Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволены Латыпаў спрабаваў парэзаць горла ў залі суду. Яго праапэравалі ў шпіталі. Кажуць, што пагрозы жыцьцю ўжо няма

абноўлена

Надзвычайны ініцыдэнт у судзе над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым.

Сьцяпана Латыпава тэрмінова забралі ў шпіталь і праапэравалі. У 19:30 Міністэрства аховы здароўя апублікавала інфармацыю, што Сьцяпан Латыпаў апрытомнеў пасьля апэрацыі і пагрозы ягонаму жыцьцю няма.

Што здарылася ў аўторак у судзе


1 чэрвеня пасьля перапынку ў судзе над Сьцяпанам Латыпавым першым у якасьці сьведкі выступіў ягоны бацька Сяргей Латыпаў. Бацька расказаў, што ягоны сын добры спэцыяліст і ён ня верыць у ягоную віну.

Пасьля ўстаў Сьцяпан Латыпаў і сказаў, што ГУБАЗіК яму пагражаў «прэс-хатай» і крымінальнымі справамі супраць родных. «Прэс-хатай» называюць турэмную камэру, у якой адміністрацыя з дапамогай вязьняў, якія супрацоўнічаюць зь ёй, стварае невыносныя ўмовы для непажаданага ёй арыштаванага.

«Прэса-хата была ў мяне цягам 51 дня, так што ты рыхтуйся», — сказаў Сьцяпан.

Пасьля гэтага ён стаў на лаўку ў клетцы, каб не дацягнуліся канваіры, і ўтыкнуў сабе ў горла ручку, паведаміла «Вясна». Пацякла кроў, ён страціў прытомнасьць.

Паводле сьведкі, у Сьцяпана Латыпава была з сабой папка з дакумэнтамі. Ён дастаў зь яе нейкі прадмет, магчыма, ручку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі. Адразу не змаглі адкрыць клетку, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзьвярыма. Пакуль адкрылі клетку, Сьцяпан ужо страціў прытомнасьць.

Як стала вядома журналістам, цяпер Сьцяпан Латыпаў знаходзіцца ў Менскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі на базе колішняй 9-й гарадзкой лякарні.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты», у другой палове дня Сьцяпану Латыпаву зрабілі апэрацыю, пашкоджаньняў жыцьцёва важных органаў ня выяўлена.

Паводле афіцыйнага паведамленьня Мінздраву, пасьля апэрацыі ён апрытомнеў, яго стан стабільны, пагрозы жыцьцю няма. Паводле мэдыкаў, плянуецца шпіталізацыя.

Сяргей Латыпаў, бацька Сьцяпана
Сяргей Латыпаў, бацька Сьцяпана

За што судзяць Латыпава

1 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну пачаўся працэс над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым. Яго затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.

Судзьдзя — Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Абараняюць Латыпава адвакаты Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі — яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Сьцяпану Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
  • часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
  • часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».

Пры ператрусе ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў. Аднак гэтае абвінавачаньне зьнялі.

Сьцяпана Латыпава прывезьлі на суд зь сіняком пад вокам і перабінтаванай рукой

На пачатку працэсу судзьдзя Аляксандар Воўк паведаміў, што ад 1 чэрвеня фота- і відэаздымкі ў залях судоў дазваляюцца толькі са згоды бакоў. Дзяржабвінаваўца і судзьдзя былі супраць, таму фота і відэа забаранілі.

Сьцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня
Сьцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня

У Сьцяпана Латыпава відаць сіняк пад правым вокам, запясьце левай рукі забінтаванае, пашкоджана левае вуха, на ўказальным пальцы правай рукі — плястыр. Адвакатка бачыла яго ў пятніцу 28 траўня. Тады такіх траўмаў не было, сказала яна.

Латыпаў не прызнаў віны ні па адным абвінавачаньні

Абвінавачаньні памочнік пракурора Савецкага раёну Ўладзімер Рабаў чытаў цягам гадзіны.

Паводле сьледчых, з 2019 году да жніўня 2020 Латыпаў падманам завалодаў 123 тысячамі рублёў шаснаццаці юрыдычных асобаў — не аказаў паслуг па хімічнай апрацоўцы земляў і зьнішчэньні баршчэўніка Сасноўскага.

А з 9 жніўня да 15 верасьня 2020 году,

  • удзельнічаў у беспарадках,
  • заклікаў да масавых дзеяньняў,
  • перашкаджаў руху транспарту,
  • наносіў малюнкі на фасад будынкаў,
  • ствараў тэлеграм-каналы і чаты,
  • фінансаваў пратэсты,
  • купляў і вырабляў атрыбутыку,
  • 15 верасьня супраціўляўся міліцыі пры затрыманьні,

Сьцяпан Латыпаў заявіў, што не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.

Сьцяпан Латыпаў перад пачаткам суду
Сьцяпан Латыпаў перад пачаткам суду

Сьведкі-міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях

Сьведка Васіль Рогаў прадставіўся міліцыянтам патрульна-паставой службы Цэнтральнага РУУС. Ён сказаў, што яго паклікалі на дапамогу калегі на вуліцу Чарвякова, 1.

«Там на трансфарматарнай будцы былі надпісы палітычнага характару. Латыпаў і іншыя не давалі зафарбаваць сьцяну супрацоўнікам ЖЭС. Мы прыбылі на месца паразмаўляць зь людзьмі, там было каля 20 чалавек. Паспрабавалі людзей адціснуць ад сьценкі, але Латыпаў не хацеў адыходзіць. Давялося да яго прымяніць фізычную сілу, несьці на руках, бо Латыпаў упіраўся. Паклалі Латыпава на зямлю. Ён ударыў мяне нагой у вобласьць галавы. Пад’ехала падмога, пагрузілі Латыпава ў бусік», — сказаў Рогаў.

Адвакат адзначае, што ў абвінавачаньні нічога не гаворыцца пра ўдар міліцыянту. «Што было: пагроза ўдару ці ўдар?» Міліцыянт ня змог прыгадаць, у якую частку галавы быў ўдар.

— Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?, — спытаўся Латыпаў.

— Не, — адказаў сьведка.

Сьведка-міліцыянт Аляксандар Балаш сказаў, што «бачыў канкрэтны мэтанакіраваны ўдар нагой у твар». «Гэта была спроба ўдару», — сказаў ён. Ён лічыць, што пацярпеў маральна: выслухаў шмат зьняваг ад людзей і Латыпава.

Той самы мурал на трансфарматарнай будцы на «плошчы Пераменаў»
Той самы мурал на трансфарматарнай будцы на «плошчы Пераменаў»

Арбарыст, прамысловы альпініст: што вядома пра Сьцяпана Латыпава

Сьцяпану Латыпаву 41 год. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5-га разраду.

Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні), працаваў у розных краінах сьвету.

У Менску Латыпаў меў сваё ІП, быў дырэктарам «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, лячыў дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам». Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.

За амаль 9 месяцаў, праведзеных за кратамі, Сьцяпан сядзеў у так званым «Шанхаі», што ў СІЗА на Валадарскага. Як пісаў ён пра «Шанхай» у лістах сябрам, «гэта корпус у паўпадвале з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком».

У сьнежні 2020 году Латыпаў пабываў у Навінках, бо яму прызначылі псыханэўралягічную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя.

У студзені 2021-га на «Валадарцы» Сьцяпан Латыпаў перахварэў на каранавірус.

Са сьнежня 2020 году ён меў праблемы зь ліставаньнем.

Ня толькі Латыпаў. Хто яшчэ спрабаваў забіць сябе ў судах

  • У 2016 годзе фігурант справы «Плошча-2010» Уладзімер Кондрусь на судзе спрабаваў парэзаць вены. Яго ўдалося выратаваць, суд прысудзіў яму паўтара году хатняй хіміі.
  • У 2019 сацыяльны актывіст Зьміцер Паліенка ў Менскім гарадзкім судзе парэзаў сабе вены напачатку працэсу калі даведаўся, што пасяджэньне будзе весьціся ў закрытым рэжыме. Пасьля гэтага суд зрабілі адкрытым
  • У 2020 44-гадовы Валеры Сяроў ускрыў вены ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёву і памёр у бальніцы ад страты крыві. Яго абвінавачвалі ў крадзяжы, за што пагражала да 4 гадоў зьняволеньня.

Рэзалі сабе рукі за кратамі на знак пратэсту ў розны час палітвязьні:

  • Мікола Дзядок, каб зьвярнуць на сябе ўвагу дзяжурных па ШЫЗА,
  • Павал Севярынец у карцэры, на знак пратэсту супраць таго, што забралі яго асабістыя рэчы і Біблію,
  • Сяргей Пятрухін, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры і кантынгенту, зь якім ён мусіць у ёй знаходзіцца,
  • Мікалай Аўтуховіч узразаў сабе жывот пратэстуючы супраць абыходжаньня адміністрацыі турмы.

Былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў расказваў Свабодзе, камэнтуючы спробу суіцыду ў 2015 Міколы Дзядка, што калі для супрацоўнікаў турмаў галадоўкі вязьняў — зьявы звыклыя ды руцінныя, іх успрымаюць больш-менш спакойна, то спробы так званага «ўскрыцьця», калі гэта робяць не наркаманы, блатныя, а сур’ёзныя людзі — гэта як бы папярэджаньне для адміністрацыі, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў: маўляў, глядзіце, я пратэстую супраць вашага самаўпраўства, прыніжэньня мяне як чалавека, і магу аднойчы давесьці сваю спробу да канца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG