Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспрэцэдэнтнае здарэньне. Агідная акцыя». Рэакцыя афіцыйнай Літвы на прымусовую пасадку самалёта Ryanair


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

На прымусовую пасадку ў Менску самалёта, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і на арышт апазыцыйнага актывіста Рамана Пратасевіча адрэагавалі літоўскія палітыкі.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выступіў з заявай з нагоды сёньняшняга здарэньня:

«Сёньня пасажырскі самалёт, які ляцеў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Менску падуладнай беларускаму рэжыму службай. Паводле першапачатковых зьвестак, сілы беларускага рэжыму затрымалі прадстаўнік беларускай апазыцыі Рамана Пратасевіча, якому ў Літве нададзены прытулак і які ляцеў у Вільню.

Я патрабую, каб беларускі рэжым неадкладна вызваліў затрыманага і дазволіў яму, як і ўсім астатнім пасажырам самалёта, працягваць рэйс у Вільню. Я заклікаю саюзьнікаў у NATO і ЭЗ неадкладна адрэагаваць на пагрозу, якую беларускі рэжым стварае міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Міжнародная супольнасьць павінна прыняць неадкладныя захады, каб прадухіліць паўтарэньне падобных інцыдэнтаў. Я буду гаварыць пра гэта на Эўрапейскай радзе, якая пачнецца заўтра ў Брусэлі», — напісаў прэзыдэнт Літвы.

Раней ён напісаў у Твітэры:

«Беспрэцэдэнтнае здарэньне! Цывільны пасажырскі самалёт, які ляцеў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Менску. Беларускі палітычны актывіст і заснавальнік @NEXTA_EN быў на борце. Ён арыштаваны. За гэтай агіднай акцыяй стаіць беларускі рэжым. Патрабую неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча!»

Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс напісаў у Фэйсбуку:

«Трывожныя навіны пра прымусовую пасадку ў Менску міжнароднага рэйсу з Атэнаў у Вільню. Мы працуем зь міжнароднымі партнэрамі, каб гарантаваць бясьпечнае вяртаньне ўсіх падарожнікаў у Вільню».

З нагоды інцыдэнту выказаўся і былы міністар замежных справаў Літвы, амбасадар для асаблівых даручэньняў Лінас Лінкявічус:

«Уся гэтая неабдуманая і незаконная „апэрацыя“ спэцслужбаў беларускага рэжыму заслугоўвае моцнага адказу, а ня толькі асуджэньня. Немагчыма карыстацца паветранай прасторай, якую кантралююць рэжымныя злачынцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG