Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія мытнікі спынілі кантрабанду беларускіх цыгарэт і зьнішчылі больш за 39 тон яблыкаў і груш зь Беларусі


Драўляныя дошкі, у якіх знайшлі кантрабандныя беларускія цыгарэты
Драўляныя дошкі, у якіх знайшлі кантрабандныя беларускія цыгарэты

Расейскія мытнікі працягваюць змагацца з кантрабандай беларускіх цыгарэт, а таксама з санкцыйнай прадукцыяй, якая трапляе ў Расею з тэрыторыі Беларусі.

Амаль паўтары тоны кантрабандных беларускіх цыгарэт

Амаль паўтары тоны нелегальных беларускіх цыгарэт выявілі супрацоўнікі мытнага паста «Турухтанны» Балтыйскай мытні, паведамляе Фэдэральная мытная служба Расеі. Партыю тавару спрабаваў вывезьці ў Нідэрлянды індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў Смаленску. Згодна з дэклярацыяй, у кантэйнэры перамяшчаліся піламатэрыялы (яловыя дошкі). Мытнікі выявілі ўсярэдзіне зьлепленых дошак 1,4 тоны цыгарэт NZ і NZ Safari (54,2 тысячы пачкаў) з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.

Паводле дасьледчай кампаніі Kantar TNS, доля нелегальных цыгарэт у Расеі ў першым квартале 2021 году склала 10,7%, палова зь іх мае беларускае паходжаньне.

Зьнішчылі больш за 39 тон яблыкаў і груш зь Беларусі

13 траўня на палігоне цьвёрдых камунальных адкідаў у Смаленскай вобласьці зьнішчылі больш за 39 тон яблыкаў і груш, увезеных зь Беларусі. Аўтамабілі з садавіной спынілі, калі яны ехалі з боку Беларусі ў аб’езд афіцыйных фітасанітарных кантрольных пастоў.

Груз накіравалі для праверкі спэцыялістам Рассельгаснагляду, якія выявілі ў адным аўтамабілі, які павінен быў перавозіць уцяпляльнік, схаваныя 18,79 тоны груш. Другі аўтамабіль перавозіў 20,34 тоны яблыкаў без суправаджальных дакумэнтаў. Кіроўцаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, паведамляе ўпраўленьне Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калускай абласьцях.

Расея даўно вядзе спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга, папаі ды інш.

Са жніўня 2015 году, пасьля таго як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні прадуктаў, якія падпалі пад расейскае харчовае эмбарга, на беларуска-расейскай мяжы пачалі канфіскоўваць, а пасьля зьнішчаць «санкцыйныя прадукты». Указ быў крокам у адказ на заходнія санкцыі за агрэсіўную палітыку Масквы супраць Украіны. У красавіку 2019 году Расея ўвяла забарону на ўвоз яблыкаў і груш зь Беларусі: Масква абвінавачвала Менск у пастаўках санкцыйнай прадукцыі з Эўропы пад выглядам беларускай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG