Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН выступілі ў падтрымку зьняволеных беларускіх праваабаронцаў і журналістаў


Зьняволены праваабаронца Леанід Судаленка.
Зьняволены праваабаронца Леанід Судаленка.

Палітзьняволенаму праваабаронцу Леаніду Судаленку падоўжылі тэрмін пад вартай да 18 ліпеня

18 траўня завяршаўся папярэдні тэрмін утрыманьня пад вартай праваабаронцы і палітвязьня Леаніда Судаленкі. Сёньня стала вядома, што гэты тэрмін працягнулі зноў, на гэты раз да 18 ліпеня, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ужо з наступнага тыдня Судаленка можа пачаць азнаямленьне з матэрыяламі справы. Крымінальная справа гомельскага праваабаронцы непасрэдна зьвязаная зь перасьледам праваабарончага цэнтру, хоць яе і вылучылі ў асобнае вядзеньне.

Старшыню Гомельскага аддзяленьня «Вясны» затрымалі раніцай 18 студзеня па дарозе ў офіс у межах крымінальнай справы паводле частак 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Яшчэ 5 студзеня ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9 з паловай гадзін. Увесь гэты час там знаходзіўся і Судаленка. Пасьля ператрусу яго даставілі ў УБАЗіК, затым адпусьцілі. Таксама правялі ператрус у ягоным доме.

Пад вартай у сьледчых ізалятарах знаходзяцца таксама іншыя праваабаронцы і валянтэры — Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск) і Тацяна Ласіца (Рэчыца). Да гэтага часу ў розных гарадах працягваюцца допыты сяброў «Вясны», журналістаў, грамадзкіх актывістаў і грамадзян, якія зьвярталіся па дапамогу да праваабаронцаў.

Рада «Вясны» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненьні арганізацыі і яе сяброў і заявіла, што ніколі ня спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасьці.

Спэцдакладчыкі ААН зьвярнуліся да ўладаў Беларусі з запытам аб сытуацыі з праваабаронцамі і работнікамі СМІ

Праз сытуацыю з крыміналізацыяй уладамі Беларусі праваабарончай і журналісцкай дзейнасьці зь лістом да афіцыйнага Менску зьвярнуліся:

  • спэцдакладчык аб становішчы праваабаронцаў;
  • працоўная група па адвольных затрыманьнях;
  • спэцдакладчык аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
  • спэцдакладчык аб правах людзей зь інваліднасьцю;
  • спэцдакладчык аб заахвочваньні і абароне права на свабоду перакананьняў і іх свабоднае выказваньне;
  • спэцдакладчык аб правах на свабоду мірных сходаў і свабоду ўдзелу ў аб’яднаньнях;
  • спэцдакладчык аб незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў;
  • спэцдакладчык аб катаваньнях.

У лісьце зьмяшчаецца інфармацыя аб справах юрыстаў Офісу ў правах людзей зь інваліднасьцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, справе «Прэс-клюбу», справах праваабаронцаў ПЦ «Вясна» Марыі Рабковай, Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі, журналіста і праваабаронцы Андрэя Аляксандрава.

Спэцдакладчыкі выказалі занепакоенасьць выпадкамі жорсткага абыходжаньня і парушэньняў належнай прававой працэдуры ў дачыненьні праваабаронцаў, журналістаў і работнікаў СМІ.

Спэцдакладчыкі просяць урад:

  • даць любую дадатковую інфармацыю або камэнтары аб згаданых крымінальных справах;
  • даць інфармацыю аб юрыдычных і фактычных падставах, на якіх Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму прад’яўвілі абвінавачаньні ў махлярстве паводле артыкулу 209 КК, і растлумачыць, як гэта ўзгадняецца з абавязаньнямі Беларусі ў міжнародным праве. Таксама даць інфармацыю аб фактах жорсткага абыходжаньня зь імі;
  • паведаміць аб захадах, якія робяцца для забесьпячэньня таго, каб усе людзі, у тым ліку з абмежаванымі магчымасьцямі, маглі ў поўнай меры ажыцьцяўляць і абараняць свае правы ў Беларусі ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека;
  • даць інфармацыю аб юрыдычных і фактычных падставах, па якіх Юліі Слуцкай, Сяргею Альшэўскаму, Ганьне Шарко і Пятру Слуцкаму прад’явілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў;
  • даць юрыдычна і фактычна падмацаваную інфармацыю, згодна зь якой Леанід Судаленка абвінавачваецца паводле часткі 1 і 2 арт. 342 КК РБ, і патлумачыць, як гэта адпавядае абавязаньням паводле законаў міжнароднага права;
  • даць інфармацыю аб прычынах, чаму Леанід Судаленка, Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Сяргей Якупаў, Пятро Слуцкі, Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі ня мелі доступу да сваіх адвакатаў падчас допыту;
  • даць юрыдычна і фактычна падмацаваную інфармацыю аб новых абвінавачаньнях супраць Марыі Рабковай і патлумачыць, як яны адпавядаюць абавязаньням паводле законаў міжнароднага права;
  • паказаць любыя захады, прынятыя для прадухіленьня запалохваньняў або рэпрэсій, у тым ліку, дзе гэта неабходна, шляхам прыняцьця і рэалізацыі канкрэтнага заканадаўства і палітыкі для эфэктыўнай абароны тых, хто імкнецца да супрацоўніцтва або супрацоўнічаў з арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, яе прадстаўнікамі і мэханізмамі ў галіне правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG