Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах

абноўлена

Зьлева направа: Юлія Чарняўская, Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Вольга Лойка

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. Глядзім, што вядома на цяперашні момант.

Колькі чалавек затрымалі і чаму?

У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

На 20 траўня затрыманыя 13 чалавек:

  • рэдактарка Вольга Лойка
  • журналістка Алена Талкачова
  • галоўны рэдактар Марына Золатава
  • генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
  • галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
  • намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
  • галоўны інжынэр Ала Лапатко
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка
  • намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
  • намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
  • мэнэджар Андрэй Аўдзееў
  • генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
  • удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская (пад хатнім арыштам).

У офіс Tut.by з раніцы 19 траўня ахова не пускала людзей «на патрабаваньне сілавых структураў». Сілавікоў у офісе пры гэтым не было.

Кіраўніка праекту av.by увечары 18 траўня адпусьцілі. Адміністрацыя Hoster.by паведаміла, што «забясьпечылі працу тэхнічнай службы».

Толькі ўвечары 20 траўня стала вядома, што ўдава Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам. Вядома, што пасьля затрыманьня сілавікамі ў яе здарыўся гіпэртанічны крыз.

У чым сутнасьць справы?

У офісе Tut.by, архіўнае фота
У офісе Tut.by, архіўнае фота

У 2019 годзе Tut.by зарэгістравалі як рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій. Рэзыдэнты парку маюць зьніжку на падаткі. А ў 2021 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю вырашыў, што кампанія атрымлівала выручку, за дзейнасьць, якой не могуць займацца рэзыдэнты ПВТ.

Калі пачытаць дэкрэт «Аб парку высокіх тэхналёгій», то там прапісана дзейнасьць, якой могуць займацца рэзыдэнты ПВТ. Сярод гэтага і тое, што адпавядае дзейнасьці Tut.by, напрыклад, «дзейнасьць па апрацоўцы дадзеных з выкарыстаньнем праграмнага забесьпячэньня трэціх асобаў ці свайго праграмнага забесьпячэньня». Гэта рабілася, напрыклад, пошукавікам Tut.by ці сэрвісам Rabota.tut.by.

У сьпісе відаў дзейнасьці, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ, шмат напрамкаў, дзейнасьці Tut.by адпавядаюць мінімум тры зь іх.

Для ўступленьня ў ПВТ кампанія праходзіць шэраг юрыдычных працэдур:

  • Падрыхтоўка бізнэс-праекту, які адпавядае пастанове Саўміна
  • Падача дакумэнтаў у ПВТ
  • Рашэньне назіральнай рады ПВТ

Відавочна, Tut.by прайшоў усе гэтыя працэдуры, і ў 2019 годзе пытаньняў да кампаніі ня ўзьнікла.

А чаму партал заблякавалі?

Блякаваньне парталу (так кажуць чыноўнікі) не зьвязана з крымінальнай справай. Мінінфарм тлумачыць блякаваньне тым, што выданьне распаўсюдзіла інфармацыю ад імя фонду Bysol, які «не зарэгістраваны ў Беларусі».

Пракуратура пра тое самае кажа, што «знайшлі шматлікія парушэньні». Пра фонд Bysol і іншыя фонды рэгулярна (зразумела, у нэгатыўным ключы) гавораць у Беларусі дзяржаўныя тэлеканалы. Але іх ніхто не блякуе.

Што такое цяпер Tut.by

Tut.by — самы наведвальны інтэрнэт-партал у Беларусі, ягоны ахоп — дзьве траціны карыстальнікаў беларускага інтэрнэту. Tut.by мае 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у суткі і аб’ядноўвае такія буйныя сэрвісы, як rabota.tut.by, пошта, папулярны партал для аўтамабілістаў av.by, праект tam.by ды іншыя спэцпраекты і разьдзелы.

Таксама Tut.by (без уліку іншых сэрвісаў) — гэта 260 працоўных месцаў і падаткі, якія кампанія плаціць у бюджэт. Яшчэ 100 працоўных месцаў мае афіляваны праект hoster.by.

А раней Tut.by не чапалі?

Ціск на самы буйны партал, па словах ягонага заснавальніка Юрыя Зісера, прысутнічаў увесь час. У 2018 годзе журналістаў і рэдактараў парталу затрымлівалі ў межах крымінальнай «справы БелТА». Нібыта яны карысталіся платнай падпіскай дзяржаўнага агенцтва, але не плацілі за яе. За гэта асудзілі галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву.

У сьнежні мінулага году партал пазбавілі статуса СМІ. Ягоных журналістаў, якія асьвятлялі перадвыбарчыя падзеі ў Беларусі, затрымлівалі дзясяткі разоў, шмат каго асудзілі на суткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG