Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз маскоўскага мэтро паведаміў аб звальненьнях дзясяткаў супрацоўнікаў за падтрымку Навальнага


Аляксей Навальны ў маскоўскім мэтро, архіўнае фота.
Аляксей Навальны ў маскоўскім мэтро, архіўнае фота.

Маскоўскі мэтрапалітэн звольніў каля 40 чалавек, западозраных у падтрымцы апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

Пра гэта выданьню «Открытые медиа» паведаміў прадстаўнік незалежнага прафсаюзу мэтро Васіль Шалякоў. Імёны тых, хто страціў працу, як мяркуецца, былі ўзятыя з выкрадзенай базы сайта «Свободу Навальному».

Па словах Шалякова, кіраўніцтва прапануе супрацоўнікам звольніцца па ўласным жаданьні ці за прагул. Звальняюць, паводле яго слоў, нават калі чалавек на бальнічным, — у Расеі гэта незаконна.

У чацьвер дэпутат Масгардумы Міхаіл Ціманаў паведаміў, што паводле інфармацыі, якую ён мае, кіраўніцтва мэтрапалітэну прадпісала звольніць да некалькіх сотняў супрацоўнікаў, якія самі значыліся ў базе прыхільнікаў Навальнага або чые сваякі былі ў базе. Ён удакладніў, што гэтая інфармацыя не праверана. Двое звольненых прадставілі адпаведныя дакумэнты тэлеканалу «Дождь». Маскоўскі мэтрапалітэн сытуацыю пакуль не камэнтаваў.

  • У сакавіку каманда Навальнага, які цяпер у калёніі па крымінальнай справе аб махлярстве, анансавала вясновы мітынг за яго вызваленьне. Патэнцыйным удзельнікам было прапанавана рэгістравацца на сайце «Свободу Навальному». Час і месца правядзеньня акцыі меркавалася раскрыць толькі пасьля таго, як на сайце будуць сабраныя дадзеныя 500 тысяч удзельнікаў.
  • У сярэдзіне красавіка базу сайта выкралі. Зарэгістраваным у ёй удзельнікам пачалі прыходзіць лісты з пагрозамі расказаць пра іх палітычную пазыцыю працадаўцам. Дырэктар ФБК Іван Жданаў тады заяўляў, што тым, хто трапіў у базу, нічога не пагражае. Гэта адразу было аспрэчана спэцыялістамі па кампутарнай бясьпецы.
  • Ва ўцечцы базы абвінавацілі аднаго з былых супрацоўнікаў ФБК. Расьсьледаваньне каналу «Настоящее время» і «Медузы» высьветліла, што сьляды ўцечкі вядуць да Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG