Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Канадзе прызнаў тэрактам крушэньне ўкраінскага «Боінга» ў Іране


Ушанаваньне памяці загінулых у зьбітым у Іране авіялайнэры. Аэрапорт Барыспаль, Украіна, студзень 2020.
Ушанаваньне памяці загінулых у зьбітым у Іране авіялайнэры. Аэрапорт Барыспаль, Украіна, студзень 2020.

Крушэньне пасажырскага Boeing-737 Міжнародных авіяліній Украіны пад Тэгеранам у студзені 2020 году, якое адбылося з прычыны дзеяньняў Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, было наўмысным актам тэрарызму, пастанавіў Вярхоўны суд Антарыё.

Пра гэта паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на Global News.

Рашэньне было вынесена супраць Ірану па грамадзянскім пазове, які падалі чатыры сям’і загінулых у авіякатастрофе. Судзьдзя выявіў «на аснове балянсу верагоднасьцяў, што ракетныя ўдары па рэйсе 752 былі наўмыснымі». У сваім рашэньні судзьдзя абапіраўся на экспэртаў, адзін зь якіх сьцьвярджаў, што Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі ведаў, што гэта быў цывільны самалёт, і наўмысна яго зьбіў.

Журналісты адзначаюць, што судовыя дакумэнты празь Міністэрства замежных спраў і міжнароднага гандлю Канады (Global Affairs Canada) былі перададзеныя Ірану, але ён у ходзе судовага разбору сябе не абараняў.

Такое рашэньне суду дазваляе семʼям у Канадзе патрабаваць ад Ірану пакрыцьця шкоды ў адпаведнасьці з законам аб правасудзьдзі для ахвяраў тэрарызму. Да гэтага Іран быў абаронены законам аб імунітэце дзяржавы.

У студзені 2020 году Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі зьбіў пад Тэгеранам «Боінг» Міжнародных авіяліній Украіны. Загінулі 176 пасажыраў і членаў экіпажу, у тым ліку 11 украінцаў. Сярод пасажыраў таксама былі грамадзяне Ірану, Канады, Нямеччыны, Швэцыі і Аўганістану.

Паводле афіцыйнай вэрсіі іранскіх уладаў, ракету з базы Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі запусьцілі па самалёце выпадкова. На гэтай падставе Іран доўгі час не ішоў на перамовы наконт кампэнсацый і адмаўляўся называць вінаватых у катастрофе.

У ліпені намесьнік кіраўніка МЗС Украіны Яўген Енін казаў, што іранскія ўлады не ідуць на перамовы наконт кампэнсацый, нягледзячы на тое, што ад моманту трагедыі прайшло паўгода. Таксама Іран прапанаваў Украіне падпісаць праект мэмарандуму, які фактычна абавязваў Кіеў і семʼі загінулых адмовіцца ад далейшых зваротаў у суды, у тым ліку міжнародныя, у абмен на выплату кампэнсацый.

9 сьнежня 2020 году Енін паведаміў, што іранскі ўрад адклікаў сваю прапанову закласьці ў бюджэт краіны 200 млн эўра на выплату кампэнсацый з прычыны «сурʼёзных унутраных дыскусій у іранскім грамадзтве». Аднак Украіна, паводле яго слоў, будзе вітаць пляны іранскага ўраду зарэзэрваваць пэўную суму сродкаў у бюджэце для выплаты кампэнсацый.

Прадстаўнік МЗС Украіны пры гэтым адзначаў, што бакі пакуль не абмяркоўвалі памер кампэнсацый, бо сума кампэнсацыі ў значнай ступені будзе залежаць ад абставінаў катастрофы, а таксама ад узроўню супрацоўніцтва і забесьпячэньня абʼектыўнага і неперадузятага расьсьледаваньня.

У сьнежні 2020 году ўрад Ірану прыняў рашэньне выплаціць па 150 тысяч даляраў у якасьці кампэнсацыі семʼям загінулых і пацярпелых у авіякатастрофе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG