Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Аляксея Навальнага распачалі новую крымінальную справу


Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу на Аляксея Навальнага і супрацоўнікаў ягоных фондаў Леаніда Волкава і Івана Жданава паводле артыкулу аб стварэньні і кіраваньні грамадзкай арганізацыяй, дзейнасьць якой зьвязана з гвалтам над грамадзянамі або прычыненьнем шкоды iх здароўю.

Справа была заведзеная яшчэ ў пачатку лютага, аднак вядома пра яе стала толькі цяпер. Яна згадваецца ў дакумэнтах у справе аб прызнаньні фондаў і штабоў Навальнага экстрэмісцкімі арганізацыямі, паведамляецца на сайце палітыка.

Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да чатырох гадоў. Акрамя таго, у траўні летась прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пашырыў інкрымінаваным апазыцыянэрам артыкулам сьпіс крымінальных абвінавачаньняў, асуджаным па якіх на працягу пяці гадоў нельга балятавацца на любыя выбарныя пасады, — нагадвае «Медиазона».

Іншых падрабязнасьцяў пра крымінальную справу пакуль няма. Навальны цяпер знаходзіцца ў калёніі ў крымінальнай справе васьмігадовай даўнасьці. Паводле прысуду, ён мусіць выйсьці на свабоду летам 2023 году.

Жданаў і Волкаў зьехалі за мяжу, апошняга ў сакавіку адмовілася затрымліваць на запыт з Расеі Літва. Ён зьяўляецца падазраваным у справе аб уцягваньні падлеткаў у незаконныя акцыі пратэсту і ў справе аб парушэньні санітарных нормаў на мітынгах.

  • Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны зь лютага знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакрове Ўладзімірскай вобласьці: суд прыгаварыў яго да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў тую справу неправамернай. У калёніі стан здароўя Навальнага рэзка пагоршыўся. З 31 сакавіка па 23 красавіка ён трымаў галадоўку пратэсту, патрабуючы дапусьціць да яго цывільных лекараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG