Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Радыё Свабода


Падзеі 20 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

20 траўня 1954 году ў Мюнхэне пачала вяшчаньне беларуская сэкцыя Радыё Вызваленьне (цяпер беларуская служба Радыё Свабода). Першую беларускамоўную перадачу падрыхтавалі Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пятро Сыч, Сымон Кандыбовіч, Янка Ліманоўскі, Лявон Карась.

Таксама ў гэты дзень

1962 — пачаў курсаваць гомельскі тралейбус.

1983 — упершыню была апублікавана інфармацыя пра вірус імунадэфіцыту чалавека. Артыкул у часопісе Science падрыхтавалі Робэрт Гало і Люк Мантанье.

2002 — Усходні Тымор здабыў незалежнасьць ад Інданэзіі

У гэты дзень нарадзіліся

1923Васіль Ракашэвіч, удзельнік антысавецкага падпольля.

1944Джо Кокер, ангельскі сьпявак.

1946 Шэр, амэрыканская акторка і сьпявачка.

1962 Аляксандар Дзядзюшка, беларускі і расейскі актор тэатру і кіно.

1985Ганна Ўланава, літаратарка, сьпявачка, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Ганна Ўланава
Ганна Ўланава

У аднаго філёзафа запыталіся, што такое шчасьце. «Памерці за Радзіму», — адказаў філёзаф. Потым, крыху падумаўшы, дадаў: «Шчасьце — гэта пражыць жыцьцё ў дастатку й памерці з годнасьцю». Філёзаф быў шасьцігадовай беларускаю дзяўчынкай Ганначкай Уланавай. Праз год настольнаю кнігай у яе была Біблія...

Ганьніны бацькі згадваюць, што вельмі часта ўзьнікалі сытуацыі, калі не яны выхоўвалі дзяўчынку, а, наадварот, тая, зноў і зноў уражваючы недзіцячым поглядам на рэчы, давала ўрокі дарослым. Дзякуючы Ганьне яе расейскамоўная сям’я вывучыла беларускую мову й сур’ёзна зацікавілася нацыянальнай гісторыяй.

Падцягвала Ўланава й сваё гімназічнае атачэньне. І ня толькі ведамі — стаўленьнем да роднага слова, да веры, да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Погляды й прынцыпы Ўланавай падабаліся ня ўсім.

Яе мама Тацяна з болем згадвае, як Ганусі на школьных вечарах не дазвалялі выступаць на сцэне. Рэч была не ў адсутнасьці здольнасьцяў: дзяўчынка сьпявала ў хоры Чырвонага касьцёлу, у намінацыі «музычны твор» стала дыпляманткай конкурсу «Маці Божая Будслаўская ў маім жыцьці й жыцьці Бацькаўшчыны».

Прычына забароны палягала ў іншым: Ганна хацела сьпяваць па-беларуску.

У вачах дырэкцыі гэтае жаданьне разам зь бел-чырвона-белым значком, які насіла дзяўчынка, выглядала амаль злачынствам.

Ганначка сама складала сцэнар уласнага жыцьця. Таму ў ім цяжка знайсьці нешта выпадковае.

Дзяўчына ня проста думала па-беларуску. Яна думала па-беларуску ў нацыянальным маштабе.

Зьбіралася напісаць сцэнар мастацкага фільму паводле «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча. Плянавала ўзяцца за кнігу, прысьвечаную змаганьню за свабоду Беларусі ў найноўшай гісторыі. Мела запаветную мару пра незалежны беларускі тэлеканал. Але найперш Ганна марыла выдаваць духоўны часопіс для моладзі, у руках якой будучыня Беларусі. Яшчэ гімназісткай яна абрала месца далейшага навучаньня — Варшаўскі ўнівэрсытэт Стэфана Вышынскага.

Атрымаўшы атэстат сталасьці, паехала ў Варшаву, каб трапіць на размову да рэктара. Пасьля сустрэчы зь ім Ганна пачула, што залічаная без экзамэнаў.

А перад тым была выпускная гімназычная вечарына, дзе Ганна — у белай сукенцы, аздобленай чырвонымі ружамі, — усё ж прасьпявала па-беларуску палянэз Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай». Але шэрасьць ды подласьць і тут паказалі твар: настаўніца музыкі, зь якой усё было дамоўлена, ня выканала абяцаньня і не ўключыла музычнага суправаджэньня.

Ганна Ўланава пакутавала ад іншай хваробы, але памерла таму, што яе зраненаму і збалеламу сэрцу хранічна неставала кіслароду мовы і свабоды.

Quem Deus amat, iuvenis moritur — той, каго любіць Бог, памірае маладым.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С.522-523

У памяці

1506 — памёр Хрыстафор Калюмб, першаадкрывальнік Амэрыкі.

1918 — памёр ад сухотаў беларускі пісьменьнік, перакладчык, мастак і палітык Карусь Каганец.

2006 — памёр Уладзімер Плешчанка, інжынэр, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Уладзімер Плешчанка з дачкой Натальляй
Уладзімер Плешчанка з дачкой Натальляй

Свабода ніколі не прыходзіць да таго, хто яе не чакае. Уладзімер Плешчанка ня проста чакаў свабоду — ён набліжаў яе прыход.

У Віцебску — без усякага перабольшаньня — яго ведалі ўсе.

Болей за пятнаццаць гадоў Уладзімер у маразы і сьпёку, у дождж і завеі не радзей, чым кожны панядзелак і чацьвер, а часам амаль штодня выходзіў у цэнтар на самы шматлюдны ў горадзе тралейбусны прыпынак каля гэтак званага Сіняга дому і разгортваў бел-чырвона-белы сьцяг.

Хтосьці лічыў ці, дакладней, спрабаваў абвясьціць яго блазнам. Але большасьць віцяблянаў ставіліся да Плешчанкі калі не з разуменьнем, дык, прынамсі, з павагаю.

Каля Сіняга дому можна было атрымаць незалежныя газэты й улёткі, паставіць подпіс за свайго кандыдата на выбарах, параіцца і паспрачацца.

Зянон Пазьняк назваў змаганьне Плешчанкі найбольш блізкім да мэтаду Махатмы Гандзі.

Калі Ўладзімер на звыклым месцы некалькі дзён адсутнічаў, увесь горад ведаў: ягоны несанкцыянаваны пікет зноў разагналі, а адзін з старэйшых віцебскіх апазыцыянэраў, а ў апошнія гады — старшыня абласной рады КХП БНФ сядзіць пад чарговым арыштам.

Адзін раз яго не было цэлыя сем месяцаў: быў зьняволены ў зьвязку зь вядомай справай зьнікненьня бюсту Аляксандра Суворава, які патапіў у крыві паўстаньне Касьцюшкі. Віцебскія пінкертоны палічылі, што чалавек з хворым сэрцам здолеў перацягнуць трохсоткіляграмовы бюст генэралісымуса ў суседні двор.

Зрэшты, з увагі на тое, што інжынэр Уладзімер Плешчанка некалі быў славутым на ўвесь Савецкі Саюз рацыяналізатарам, такія высновы не выглядаюць фантастычнымі.

З гэтае ж прычыны наўрад ці быў чыста сымбалічным удзел Плешчанкі ў групе легендарнага Мірона, што вывешваў нацыянальныя сьцягі ў месцах, даступных, здавалася б, толькі анёлам.

Дарэчы, седзячы за кратамі, Уладзімер ня толькі дзень пры дні займаўся самаадукацыяй і чытаў беларускую клясыку (на шчасьце, яе ў турэмнай бібліятэцы не бракавала). Сваімі шматлікімі нястомнымi зваротамі ў розныя інстанцыі ён здолеў дамагчыся вызваленьня маладога вязьня Ігара Мацьвеева, якога асудзілі на вялiкi тэрмiн за забойства, хоць насамрэч непаўналетні хлопец нікога не забіваў.

Свой апошні сямідзённы арышт за акцыю, прысьвечаную Дню Волі, Плешчанка адбываў у гарачую вясну 2006-га.

У траўні яго сэрца, што раней перажыло два інфаркты, ужо ня вытрымала.

На саракавы дзень, як яго душа адляцела, сябры Ўладзімера паставілі на віцебскай Усьпенскай горцы мэмарыяльны крыж з надпісам: «Ахвярам нялюдзкага рэжыму».


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с.566-567

2009 — памёр Алег Янкоўскі, савецкі і расейскі актор тэатру і кіно, рэжысэр, брат народнага артыста Беларусі Расьцілава Янкоўскага.

Алег Янкоўскі ў фільме "Той самы Мюнгаўзэн"
Алег Янкоўскі ў фільме "Той самы Мюнгаўзэн"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG