Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі суд прыпыніў дзейнасьць штабоў Навальнага


Аляксей Навальны

Маскоўскі гарадзкі суд прыпыніў дзейнасьць штабоў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага да рашэньня ў справе пазову аб прызнаньні іх экстрэмісцкімі арганізацыямі. Аб прыпыненьні дзейнасьці хадайнічала пракуратура.

У гэтым дакумэнце пракуратура запатрабавала забараніць штабам Навальнага «разьмяшчаць матэрыялы» ў інтэрнэце, арганізоўваць мітынгі і ўдзельнічаць у выбарах.

«Названая дзейнасьць уяўляе відавочную небясьпеку парушэньня правоў, свабод і законных інтарэсаў няпэўнага кола асобаў, а таксама інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі ў далейшым», — гаворыцца ў апублікаваным паплечнікам Навальнага Леанідам Волкавым хадайніцтве. Яна падпісаная пракурорам Масквы Дзянісам Паповым.

У гэтым жа дакумэнце згаданыя мітынгі 21 красавіка ў Маскве і іншых расейскіх гарадах — як прыклад «незаконнай масавай публічнай акцыі», арганізаванай «пры дапамозе сеткі інтэрнэт» (так у арыгінале).

«Дзяржава вельмі выразна і ясна адказвае на пытаньне аб тым, чаго баіцца Пуцін. Расьсьледаваньняў. Мітынгаў. Разумнага галасаваньня», — пракамэнтаваў Леанід Волкаў рашэньне суду.

Рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці Фонду барацьбы з карупцыяй пакуль не прынятае.

  • Аляксей Навальны зь лютага знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакрове Ўладзімірскай вобласьці, дзе адбывае пакараньне — тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў тую справу неправамернай. У калёніі стан здароўя Навальнага рэзка пагоршыўся.
  • З 31 сакавіка палітык 24 дні трымаў галадоўку: ён абвясьціў яе на знак пратэсту супраць таго, што не атрымлівае неабходнай мэдычнай дапамогі, і пры гэтым да яго не дапускаюць ягонага лекара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG