. Можна ўзяць нейкі кліп, сэкундаў на 30, у якім, скажам, я нешта кажу, раблю і на яго падставе зрабіць поўнамэтражны фільм! Гэта робяць даўно», — кажа Аляксандар Перапечка.

«Адкрыты дыскусійны клюб»

Іншы ўдзельнік паказанай Zoom-гутаркі Павал Кулажанка даў наступны кароткі камэнтар: «Адкрыты дыскусійны клюб, запісы зь якога адпраўляліся многім людзям. Вялася адкрытая палітычная дыскусія з прыцягненьнем розных спэцыялістаў».

Што адбылося 17 красавіка

20.00 Дзяржаўныя СМІ перадалі заяву Аляксандра Лукашэнкі падчас сёньняшняга суботніка, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.

  • Сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых амэрыканскага юрыста зь грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а таксама літаратуразнаўцу і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту.
  • Паводле Лукашэнкі, ён праінфармаваў Расею, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падняў пытаньне аб меркаваным замаху ў размове з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Пасьля 20.00 Тэлеканал АНТ паказаў сюжэт з заявамі кіраўніка КДБ Івана Тэртэля і апэратыўнай здымкай.

  • Паводле іх, спэцапэрацыя КДБ прадухіліла «спробы ўзброенага мяцяжу ў Беларусі і ліквідацыі прадстаўнікоў улады, у тым ліку кіраўніка дзяржавы».
  • У рэпартажы заявілі, што пераварот рыхтавалі на чэрвень-ліпень.
  • Паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты ўдзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі. Гэта былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, які зьехаў за мяжу; Павел Кулажанка, які служыў ва Ўнутраных войсках і АМАПе; экспэрт па статыстычных мадэлях і Ўсходняй Эўропе Аляксандар Перапечка; псыхіятар Дзьмітрый Шчыгельскі. Усе яны жывуць у ЗША.

20.28 Расейскія СМІ перадалі заяву Цэнтру грамадзкіх сувязяў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі.

  • Паводле яе, ФСБ РФ сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты, якія нібыта плянавалі «ажыцьцяўленьне ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • Паводле расейскіх спэцслужбаў, Зянковіч і Фядута кансультаваліся з прадстаўнікамі ЗША і Польшчы і рыхтавалі пераварот 9 траўня гэтага году.

Затрыманьне Кастусёва, Фядуты і Зянковіча

  • У Беларусі ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка вядомага беларускага паліттэноляга Аляксандра Фядуты паведамляла пра яго зьнікненьне. Паводле яе інфармацыі, муж знаходзіўся ў Маскве і перастаў выходзіць на сувязь. 13 красавіка КДБ паведаміў, што Фядута затрыманы.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер знаходзяцца ў менскім СІЗА КДБ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG