Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць фактаў пра сухоты ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

24 сакавіка адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы з сухотамі. Ўсясьветная арганізацыя здароўя праводзіць яго сёлета пад лёзунгам «Час дзейнічаць».

У гэты дзень 137 гадоў таму нямецкі мікрабіёляг Робэрт Кох аб’явіў пра адкрыцьцё ўзбуджальніка тубэркулёзу.

Свабода падабрала самыя цікавыя факты пра сухоты ў Беларусі.

1. Фінансаваньне дзяржпраграмы рэзка скарачаецца

Паводле сярэднетэрміновай фінансавай праграмы рэспубліканскага бюджэту, плянуецца рэзкае скарачэньне фінансаваньня дзяржаўнай падпраграмы «Сухоты» — з 15 684 374 рублёў у 2019 годзе да 5 293 080 рублёў у 2020-м.

2. Сьмяротнасьць ад сухотаў у Беларусі зьнізілася ў 6 разоў за 10 год

Да 20-га стагодзьдзя сухоты былі практычна невылечнымі. Ад гэтай хваробы памерлі вядомыя беларусы — Віктар Каліноўскі, Максім Багдановіч, Карусь Каганец, Іван Луцкевіч, Язэп Лёсік (у Саратаўскай турме).

За апошняе дзесяцігодзьдзе сьмяротнасьць ад сухотаў у Беларусі зьнізілася ў 6 разоў. Цяпер яна складае 2% супраць 12% у 2009 годзе.

3. Хто фінансаваў барацьбу з сухотамі ў Беларусі

Гэта вынік працы беларускіх мэдыкаў пры фінансавай і іншай дапамозе Сусьветнай арганізацыі здароўя і міжнароднай арганізацыі «Лекары бязь межаў».

Глябальны фонд па барацьбе са СНІДам, сухотамі і малярыяй выдзеліў Беларусі грант на 11,8 мільёна даляраў для барацьбы з сухотамі на 2016–2018 гады.

4. Якая форму сухотаў найбольш цяжкая

У Беларусі паляпшаецца эпідаміялягічная сытуацыя. Але застаецца праблемай высокая распаўсюджанасьць тубэркулёзу з множнаснай лекавай устойлівасьцю. Найбольш цяжкая форма — сухоты з шырокай лекавай устойлівасьцю, калі хвароба не паддаецца лекаваньню прэпаратамі першага і другога шэрагу. Усё гэта прыводзіць да падаражаньня лекаваньня, больш доўгага тэрміну шпіталізацыі і неспрыяльнага сыходу.

5. Колькі каштуе лекаваньне аднаго пацыента

Лекаваньне ад сухотаў аднаго пацыента ў месяц у 2018 годзе абыходзілася ў Менску ў 87 тысяч рублёў, а ў Берасьцейскай вобласьці — 23 тысячы рублёў. Нізкі паказьнік на Берасьцейшчыне зьвязаны з праведзеным экспэрымэнтам, калі хворых на сухоты перавялі на амбуляторнае лячэньне. Цяпер берасьцейская мадэль уводзіцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

6. Устанавіць дыягназ можна цягам дзьвюх гадзін

Устанавіць дыягназ хворага на сухоты ў Беларусі можна цягам усяго дзьвюх гадзін. Высокая эфэктыўнасьць дыягностыкі дасягнутая з дапамогай Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і міжнароднай арганізацыі «Лекары бязь межаў».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

7. Калі ў Беларусі цалкам ліквідуюць хваробу

У 2016 годзе Беларусь заявіла, што ліквідуе небясьпечную хваробу да 2035 году.

8. Пацыенты адстойвалі свае правы

Хворы на сухоты 29-гадовы Вячаслаў Лабецкі аб'явіў галадоўку, патрабуючы ад лекараў пераводу на амбуляторнае лекаваньне. Ён паўгода ляжаў у закрытай лякарні ў Воўкавічах Дзяржынскага раёну — як ён казаў, «у фактычным зьняволеньні».

У 2017 годзе хворыя, якія знаходзіліся пад вартай у закрытым аддзяленьні Магілёўскага тубдыспансэра, заявілі, што адміністрацыя лякарні парушае іхныя правы.

Пацыенты закрытага аддзяленьня магілёўскага тубэркулёзнага дыспансэру, ілюстрацыйнае фота
Пацыенты закрытага аддзяленьня магілёўскага тубэркулёзнага дыспансэру, ілюстрацыйнае фота

9. Раней хварэлі бамжы, цяпер пасьпяховыя людзі

Раней сухоты лічыліся хваробай турмаў, бамжоў, людзей з так званых «сацыяльных нізоў». Аднак цяпер на яе хварэюць забясьпечаныя, пасьпяховыя людзі. У 2014 годзе паэт і музыка Алесь «Байсан» Плотка публічна прызнаўся, што захварэў на сухоты.

Алесь Плотка. Фота з Фэйсбуку
Алесь Плотка. Фота з Фэйсбуку

10. Да палітвязьняў у турмах падсаджвалі хворых на сухоты

Паводле старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, да палітвязьняў у беларускіх пэнітэнцыярных установах знарок падсаджвалі хворых на сухоты. Пра спробу заразіць яго на сухоты падчас зьняволеньня распавядаў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч. У сваёй кнізе «Турма і здароўе» былы палітвязень, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі называў сухоты ў ліку сур’ёзных пагрозаў жыцьцю ды здароўю чалавека ў няволі.

Нараджэнец Ашгабаду Дысыдэнт Чары Анамурадаў падхапіў сухоты ў менскай турме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG