Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галадоўка, холад, расьцяжкі». Магілёўскія палітыкі пра новыя парадкі ў мясцовым ізалятары


Шанцаў і Аксёнаў (справа на заднім пляне) ля абласнога суду ў Магілёве, 12 траўня 2021 году
Шанцаў і Аксёнаў (справа на заднім пляне) ля абласнога суду ў Магілёве, 12 траўня 2021 году

У Магілёве пасьля 15 дзён арышту выйшлі на волю два мясцовыя палітыкі Алег Аксёнаў і Ўладзімер Шанцаў.

Абодвух адправілі ў ізалятар за тое, што 12 траўня яны былі каля абласнога суду, дзе пачынаўся закрыты працэс над Паўлам Севярынцам, актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» і блогерамі. Іх зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Судзілі партыйцаў праз скайп.

Пра галадоўку

Абласны каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў на волю выйшаў 27 траўня. За кратамі ён пабываў другі раз. Старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава адпусьцілі 28 траўня. У магілёўскі ізалятар ён трапіў трэці раз. Партыйцаў зь вязьніцы вывезьлі на службовых машынах і высадзілі ў розных месцах гораду. Сядзелі яны ў адной камэры.

Уладзімер Шанцаў 28 траўня пасьля 15 дзён арышту
Уладзімер Шанцаў 28 траўня пасьля 15 дзён арышту

Актывісты адзначаюць, што стаўленьне да зьняволеных у ізалятары кардынальна зьмянілася. Алег Аксёнаў сьцьвярджае, што «палітычныя» цяпер сутыкаюцца «з катаваньнямі». Паводле яго, супрацоўнікі ігнаруюць правы асуджаных.

Ён кажа, што «гвалтоўнае» абыходжаньне і незаконнае затрыманьне вымусіла яго і дваіх журналістаў Уладзімера Лапцэвіча ды Аляксандра Буракова 13 траўня абвясьціць галадоўку. Пра гэта яны паінфармавалі адміністрацыю ізалятара. Зьняволеным не дазволілі ўзяць з сабою ў камэру пісьмовыя прылады, таму пісаць заявы іх выводзілі ў асобныя пакоі.

Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў

«Нас выцягвалі з камэры, начэплівалі кайданкі, каб рукі былі ззаду. Іх канваір падымаў угору, а нявольнік пры гэтым згінаўся ледзьве не да падлогі, — кажа Аксёнаў. — Гэта было балюча. Заводзілі ў пакоік, дзе супрацоўнік ізалятара пытаў пра галадоўку. Для напісаньня заявы адну руку вызвалялі з кайданоў, а другую сьціскалі да максымуму. Для заявы давалі невялікі шматок паперы. Трэба было абавязкова адзначаць, што галадоўнік адмаўляецца ад перадачаў».

Партыец кажа, што галадоўку трымаў тры дні. Больш ня мог, бо нядаўна перанёс апэрацыю. Журналісты ж працягвалі пратэставаць. Неўзабаве іх раскідалі па розных камэрах.

Парадкі і абыходжаньне з асуджанымі

Аксёнаў кажа, што 24 гадзіны ў камэры не выключалі яркае сьвятло. Ад яго балелі вочы, немагчыма было спаць. У камэры было холадна, а ўвечары да таго ж яшчэ ўключалі выцяжку, якой задувалі паветра звонку. Палітык кажа, што цёплых рэчаў не было, пасьцельнай бялізны, коўдры — таксама. Даводзілася падымацца і расьцірацца, каб сагрэцца. Замест падушкі выкарыстоўвалі плястыкавую бутэльку.

Алег Аксёнаў 12 траўня пільнаваў, каб не забралі сям’ю Севярынцаў. На здымку ён справа
Алег Аксёнаў 12 траўня пільнаваў, каб не забралі сям’ю Севярынцаў. На здымку ён справа

Ложкі, працягвае палітык, у ізалятары зробленыя з гарбатых дошак, ляжаць было мулка. Уначы праз кожныя дзьве гадзіны асуджаных падымалі і патрабавалі назваць імя і прозьвішча.

Па ягоных словах, класьціся на ложкі ўдзень забаранялася: можна было хадзіць па камэры ці сядзець на лаўцы. Плошча камэры дазваляла «прагульвацца» толькі па чарзе. Кожныя тры гадзіны ахоўнікі яе абшуквалі. Сядзельцаў жа на калідоры распраналі дагала, ставілі да сьцяны ў расьцяжцы, пэрыядычна білі па нагах, каб расстаўлялі шырэй. Рукі патрабавалі трымаць далонямі да ахоўнікаў.

Аксёнаў кажа, што больш «ляяльным» абыходжаньне з палітычнымі стала праз 6 дзён няволі.

Правілы шапталі на вуха, калі нявольнік стаяў у расьцяжцы

Уладзімер Шанцаў абыходжаньне ў ізалятары з «палітарыштантамі» называе «гестапаўска-фашысцкім». Ён з сарказмам адзначае, што гэтак улада праводзіць у жыцьцё сваё разуменьне «году адзінства».

Па ягоных словах, пра спэцыфічнае стаўленьне да такіх, як ён, ахоўнікі сказалі яму, як першы раз заводзілі ў камэру. Каб ён запомніў правілы, яго паставілі ў расьцяжку з пэрыядычнымі ўдарамі па нагах і шапталі іх на вуха. У зьняволенага забралі кніжкі. Пратэставаць не было сэнсу, дадае ён.

Уладзімер Шанцаў на волі ля свайго дому
Уладзімер Шанцаў на волі ля свайго дому

Шанцаў кажа, што спрабаваў даведацца, чаму ім не даюць спаць, але адказу не пачуў. На прагулкі за 15 дзён няволі іх не выводзілі, толькі два разы ў душ.

Партыец успрымае чарговае «пакараньне» як непазьбежнасьць апазыцыйнай дзейнасьці. За 15 дзён у няволі мусіць заплаціць 188 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG