Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Самалёт, якім ён ляцеў, пасадзілі з дапамогай вайсковага зьнішчальніка

абноўлена

Раман Пратасевіч

Пратасевіч быў пасажырам самалёту, які каля 13-й гадзіны сеў у Менску з-за паведамленьня пра бомбу на борце. Штабы Ціханоўскай і Латушкі тэрмінова паведамілі пра здарэньне ў офіс Ryanair і Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі.

У Менску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» 23 траўня пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, пілёты падалі аварыйны сыгнал, бо ім паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. Па распараджэньні Лукашэнкі дзеля суправаджэньня дадзенага самалёту ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.

У час атрыманьня паведамленьня самалёт быў ля самай мяжы зь Літвой, аэрапорт прызначэньня быў для самалёта найбліжэйшым пунктам пасадкі, аднак замест гэтага ён скіраваўся ў Менск. Экіпаж пры гэтым нічога не патлумачыў пасажырам.

У менскі аэрапорт прыбыла сапёрная служба, але нічога не знайшла. Як паведамляе партал 15min.lt, прадстаўніца службы Аэрапорты Літвы заявіла, што інфармацыі наконт паведамленьня пра бомбу яны не атрымлівалі.

Па стане на 16.30 самалёт працягвае знаходзіцца ў Менску, начальнік зьмены Нацыянальнага аэрапорту Максім Кіякоў заявіў, што пасажыры праходзяць дагляд Службай авіяцыйнай бясьпекі. Затым прымуць рашэньне аб вылеце ў Вільню.

Пасажыраў Ryanair на падставе паўторнага догляду праверылі і ў выніку арыштавалі вядомага журналіста і блогера, цяперашняга аўтара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым рэйсам. Затрыманьне Пратасевіча ўладамі пацьвердзіў сам канал.

Затым інфармацыю пра затрыманьне апублікаваў тэлеграм-канал ГУБАЗіК, але прыкладна праз гадзіну выдаліў яе.

Адзін з пасажыраў рэйсу Ryanair паведаміў выданню Delfi, што на борце ўзьнік канфлікт паміж экіпажам і пасажырам. Магчыма, гэта быў падазроны мужчына, які сачыў за Раманам Пратасевічам у аэрапорце Атэнаў і намагаўся сфатаграфаваць ягоныя дакумэнты. Чытач парталу, які перапісваўся са сваякамі ў самалёце, перадаў іх словы пра тое, што супрацоўнікі службы абвясьцілі, што ня маюць права паведаміць пасажырам, што адбываецца з самалётам.

Прэс-сакратар міністра замежных спраў Літвы Вітаўта Шмайжытэ сказала, што цяпер вядзецца праца з пасольствам. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, чаму самалёт прызямліўся ў Мінску, дагэтуль не прадстаўлена.

Рэйс Атэны — Вільня на сайце сачэньня за палётамі Flightradar
Рэйс Атэны — Вільня на сайце сачэньня за палётамі Flightradar

Раман Пратасевіч раней пакінуў Беларусь з-за магчымага перасьледу з боку спэцслужбаў. Ён працаваў галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу «НЕХТА», а затым сышоў зь яго рэдакцыі, заняўшыся тэлеграм-каналам «Беларусь головного мозга», які стварыў палітзьняволены Ігар Лосік.

Пратасевіча, як і заснавальніка «НЕХТА» Сьцяпана Пуцілу абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — ст. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Рэакцыя беларускіх і замежных палітыкаў

Палітык Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала ілжывае паведамленьне пра мінаваньне самалёта і затрыманьне Рамана Пратасевіча ў менскім аэрапорце, якое пасьледавала за гэтым.

«Абсалютна відавочна, што гэта апэрацыя спэцслужбаў па захопе самалёта — дзеля таго, каб затрымаць актывіста і блогера Рамана Пратасевіча. Рэжым паставіў пад пагрозу бясьпеку пасажыраў на борце і ўсёй грамадзянскай авіяцыі дзеля расправы над чалавекам, які быў рэдактарам самых буйных беларускіх незалежных тэлеграм-каналаў. Толькі за гэта яго прызналі тэрарыстам, і толькі за гэта цяпер у Беларусі Раману можа пагражаць сьмяротнае пакараньне».

Ціханоўская заявіла, што яе штаб ужо паведаміў пра здарэньне ў офіс Ryanair і Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі, запатрабаваўшы пачаць расьсьледаваньне і прыняць захады аж да выключэньня Беларусі зь ICAO.

«Ад сёньняшняга дня ніводзін чалавек, які зьдзяйсьняе палёт над Беларусьсю, ня можа быць упэўнены ў сваёй бясьпецы. Бо рэжым злоўжывае правіламі паветраных зносін дзеля таго, каб захопліваць нязгодных», — сказала Ціханоўская.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка назваў акцыю пасадкі самалёта з прымяненьнем ваенна-паветраных сілаў Беларусі «актам вайсковага пірацтва і міжнароднага тэрарызму» у выкананьні «вайсковага дыктатара Лукашэнкі» і яго падначаленых. Ён заклікаў неадкладна разабрацца са здарэньнем.

Рэжым Лукашэнкі, на думку Латушкі, падвергнуў небясьпецы жыцьцё і здароўе пасажыраў, каб затрымаць у аэрапорце Рамана Пратасевіча.

У сваім твітэры на падзеі адрэагаваў і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, які пераказаў інфармацыю пра здарэньне і заявіў, што за «агіднай акцыяй» стаіць рэжым Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG