Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі на форуме ў Таліне эўрапейскім палітыкам: «У Беларусі імітацыя рэформаў»


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў на форуме грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства», які адкрыўся сёньня ў Таліне.

Алесю Бяляцкаму далі слова адразу пасьля выступу прэзыдэнткі Эстоніі Керсьці Кальюлайд, якая адкрыла форум. Падаём асноўныя тэзы выступу беларускага праваабаронцы, былога палітвязьня Алеся Бяляцкага.

Пра месца Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве»

Дзеяньні Расеі накіраваныя на аслабленьне ЭЗ, працягваецца агрэсія Расеі супроць краінаў «Усходняга партнэрства» як пакараньне за наш эўрапейскі выбар.

Мэтанакіраваныя дзеяньні Расеі накіраваныя на аслабленьне Эўрапейскага Зьвязу, працягваецца агрэсія Расеі супроць краінаў «Усходняга партнэрства» як пакараньне за наш эўрапейскі выбар. Усё больш відавочны падзел краінаў «Усходняга партнэрства» на некалькі групаў. На групу краінаў, якія падпісалі дамову з Эўрапейскім Зьвязам, — Украіна, Грузія і Малдова, на тых, хто зьбіраецца гэта зрабіць — Армэнія, Азэрбайджан. І аўтсайдэр — гэта Беларусь.

Пра запрашэньне Лукашэнкі ў Брусэль

І Лукашэнка атрымлівае запрашэньне ў Брусэль. А чаму не, калі такое ж запрашэньне атрымаў Ільхам Аліеў, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Азэйрбайджане ня лепш за Беларусь, а нават горш? У Азэрбайджане працягваецца карусель з палітвязьнямі: адных выпускаюць, іншых садзяць, гэты працэс ідзе бясконца. Але можа хопіць сябе падманваць?

Выбары, судовая сыстэма, адсутнасьць грамадзянскіх і палітычных свабодаў — усё пастаўлена з ног на галаву. Можа, трэба сказаць адкрыта і ясна кіраўнікам гэтых краінаў, палітычным элітам, што хопіць хітрыць?

Пра новыя сотні арыштаваных у Беларусі

Патрэбны зразумелыя ясныя сыгналы для ўсіх краінаў «Усходняга партнэрства», але ў першую чаргу для тых, дзе сыстэматычна парушаюць правы чалавека — для Азэрбайджану і Беларусі.

Неабходна палітычная воля да зьменаў, а ня іх імітацыя.

Неабходна палітычная воля да зьменаў, а ня іх імітацыя. Як прыклад — гэтай вясной у Беларусі былі зноў масавыя і сацыяльныя пратэсты, якія вельмі хутка перарасталі ў палітычныя. Пратэсты прайшлі ў шмат якіх гарадах і ў выніку больш за тысячу чалавек былі затрыманыя, дзясяткі чалавек цяпер праходзяць у крымінальных справах, сярод іх грамадзянскія актывісты, лідэры незалежных прафсаюзаў.

Для палітычных рэпрэсій усё больш актыўна ўжываюць масавыя адміністрацыйныя арышты. У нас заўсёды нехта сядзіць. І сёньня таксама, і ўчора, і заўтра. Вельмі кепская ежа, антысанітарныя ўмовы ўтрыманьня, да палітвязьняў знарок падсаджваюць хворых на сухоты. Пры гэтым улады заяўляюць, а эўрапейскі суд пагаджаецца, што ў Беларусі нібыта няма палітычных зьняволеных.

Пра «плян Маршала» для Грузіі, Украіны і Малдовы

Для розных краінаў «Усходняга партнэрства» фармуецца розны парадак дня, але гэта не азначае, што прыцягальнасьць ідэі адзінай Эўропы меней важная для ўсіх нашых народаў.

Не акцэнтуецца ўвага на сытуацыі з правамі чалавека ў нашых краінах. Грамадзянская супольнасьць не разглядаецца як партнэр у дыялёгу, хочам ці не, але мы аказваемся ў лягеры краінаў другога гатунку.

У гэтай сытуацыі відавочнае прыняцьце асобнага своесаблівага пляну Маршала для Ўкраіны, Грузіі і Малдовы, адкрыцьця яснай пэрспэктывы для іх уваходжаньня ў Эўразьвяз. Калі гэтага не адбудзецца, значыць, будзе адкат і яны вернуцца ў пачатковы пункт, куды, пазбаўленая з розных прычын эўрапейскіх пэрспэктыў, цяпер вяртаецца Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG