Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што расказаў дырэктар Hoster.by, да якога сілавікі прыйшлі зь ператрусам, пра магчымасьць блякаваньня інтэрнэту


Сяргей Павалішаў
Сяргей Павалішаў

18 траўня ў рэдакцыю парталу Tut.bу і афіляваную кампанію Hoster.by прыйшлі сілавікі з Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Hoster.by — найбуйнейшы рэгістратар і тэхнічны адміністратар нацыянальных дамэнных зонаў .BY / .БЕЛ, а таксама адзіны ў краіне акрэдытаваны рэгістратар міжнародных дамэнаў.

Напярэдадні кіраўнік кампаніі Сяргей Павалішаў даў інтэрвію Onliner.by, у якім сярод іншага закрануў праблему блякаваньня рэсурсаў і «сувэрэннага інтэрнэту».

«Летась да 1 жніўня даменная зона .by прырасла на 1500 дамэнаў. Што было потым? Мінус 1900 за другое паўгодзьдзе. Гэта значыць, глябальна адбылося перакрыцьцё росту ў першым паўгодзьдзі. Па выніках 2020 году дамэнная зона .by спрацавала ў мінус: 12 000 зарэгістравана, выдалена 13 900, — адзначыў Сяргей Павалішаў. — Мы рэгулярна апытваем кліентаў, якія з тых ці іншых прычынаў адмаўляюцца ад падаўжэньня паслуг. Пераважная большасць казала: бізнэс ідзе на ліквідацыю, дзейнасьць прыпыняецца. Як ні круці, колькасьць новых бізнэсаў прыкметна скарацілася».

Улады Беларусі ўзялі кірунак на мінімізацыю альтэрнатыўнай інфармацыі, у тым ліку блякуючы незалежныя сайты. Ці рэальна зрабіць «сувэрэнны інтэрнэт»?

«Гэта нерэальна, — перакананы Сяргей Павалішаў. — Нават калі адкінуць цану пытаньня, на 100% блякаваньне і абмежаваньне ня можа быць рэалізавана. Заўсёды знойдуцца VPN, Tor ды іншыя тэхнічныя сродкі, якія дазволяць абысьці бар’еры. Урэшце, можна паехаць да мяжы Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі, Украіны, дастаць сім-карту мясцовага мабільнага апэратара — і частка тэрыторыі так ці інакш будзе пакрывацца апэратарам замежнай краіны. У жніўні мы разглядалі варыянт адправіць супрацоўнікаў у пошуках інтэрнэту да суседніх межаў. І гэта ня кажучы ўжо пра спадарожнікі Starlink — празь некалькі гадоў абяцаюць пакрыць Беларусь».

У рамках Беларусі можна стварыць кампутарную сетку, але гэта ня будзе аналягам інтэрнэту, дадае экспэрт. Нават у Кітаі большасьць блякаваньняў пасьпяхова абыходзяць — як законнымі, так і ня вельмі законнымі мэтадамі.

«Блякаваньне аказвае эфэкт на менш тэхналягічна падкаванае насельніцтва. Маладое пакаленьне без праблем падключыць VPN і абыдзе абмежаваньні. А людзі ва ўзросце, убачыўшы заблякаваную старонку, падумаюць: „Напэўна, нейкі збой, заўтра паспрабую адкрыць“. Блякаваньні сапраўды ёсьць, але яны не зусім эфэктыўныя. Практыка іншых краін сьведчыць, што спробы „кропкавых“ блякаваньняў маюць калясальныя наступствы для незьвязаных сэрвісаў. Пры блякаванні IP-адрасу Telegram выяўлялася, што там стаяць іншыя сэрвісы, нават дзяржаўныя».

Як кажа Сяргей Павалішаў, праз блякаваньне можна банальна «стрэліць сабе ў нагу».

«Думаеш, што блякуеш сайт, а ў цябе перастае працаваць паштовая служба ці пачынаюцца праблемы ў працы банкаў і кампаніі ня могуць падаць тэндэрныя прапановы. Усе складнікі інфраструктуры інтэрнэту паміж сабой шчыльна пераплеценыя, любое ўмяшаньне дрэннае. Я вельмі спадзяюся, што беларускія ўлады ня будуць ўмешвацца ў глябальную працу інтэрнэту ў Беларусі. Бо „сувэрэнны інтэрнэт“ — гэта мільёны даляраў, прычым не аднаразовая „інвэстыцыя“. Трэба ўвесь час падтрымліваць сыстэму, падобныя сумы спатрэбіцца укладваць штомесяц. Плюс рэпутацыйныя рызыкі. Замежны госьць карыстаецца інтэрнэтам, і абмежаваньні адаб’юцца на іміджы краіны», — падсумаваў кіраўнік Hoster.by.

У пачатку траўня дамэннай зоне .by споўнілася 27 гадоў. Апошні год у яе гісторыі можа стаць самым праблемным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG