Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спроба зьнішчыць Tut.bу: прычыны і наступствы


Пачаўся наступ на інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Улады, відавочна, маюць на мэце цалкам зачысьціць грамадзка-палітычную прастору да пачатку электаральнай кампаніі (рэфэрэндуму і мясцовых выбараў).

Сьцісла

  • Фармальная падстава для атакі на TUT.by выглядае зусім дзіўна. Відаць, улады вырашылі ня моцна абцяжарваць сябе юрыдычным бокам справы.
  • Атака на Tut.by — гэта спроба нэўтралізаваць найбуйнейшы незалежны інфармацыйны рэсурс.
  • Ня думаю, што ўлады пралічылі ўсе магчымыя наступствы, плюсы і мінусы гэтага рашэньня. А яны даволі нэгатыўныя для самой улады.
  • Забіраць задняй датай ільготы, вызначаныя прэзыдэнцкім дэкрэтам для ПВТ — гэта прэцэдэнт.

Улады ня надта хаваюць палітычную падаплёку сваёй атакі на найбуйнейшы інфармацыйны рэсурс. Бо фармальная падстава для пагрому выглядае зусім дзіўна. Крымінальная справа заведзеная паводле артыкулу аб ухіленьні ад выплаты падаткаў. Нібыта кампанія незаконна атрымала статус рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) у 2019 годзе і незаконна карысталася падатковымі льготамі. Дык калі закон парушаны, то парушальнікам зьяўляецца адміністрацыя ПВТ, а не Tut.by. І ўвогуле, закон ня мае зваротнай сілы, гэта азбука правасудзьдзя.

Другі момант. Калі заведзена крымінальная справа з нагоды ўхіленьня ад падаткаў, то навошта блякаваць інтэрнэт-рэсурс Tut.bу і ягоныя копіі? Высьвятляецца, што ў той самы час Генеральная пракуратура і Міністэрства інфармацыі заўважылі яшчэ адно парушэньне. Аказваецца, на сайце зьмяшчалася інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL. Незарэгістраванага менавіта ў Беларусі. Але ў Беларусі не зарэгістраваныя шмат якія міжнародныя арганізацыі (ААН, NATO, ШОС і інш.) Ці азначае гэта, што пра дзейнасьць гэтых арганізацый таксама нельга пісаць?

Значыць, улады вырашылі ня моцна абцяжарваць сябе юрыдычным бокам справы. Бо як ні тлумач, нельга схаваць, што атака на Tut.by — гэта спроба нэўтралізаваць найбуйнейшы незалежны інфармацыйны рэсурс, якім карыстаецца большасьць беларусаў, якія маюць доступ да інтэрнэту. Паводле дадзеных Gemius, Tut.by мае 3,303 млн рэальных карыстальнікаў у байнэце і 62,58% ахопу ў краіне.

Такім чынам, улады зрабілі рашучы крок у тым кірунку, які нядаўна анансаваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. 10 красавіка ён пагражаў, што калі заходнія санкцыі павялічацца, то «ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».

Нагадаю, што летась, у самы кульмінацыйны момант народных пратэстаў, калі былі заблякаваныя шмат якія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, Tut.by не блякавалі. Магчыма, таму, што гэты сайт чыталі многія чыноўнікі, прыхільнікі Лукашэнкі. А вось цяпер на такі крок адважыліся.

Думаецца, што тут дзейнічае хутчэй інстынкт самазахаваньня, чым рацыянальная лёгіка. Зачысьцілі вуліцу — пратэст перайшоў у інтэрнэт. Дык вось цяпер пачаўся наступ на інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Улады намерваюцца цалкам зачысьціць грамадзка-палітычную прастору да пачатку электаральнай кампаніі (рэфэрэндуму і мясцовых выбараў).

Ня думаю, што ўлады пралічылі ўсе магчымыя наступствы, плюсы і мінусы гэтага рашэньня. А яны даволі нэгатыўныя для самой улады. Бо вярнуць манаполію на інфармацыю такімі дзеяньнямі не атрымаецца. Аўдыторыя Tut.by пяройдзе на сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы.

Можна вынесьці за дужкі міжнародную рэакцыю, бо яна цяпер ня надта турбуе афіцыйны Менск. Але пагром Tut.by не ўзрадуе тых супрацоўнікаў дзяржапарату, прыхільнікаў Лукашэнкі, якія карысталіся гэтым рэсурсам.

Тут больш важныя эканамічныя наступствы. Гэтае рашэньне напужае бізнэс у цэлым, магчымых новых інвэстараў. І асабліва паскорыць адток з ІТ-сэктару. Бо фактычна пастаўленая пад сумнеў рэгістрацыя ўсіх рэзыдэнтаў ПВТ. Забіраць задняй датай ільготы, вызначаныя прэзыдэнцкім дэкрэтам — гэта прэцэдэнт. З такімі самымі прэтэнзіямі цяпер могуць прыйсьці да любой кампаніі ПВТ. Гэта ўвогуле разбурае падмурак, на якім у любой краіне будуюцца эканамічныя адносіны.

Але калі пачынаюць дамінаваць уладныя інстынкты, то часам не да разважаньняў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG